Да Рымлянаў 10 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Браты, жадзенне сэрца майго й гарачая малітва да Бога за іхняе збаўленне.
 
Браты! упадабаньне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраіля на збавеньне.

Я бо ім сьветчу, што яны маюць для Бога руплівасьць, але неразважную.
 
Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, а не паводле розуму.

Не разумеючы справядлівасьці Божай, а намагаючыся ўстанавіць сваю, яны не паддаюцца Божай справядлівасьці.
 
Бо, не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай;

Бо-ж мэтай Закону — Хрыстус на ўсправядліўленне кажнаму веручаму.
 
бо канец закона — Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму.

Майжэш аб усправядліўленні з Закону піша: чалавек яго выконываючы будзе ў ёй жыць (Лев. 18:5).
 
Майсей піша пра праведнасьць ад закона: «чалавек, які яго выконвае, жыць будзе ім».

А справядлівасьць зь веры гэтак вось кажа: Не гавары ў сэрцы тваім: хтож узыйдзе ў неба? — гэта знача зьвясьці ўніз Хрыстуса —
 
А праведнасьць ад веры так кажа: «не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба?» — каб Хрыста зьвесьці;

або: Хтож зыйдзе ў продню? (Паўт. Пр. 30:12−13) — гэта знача: Хрыстуса вывесьці з гробу мяртвых.
 
альбо: «хто сыдзе ў бездань?» — каб Хрыста зь мёртвых узьвесьці.

Што, восьжа, Пісанне кажа? Блізка цябе Слова, ў тваіх вуснах, у сэрцы тваім (Паўт. Пр. 30:14) — знача слова веры, якое весьцім.
 
А што кажа Пісаньне? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім» — слова веры, якое прапаведуем.

Бо калі ты вуснамі тваімі вызнавацімеш Езуса Усеспадара, а ў сэрцы будзеш верыць, што Бог яго збудзіў зь мяртвых, дык збавішся;
 
Бо калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты выратуешся;

сэрцам бо верыцца дзеля ўсправядліўлення, а вуснамі вызнаецца на збаўленне.
 
бо сэрцам вераць дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збавеньне.

Пісанне-ж кажа: Хто ў яго верыць, застыджаны ня будзе (Із. 28:16).
 
Бо Пісаньне кажа: «кожны, хто верыць у Яго, не пасаромлены будзе».

Няма бо рожніцы між Юдэем і Грэкам, адзін-жа Госпад усіх, шчодры для ўсіх, Яго ўзываючых.
 
Тут няма розьніцы паміж Юдэем і Элінам, бо адзін Гасподзь ва ўсіх, шчодры да ўсіх, хто Яго заклікае.

А кажны, хто ўзывае імя Госпадава, будзе збаўлёны. (Ёэль 2:32).
 
Бо «кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца».

Але як узываць таго, ў каго ня ўверылі? Або як уверыць таму, якога ня чулі? Ды як пачуюць без абвяшчаючага?
 
Але як паклікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? як пачуць без прапаведніка?

І як абвяшчаць, калі ня будуць пасланыя? Напісанаж: О, як гожыя ногі дабравесьнікаў, супакой спавяшчаючых! (Із. 52:7).
 
І як прапаведаваць, калі ня будзе пасланых? як напісана: «якія прыгожыя ногі ў вястуноў міру, вястуноў добрай весткі!»

Адыж ня ўсе паслухалі Эванэліі, бо Ізаяш кажа: Усеспадару, хтож паверыў пачутаму ад нас? (Із. 53:1).
 
Але ня ўсе паслухаліся зьвеставаньня. Бо Ісая кажа: «Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас?»

Дык вера ад слухання, а слуханне праз Хрыстовае слова.
 
Такім чынам, вера ад слуханьня, а слуханьне — ад слова Божага.

Але пытаю: Ціж ня чулі? То-ж: Па ўсёй зямлі разнёсся голас іх, а словы іхнія на край сьвету. (Пс. 18:5).
 
Але пытаюся: хіба яны ня чулі? Наадварот, «па ўсёй зямлі прайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету іхнія словы».

Ды яшчэ скажу: Ціж Ізраэль ня ведаў? Першы Майжэш гавора: Я праз не народ давяду вас да запаздросьлівасьці, угняўлю вас на народ нецямлівы. (Паўт. Пр. 32:21).
 
Яшчэ пытаюся: хіба Ізраіль ня ведаў? Першы кажа Майсей: «Я ўзбуджу ў вас рупнасьць не народам, раздражню вас народам бязглуздым».

А Ізаяш дабітней кажа: Няшукаўшыя знайшлі Мяне, Я аб’явіўся няпытаўшым Мяне. (Із. 65:2).
 
А Ісая сьмела маўляе: «Мяне знайшлі тыя, хто ня шукаў Мяне, Я адкрыўся тым, хто ня пытаўся пра Мяне».

Аб Ізраэлю-ж кажа: Праз дзень цэлы выцягваў Я рукі Мае да народу непаслухмянага і упорытсага. (Із. 65:1).
 
А пра Ізраіля кажа: «цэлы дзень Я працягваў рукі Мае да люду няслухмянага і ўпарцістага».