Да Рымлянаў 9 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Праўду кажу ў Хрыстусе, ня лгу — сьветчыць мне маё сумленне ў Духу Святым —
 
Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,

што маю вялікую журбу й неадступны ад сэрца майго боль;
 
што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму:

я бо сам гатоў быў на анатэму ад Хрыстуса за братоў маіх, родных мне целам;
 
я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці;

гэта знача, Ізраэльцаў, якім належыцца усынаўленне і слава, і запавет, і заканадаўства, і багаслужба, і абяцанні;
 
гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні;

іх-жа й айцы, ад іх і Хрыстус паводле цела, істы над усімі Бог багаслаўлёны навекі. Амэн.
 
іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін.

Алеж ня так, каб слова Божае ня збылося: ня ўсе бо тые з’яўляюцца Ізраэльцамі, што паходзяць ад Ізраэля
 
Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля,

ды ня ўсе нашчадкі Абрагама ёсьць ягонымі сынамі, але: ад Ізаака звацімецца тваё насенне (Быць. 21:12),
 
і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): «у Ісааку назавецца табе семя».

гэта знача: ня сыны цела ёсьць Божымі за насенне (патомкаў).
 
Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці — дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя.

А словы празначэння вось гэткія: у гэным-жа часе прыйду і Сара будзе мець сына (Быць. 18:10).
 
А слова абяцаньня такое: «у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын».

дый ня толькі яна, але і Рэбэка, зачаўшая з Ізаакам айцом нашым за адным разам двух сыноў.
 
І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага;

І калі яны яшчэ ня былі нарадзіліся ды не зрабілі яшчэ нічога добрага ні благога — каб пастанова Божага выбранства засталася ненарушанай —
 
бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць

не з учынкаў, але з волі Паклікаўшага, было ёй сказана: большы будзе служыць меншаму (Быць. 25:23),
 
залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), — сказана было ёй: «большы будзе ў паслужэньні ў меншага»,

як напісана: Якуба я палюбіў, а да Эзава нехаць меў (Мал. 1:2−3).
 
як і напісана: «Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў».

Што на гэта скажам? Мо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!
 
Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не!

Бо-ж Ён сказаў Майжэшу: Зжалюся над тым, каго шкадую, а зласкаўлюся над тым, да каго літасьць чую (Быць. 33:19).
 
Бо Ён кажа Майсею: «каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую».

Восьжа, не ад задаючага, ці ад забягаючага зьлітаванне залежыць, але ад Бога мілуючага.
 
Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе.

Пісанне бо кажа Фараону: Натое Я й паставіў цябе, каб паказаць над табою моц маю, ды каб маё імя па ўсёй зямлі было абвяшчана (Вый. 9:16).
 
Бо Пісаньне кажа фараону: «На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі».

Дык — каго хоча пашчаджае, а каго хоча закамяняе.
 
Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім.

Ты мо скажаш мне: заштож яшчэ вінаваціць грэшнікаў? Хто бо супрацівіцца волі Ягонай?
 
Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай?

А штож ты за-такі, чалавеча, што з Богам спрачаешся? Ціж пытаціме гліняная знадоба зьляпіўшага яе: чаму ты мяне гэткім згарусьціў?
 
А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў?

Ці ня ўладны ганчар над глінаю, каб з тагож месіва зрабіць адну судзіну на пачэсную патрэбу, а другую на нізкую?
 
Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі — на буднае?

Штож, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і ўнаяўніць сваё магуцтва велецярпліва шчадзіў судзіны гневу, гатовыя ў патрату,
 
Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель,

каб аказаць такжа багацьці свае хвалы і над судзінамі міласэрдзя, к хвале прыдбанымі,
 
каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, —

гэта знача: над намі, пакліканымі ня толькі з Юдэеў, але і паганаў;
 
над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў?

як у кнізе Озэаша (2:23) кажа: Ня мой народ назаву маім народам, а нялюбую — любаю;
 
Як і ў Асіі кажа: «ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю».

і станецца, што на тым месцы, дзе было ім сказана: «Вы ня мой народ» — там сынамі Бога жывога названыя будуць (Оз. 1:10).
 
І на тым месцы, дзе сказана ім: «вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога».

а Ізаяш наўскліч прарочыць аб Ізраэлі: Хоцьбы сыны ізраэльскія лікам былі моў пясок у моры — збавяцца толькі астанкі!
 
А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: «хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца;

Давяршаючы бо слова і прысьпешваючы справядлівасьць, рашуча зьдзесьніць Госпад яго на зямлі (Із. 22−23).
 
бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі».

І як запрарочыў тойжа Ізай: Каліб Госпад Сабаот не пакінуў быў нам патомства, дык мы сталісяб моў Содома ды ўпадобнілісяб да Гоморы (Із. 1:9).
 
І як прадказаў Ісая: «калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы».

Штож скажам? Пагане, якія ня шукалі праведнасьці, асягнулі праведнасьць, але праведнасьць зь веры;
 
Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры;

а Ізраэль, шукаўшы закону праведнасьці, не дасягнуў таго закону.
 
а Ізраіль, які шукаў закона праведнасьці, не дайшоў да закона праведнасьці.

Чаму? Бо шукаў яго ня ў веры, а ў учынках моў Закону: спатыкнуліся, бач, аб камень спатыку;
 
Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закона; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,

як напісана: Кладу вось на Сыоне камень спатыку і скалу абурэння, а кажны, хто ў яго верыць, ня будзе застуджаны (Із. 8:14).
 
як напісана: «вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца».