Да Рымлянаў 5 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Дык, аправіўшыся вераю, мы маем мір із Богам пераз Спадара нашага Ісуса Хрыста,
 
Дык вось, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

Пераз Каторага вераю й адзяржалі мы прыступ да тае ласкі, у каторай стаім і хвалімся надзеяю славы Божае.
 
празь Якога вераю і атрымалі мы доступ да той мілаты, у якой стаім і хвалімся надзеяю на славу Божую.

І не адно ёю, але хвалімся й атугаю, ведаючы, што атуга вытварае цярплівосьць,
 
І ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць,

Ад цярплівосьці ўзумеласьць, ад узумеласьці надзея,
 
ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея,

А надзея не засароме, бо міласьць Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, даным нам.
 
а надзея не ганьбуе, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, Які дадзены нам.

Бо, як мы яшчэ млявыя былі, Хрыстос у належным часе памер за бязбожных.
 
Бо Хрыстос, калі яшчэ мы былі нямоглыя, ва ўстаноўлены час памёр за бязбожнікаў.

Бо за справядлівага бадай ніхто не памрэць, яшчэ бо за добрага можа хто й адважыўся б памерці.
 
Бо наўрад ці хто памрэ за праведніка; хіба што за дабрачынца, магчыма, хто і адважыцца памерці.

Але Бог Сваю міласьць да нас даводзе тым, што, як мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памер за нас.
 
А Бог Сваю любоў даказвае нам тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікі, Хрыстос памёр за нас.

Затым пагатове цяпер, будучы аправеныя Крывёю Ягонай, спасемся Ім ад гневу.
 
Таму тым болей цяпер, калі мы апраўданыя Крывёю Ягонаю, ратуемся Ім ад гневу.

Бо, калі, будучы непрыяцелямі, мы былі пагоджаны з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык пагатове, пагадзіўшыся, спасемся жыцьцём Ягоным.
 
Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным;

І ня толькі гэтак, але й хвалімся Богам пераз Спадара нашага Ісуса Хрыста, пераз Каторага мы адзяржалі цяпер пагаджэньне.
 
і мала таго, але і хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, празь Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.

Затым, як пераз аднага чалавека ўвыйшоў на сьвет грэх, а пераз грэх — сьмерць, так увыйшла сьмерць на ўсіх людзёў, бо ў ім усі ізграшылі.
 
А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх — сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі.

Бо й да Закону быў грэх на сьвеце; але грэх не залічаецца, як няма Закону.
 
Бо і да закона грэх быў у сьвеце; але грэх не залічваецца, калі няма закона.

Сьмерць, адылі, радзіла ад Адама аж да Масея і тых, што не грашылі падобна да выступу Адамовага, каторы ёсьць абраз прыйдучага.
 
Аднак жа сьмерць панавала ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі падобна правіннасьці Адама, які ёсьць вобраз будучага,

Але не як выступ, быў свабодны дар. Бо калі пераз выступ аднаго шмат памерла, шмат балей ласка Божая а дар із ласкі тае аднае Людзіны Ісуса Хрыста шчодра выліты на шмат.
 
але дар мілаты ня як правіна. Бо праз правіну аднаго памерлі многія, дык тым больш мілата Божая і дар празь мілату аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, шчодра красуюць для многіх.

І дар не як дзеяньне грэху таго аднаго чалавека; бо суд за адзін выступ на засуджэньне, а дар на аправеньне ад шмат выступаў.
 
І дар ня як суд за аднаго грэшніка; бо суд за адну правіну прыносіць асуду, а дар мілаты за многія правіны — апраўданьне.

Калі, з прычыны выступу аднаго чалавека сьмерць радзіла пераз аднаго таго чалавека, шмат больш тыя, што прыймуць багацьце ласкі і дар справядлівасьці, будуць радзіць у жыцьцю пераз таго аднаго Ісуса Хрыста.
 
Бо калі за правіну аднаго сьмерць панавала праз аднаго, дык тым болей тыя, што прымаюць шчадроты мілаты і дар праведнасьці, будуць панаваць у жыцьці праз адзінага Ісуса Хрыста.

Затым, як выступ аднаго прыводзе на ўсіх людзёў засуджэньне, так учынак справядлівасьці прыводзе ўсіх людзёў да аправеньня жыцьця.
 
Вось таму, як праз правіну аднаго ўсім людзям асуда, так і праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне да жыцьця.

Бо, як непаслухменствам аднаго чалавека шмат хто стаў грэшным, так і паслухменствам Аднаго стане справядлівым шмат хто.
 
Бо, як празь непаслушэнства аднаго чалавека зрабіліся многія грэшнікамі, так і праз паслушэнства аднаго стануць праведнымі многія.

Закон прышоў пасьлей, і памнажыўся выступ; але йдзе грэх збытна памнажыўся, тым больш была збытная ласка,
 
А закон прыйшоў пасьля, і так памножыліся правіны. А калі памножыўся грэх, шчодра закрасавала мілата,

Каб, як грэх радзіў у сьмерці, так і ласка радзіла пераз справядлівасьць да жыцьця вечнага перазь Ісуса Хрыста, Спадара нашага.
 
каб, як грэх панаваў дзеля сьмерці, так і мілата запанавала праз праведнасьць дзеля жыцьця вечнага Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.