Да Рымлянаў 16 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Даручаю вам Фебу, сястру нашу, якая служыць Касцёлу ў Кенхрах.
 
Паручаю вам Фіву, сястру нашу, служэбку царквы ў Кенхрэі,

Прыміце яе ў Пану, як належыць святым, і забяспечце яе тым, чаго яна магла б патрабаваць ад вас, бо і яна была апякункай многіх ды і мяне самога.
 
Каб вы яе прынялі ў Спадару, як гожа сьвятым, і памаглі ёй, чаго б патрабавала, бо таксама яна была памачніцаю шмат каму й імне самому.

Прывітайце Прысцылу і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Езусе,
 
Паздаровайце Прыськілу а Аквілу, супрацаўнёў маіх у Хрысту Ісусу,

якія рызыкавалі сабой дзеля мяне, якім не толькі я дзякую, але і ўсе Касцёлы язычнікаў.
 
Каторыя рызыкавалі горлам сваім за жыцьцё мае, каторым ня я толькі ўдзячны, але таксама ўсі цэрквы іншых народаў;

Прывітайце таксама Касцёл, які збіраецца ў іх доме. Прывітайце ўмілаванага майго Эпэнэта, які першым адкрыў Азію для Хрыста.
 
Таксама хатнюю царкву іхную . Паздаровайце Епінета, любовага майго, каторы ё першым пладом Азі дзеля Хрыста.

Прывітайце Марыю, якая шмат працавала для вас.
 
Паздаровайце Марыю, каторая шмат папрацавала дзеля вас.

Прывітайце Андроніка і Юнія, родных маіх і сувязняў маіх, якія вылучаюцца між Апосталаў і былі ў Хрысце раней за мяне.
 
Паздаровайце Андроніка а Юна, сваякоў а сувязьняў маіх, славутых сярод апосталаў, каторыя запраўды ўперад за мяне былі ў Хрысту.

Прывітайце Ампліята, умілаванага майго ў Пану.
 
Паздаровайце Ампля, любовага майго ў Спадару.

Прывітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысце, і Стахія, умілаванага майго.
 
Паздаровайце Гурбана, супрацаўня нашага ў Хрысту, а Стаха, любовага майго.

Прывітайце Апэлеса, выпрабаванага ў Хрысце. Прывітайце тых, хто з дому Арыстобуля.
 
Паздаровайце Апеля, дазнанага ў Хрысту. Паздаровайце Арыставулавых.

Прывітайце Ірадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, хто з дому Нарцыза, якія належаць Пану.
 
Паздаровайце Радзівона, сваяка майго. Паздаровайце Нарцызавых, каторыя ў Спадару.

Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Пану. Прывітайце ўмілаваную Персіду, якая шмат папрацавала ў Пану.
 
Паздаровайце Трыфену а Трыфосу, што працуюць у Спадару. Паздаровайце Пэрсыду любовую, што шмат папрацавала ў Спадару.

Прывітайце Руфа, выбранага ў Пану, ды маці яго і маю.
 
Паздаровайце Руфа, абранца ў Спадару, і маці ягоную а маю.

Прывітайце Асінкрыта, Флегонта, Гермеса, Патроба, Гермаса ды іншых з імі братоў.
 
Паздаровайце Асынкрыта, Флегона, Гэрма, Патрова, Гэрмена і братоў зь імі.

Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх з імі святых.
 
Паздаровайце Філёлёґа а Юлю, Нірэя а сястру ягоную а Алімпа а ўсіх сьвятых ізь імі.

Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Касцёлы Хрыста.
 
Здаровайце адны адных із цалаваньням сьвятым. Здароваюць вас усі цэрквы Хрыстовы.

Прашу вас, браты, сцеражыцеся тых, хто сее падзелы і спакусы насуперак вучэнню, якому вы навучаныя. Ухіляйцеся ад іх.
 
Малю ж вас, браты, зважайце на тых, што ствараюць падзелы а спадманы напярэк навуццы, каторай вы навучыліся, і адхінайцеся ад іх;

Бо такія служаць не Пану нашаму Хрысту, а свайму чэраву, і мілай гаворкай ды красамоўствам зводзяць сэрцы прастадушных.
 
Бо такія служаць не Спадару нашаму Ісусу Хрысту, але собскаму чэраву свайму, і ліпкой моваю і лісьлівай моваю зводзяць сэрцы простых.

Вашая паслухмянасць вядома ўсім, таму радуюся за вас. Хачу, каб вы былі мудрыя ў добрым і незаплямленыя злом.
 
Бо ваша паслухменства дайшло да ўсіх; затым я цешуся з вас, але зычу быць мудрымі да дабра, а простымі да ліха.

А Бог спакою неўзабаве скрышыць сатану пад вашымі нагамі. Ласка Пана нашага Езуса Хрыста няхай будзе з вамі.
 
Бог жа супакою патрышча шайтана пад нагамі вашымі неўзабаве. Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з вамі! Амін.

Вітае вас Цімафей, супрацоўнік мой, ды Луцый, Язон і Сасіпатар, сваякі мае.
 
Здароваюць вас Цімох, супрацавень мой, а Луц а Ясон а Сосыпатра, сваякі мае.

Вітаю вас у Пану і я, Тэрцый, які напісаў гэтае пасланне.
 
Здароваю вас у Спадару і я Тэрт, што пісаў гэты ліст.

Вітае вас Гай, які прымае мяне, і ўвесь Касцёл. Вітае вас Эраст, гарадскі скарбнік, і брат Кварт.
 
Здаровае вас Ґай, гаспадар дамовы мой і ўсяе царквы. Здаровае вас Эраст, скарбнік месцкі, а брат Кварт.

[отсутсвует]
 
Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

Таму, хто можа ўмацаваць вас паводле майго дабравесця і прапаведавання Езуса Хрыста, паводле аб’яўлення таямніцы, якую замоўчвалі вякамі,
 
А таму, Каторы можа змацніць вас подле дабравесьці мае і абяшчаньня Ісуса Хрыста, подле аб’яўленьня тайны, ад часоў вечных замоўчанае,

але якая выявілася цяпер праз прароцкія пісанні паводле наказу адвечнага Бога, якая абвешчана ўсім народам дзеля паслухмянасці веры,
 
Але цяпер аб’яўленае Пісьмамі прароцкімі, подле расказаньня вечнага Бога, да паслухменства веры ўсім народам азнаймленае, —

адзінаму мудраму Богу, праз Езуса Хрыста, хвала навекі. Амэн.
 
Адзінаму мудраму Богу празь Ісуса Хрыста слава на векі Амін.