Да Рымлянаў 5 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Дык вось, апраўдаўшыся вераю, мейма згоду з Богам праз Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса,
 
Дык вось, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

празь Якога, мы й маем доступ да ласкі празь веру, ў якой стаімо і ганарымся надзеяй хвалы Божае.
 
празь Якога вераю і атрымалі мы доступ да той мілаты, у якой стаім і хвалімся надзеяю на славу Божую.

Дый не адным тым, але хвалімся й прыгнобаю, ведаючы, што прыгноба вытварае цярплівасьць,
 
І ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць,

цярплівасьць-жа — досьлед, а досьлед — надзею;
 
ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея,

надзея-ж не бянтэжыць, бо міласьць Божая разьлітая ў сэрцах нашых праз Духа Святога, нам данага.
 
а надзея не ганьбуе, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, Які дадзены нам.

Хрыстус бо, як мы былі яшчэ недасілкамі, сваечасна ўмёр за нясубожных;
 
Бо Хрыстос, калі яшчэ мы былі нямоглыя, ва ўстаноўлены час памёр за бязбожнікаў.

а бадай ніхто ня ўмірае за праведніка, хібаб за дабрадзейніка то мо’ хтоб і наважыўся памерці.
 
Бо наўрад ці хто памрэ за праведніка; хіба што за дабрачынца, магчыма, хто і адважыцца памерці.

Але Бог аказвае нам міласьць праз тое, што Хрыстус умёр за нас, як мы былі яшчэ грэшнікамі;
 
А Бог Сваю любоў даказвае нам тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікі, Хрыстос памёр за нас.

дык тым-болей цяпер, як ужо апраўданы Ягонай крывёю, будзем празь яго ўхаваныя ад гневу.
 
Таму тым болей цяпер, калі мы апраўданыя Крывёю Ягонаю, ратуемся Ім ад гневу.

Бо калі будучы няпрыязнымі, мы пагоджаныя з Богам празь сьмерць Ягонага Сына, дык тым-болей, будучы пагоджанымі збавімся праз жыцьцё Ягонае.
 
Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным;

Дый ня толькі гэта, бо і ганарымся Богам празь Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага, дзякуючы Якому атрымалі мы цяпер пагадненне.
 
і мала таго, але і хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, празь Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.

Таму вось, як праз аднаго чалавека ўвайшоў у сьвет грэх, а праз грэх сьмерць, гэтак і на ўсіх людзей сьмерць перайшла, бо ў ім усе зграшылі.
 
А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх — сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі.

Быў грэх на сьвеце і перад Законам, але ня прызнаваўся віною, бо ня было Закону.
 
Бо і да закона грэх быў у сьвеце; але грэх не залічваецца, калі няма закона.

Сьмерць аднак валадарыла ад Адама аж да Майжэша, навет над тымі, што не зграшылі праступкам на падобу Адама, які зьяўляецца фігурай будучага.
 
Аднак жа сьмерць панавала ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі падобна правіннасьці Адама, які ёсьць вобраз будучага,

Але дар ласкі ня гэткі, як было праступства; бо калі цераз праступак аднаго памярлі многія, дык шмат болей у ласку Божую і дар з ласкі аднаго чалавека, Езуса Хрыстуса, аплываюць многія.
 
але дар мілаты ня як правіна. Бо праз правіну аднаго памерлі многія, дык тым больш мілата Божая і дар празь мілату аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, шчодра красуюць для многіх.

І ня так ёсьць з грахом аднаго, як з дарам; бо суд за адзін грэх дае асуджэнне, ласка-ж за шмат грахоў дае апраўданне.
 
І дар ня як суд за аднаго грэшніка; бо суд за адну правіну прыносіць асуду, а дар мілаты за многія правіны — апраўданьне.

Калі бо ад праступку аднаго чалавека сьмерць празь яго заваладала, то шмат багацей прыймаючы шчодрыя ласкі й дар апраўдання валадарыцімуць у жыцьці праз аднаго Езуса Хрыстуса.
 
Бо калі за правіну аднаго сьмерць панавала праз аднаго, дык тым болей тыя, што прымаюць шчадроты мілаты і дар праведнасьці, будуць панаваць у жыцьці праз адзінага Ісуса Хрыста.

Вось-жа, як праз грэх аднаго — усім людзям засуд, так праз праведнасьць аднаго — усім людзям апраўданне жыцьця.
 
Вось таму, як праз правіну аднаго ўсім людзям асуда, так і праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне да жыцьця.

Бо як празь непаслухмянасьць аднаго чалавека многія сталіся грэшнікамі, так праз паслухмянасьць аднаго многія сталіся апраўданымі.
 
Бо, як празь непаслушэнства аднаго чалавека зрабіліся многія грэшнікамі, так і праз паслушэнства аднаго стануць праведнымі многія.

Закон-жа прыйшоў пазьней, каб увыдатніць праступак, але дзе увыдатніўся праступак, там яшчэ выдатней памножвалася ласка,
 
А закон прыйшоў пасьля, і так памножыліся правіны. А калі памножыўся грэх, шчодра закрасавала мілата,

каб, як грэх валадарыў сьмерцяносна, так і ласка валадарыла праз праведнасьць на жыцьцё вечнае празь Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага.
 
каб, як грэх панаваў дзеля сьмерці, так і мілата запанавала праз праведнасьць дзеля жыцьця вечнага Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.