Да Рымлянаў 7 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Ціж вы ня ведаеце, браты, (гавару бо знаючым Закон), што дакуль чалавек жыве, над ім валадарыць Закон?
Хіба вы ня ведаеце, браты, — бо кажу тым, хто абазнаны ў законе, — што закон мае ўладу над чалавекам, пакуль чалавек жывы?
Так вось замужняя жанчына прывязана правам да жывога мужа, а як муж памрэ, яна звальняецца ад права, вязучага з мужам;
Замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; а калі памрэ муж, яна вызваляецца ад закона замужжа.
таму-то называцімецца чужаложніцай, каліь пры жыцьці мужа выйшла за другога; калі-ж памрэ, яна вольная ад права й не ўважацімецца блудадзейкай у замужжы з другім.
А таму, калі пры жывым мужы яна выйдзе за другога, будзе называцца пералюбніцаю; а калі памрэ муж, яна вольная ад закона і ня будзе пералюбніцаю, як выйдзе за другога мужа.
Гэтак і вы, браты мае, ўмярлі для Закону праз Цела Хрыстусава, каб належаць другому, Згробуўсталаму, ды быць Богу плённымі.
Гэтак і вы, браты мае, памерлі для закона Целам Хрыстовым, каб належаць Іншаму, Уваскрэсламу зь мёртвых, каб прынесьлі мы плод Богу.
Бо-ж як мы былі ў целе, тады грэшныя похаці, што праз Закон былі выяўляныя, дзеелі ў чэлесах нашых, каб даваць плён сьмерці;
Бо, калі мы жылі целам, тады шалы грахоўныя, што выяўляюцца праз закон, дзейнічалі ў чэлесах нашых, каб прыносіць плод сьмерці,
цяпер-жа мы вызваленыя ад амярцьвяюча путаўшага нас Закону, так што служым абнове духа, а ня водле застарэлае літары.
а цяпер, памершы для закона, якім былі зьвязаныя мы вызваліліся зь яго, каб служыць (Богу) на абнаўленьне ў духу, а не паводле старой літары.
І штож скажам? Закон грахом ёсьць? Зусім не! Дыкжа я не йнакш пазнаў грэх як толькі праз Закон. Я ня ведаўбы пажадлівасьці, каліб Закон не гаварыў: Не пажадай (Выйсьць. 20:16−17).
Што ж скажам? няўжо ад закона грэх? Зусім не; але я ня інакш спазнаў грэх, як праз закон, бо я не разумеў бы і жаданьня, калі б закон не ўказаў: не пажадай.
Але грэх, які ўзяўся з нагоды прыказання, (забароны), збудзіў у-ва мне ўсякую пажадлівасьць; без закону бо грэх быў мяртвы.
Але грэх, узяўшы прычыну з запаведзі, абудзіў ува мне розныя жаданьні; бо без закона грэх мёртвы.
І я жыў калісь без Закону, але як прыйшло прыказанне, дык грэх ажыў,
Я жыў калісьці без закона; але калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў,
а я памёр; і праканаўся, што прыказанне, данае мне на жыцьцё, ёсьць на сьмерць;
а я памёр; і такім чынам запаведзь на жыцьцё паслужылася мне на сьмерць,
дзеля таго, што грэх, які ўзяўся з нагоды прыказання, зьвёў мяне й забіў ім.
бо грэх, узяўшы прычыну з запаведзі, увёў мяне ў спакусу і забіў ёю.
Закон, восьжа, сьвяты і прыказанне ёсьць сьвятое, справядлівае і добрае.
Таму закон сьвяты, і запаведзь сьвятая і праведная і добрая.
Дык няўжо тое, што добрае, сталася мне сьмерцю? Барані Божа! Гэта грэх, аказваючыся грахом, праз дабро спрычыняе мне сьмерць, каб праз прыказанне (дабро) стаўся грахом церазьмерным.
Дык вось, няўжо добрае зрабілася мне сьмертаносным? Зусім не; але грэх, які выявіўся грэхам, бо праз добрае нясе мне сьмерць, так што грэх робіцца занадта грэшным праз запаведзь.
Бо-ж мы ведаем, што Закон ёсьць духовы, а я цялесны, запраданы граху.
Бо мы ведаем, што закон — духоўны, а я плоцкі, прададзены грэху.
Не разумею бо, што раблю, ды ня тое раблю, дабро, якога хочу, але благое, якога ненавіджу, тое раблю.
Бо не разумею, што раблю; таму што ня тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, тое раблю.
А калі тое раблю, чаго ня хочу, то прызнаю, што Закон добры,
А калі раблю тое, чаго не хачу, дык згаджаюся з законам, што ён добры,
і цяперака ўжо не я раблю, але грэх, што жыве ў-ва мне.
а таму ўжо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.
Ведаю, што ў ва мне, гэта знача ў целе маім, не прабывае дабро; бо хаценне дабра пры мне ёсьць, але выканаць яго не знайходжу спосабу.
Бо ведаю, што ня жыве ўва мне, гэта значыцца, у плоці маёй, добрае; бо жадаць дабра я магу, а рабіць яго — не.
Не раблю бо дабра, якога жадаю, а — благое, каторага ня хочу, раблю.
Добрага, якога хачу, не раблю, а ліхое, якога не хачу, раблю.
А калі раблю тое, чаго ня хочу, дык ужо не я раблю гэта, але грэх, што сядзіць у-ва мне.
А калі раблю тое, чаго не хачу, дык ужо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.
І вось я знайходжу закон у-ва мне, што як замышляю рабіць добрае, дык благое да мяне прыстае;
Дык вось, я знаходжу закон: што, калі хачу рабіць добрае, ува мне сядзіць благое;
любуюся Божым Законам, як прыстоіць нутраному чалавеку,
бо ва ўнутраным чалавеку я маю задавальненьне ад закона Божага,
але бачу іншы закон у чэлесах маіх, што працівіцца закону майго розуму, палонячы мяне пад закон граху, які знайходзіцца ў маім целе.
а ў чэлесах маіх бачу іншы закон, які ваюе супроць закона розуму майго і робіць мяне палонным закона грахоўнага, які ў чэлесах маіх.
Бяздольны чалавек я! Хто мяне выбавіць ад гэтага цела сьмерці?
Няшчасны я чалавек! хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?
Ласка Божая праз Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага! А так я сам розумам служу Божаму Закону, а целам закону граху.
Дзякую Богу (майму) празь Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я служу розумам закону Божаму, а плоцьцю — закону грахоў.