Да Рымлянаў 7 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Ці ж не ведаеце, браты, — бо кажу тым, хто ведае Закон, — што Закон мае ўладу над чалавекам, пакуль той жыве?
 
Альбо вы ня ведаеце, браты (бо гукаю знаючым Закон), што Закон радзе людзіну, пакуль яна жывець?

Замужняя жанчына звязана Законам з жывым мужам. Калі муж памрэ, яна вольная ад мужа паводле Закону.
 
Замужка прывязана Законам да жывога мужа; а калі муж памрэць, яна вольная ад права мужняга.

Таму, калі жыве муж, а яна будзе жонкай другога, то будзе названа чужаложніцай. Калі ж памрэ муж, яна вольная ад гэтага Закону і не будзе чужаложніцай, выйшаўшы замуж за другога мужчыну.
 
Затым назавуць чужаложніцаю, калі выйдзе за другога, пакуль муж жывець; калі ж памрэць муж, яна вольная ад Закону і ня будзе чужаложніцаю, вышаўшы за другога мужа.

Гэтак і вы, браты мае, памерлі для Закону праз цела Хрыста, каб належаць другому, які ўстаў з мёртвых, каб прыносіць плод Богу.
 
Гэтак і вы, браты, памерлі Закону перазь цела Хрыстова, каб былі іншага, Таго, Каторы ўскрэс ізь мертвых, каб мы давалі плады Богу.

Бо, калі мы былі ў целе, тады грахоўныя страсці праз Закон дзейнічалі ў нашых членах, каб даваць плод смерці.
 
Бо, як мы былі ў целе, жады грахоў пераз Закон дзеялі ў чаланох нашых, каб даваць плады сьмерці;

Цяпер жа, памерлыя для Закону, якім былі звязаны, мы вызваліліся ад яго, каб служыць у новым духу, а не паводле старой літары.
 
Але цяпер мы вольныя ад Закону, памершы таму, у чым былі дзяржаныя, так што маем служыць у навіне духа, а ня ў старасьці літары.

Што ж скажам? Закон — грэх? Канешне, не! Але я не пазнаў бы граху, калі б не Закон, бо я не ведаў бы і пажадлівасці, калі б Закон не гаварыў: «Не пажадай».
 
Што ж скажам? Закон грэх? Няхай ня станецца так! Але я не пазнаў бы грэху, каб не пераз Закон; я не разумеў бы й пажаданьня, калі б Закон не сказаў: «Не пажадай».

Але грэх, пазнаны праз запаведзь, выклікаў ува мне ўсякую пажадлівасць, бо без Закону грэх мёртвы.
 
Але грэх, узяўшы прычыну ад расказаньня, зьдзеяў у імне ўсялякае пажаданьне; бо без Закону грэх мертвы.

Я жыў калісьці без Закону, але, калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў,
 
Я жыў калісь без Закону; але як прышло расказаньне, то грэх ажыў, а я памер;

а я памёр. І я ўбачыў, што запаведзь, дадзеная для жыцця, прывяла мяне да смерці.
 
І такім парадкам расказаньне да жыцьця было да сьмерці,

Грэх, выкарыстоўваючы магчымасць праз запаведзь, звёў мяне і забіў ёю.
 
Бо грэх, узяўшы прычыну пераз расказаньне, ізьвеў мяне і забіў ім.

Таму закон святы, і запаведзь святая, і справядлівая, і добрая.
 
Затым Закон сьвяты, і расказаньне сьвятое, і справядлівае, і добрае.

Дык няўжо добрае стала для мяне смерцю? Канешне, не! Але грэх, каб стацца грахом, карыстаючыся добрым, прынёс мне смерць, каб грэх праз запаведзь выявіў сваю згубную моц.
 
Дык добрае сталася сьмерцяй імне? Няхай ня станецца так! але грэх, каб выявіцца грэхам, дзеяў у імне сьмерць пераз дабро, так што грэх становіцца надта грэшным пераз расказаньне.

Ведаем, што Закон — духоўны, а я — цялесны, падлеглы граху.
 
Бо мы ведаем, што Закон духоўны, а я цялесны, праданы грэху.

Я не разумею, што раблю, бо не тое раблю, што хачу, але тое раблю, што ненавіджу.
 
Бо я ня ведаю, што раблю; бо ня чыню, што зычу, але што ненавіджу, тое дзею.

Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то прызнаю, што Закон добры.
 
Калі ж дзею тое, чаго ня зычу, дык згаджаюся із Законам, што ён добры;

Цяпер ужо не я раблю тое, але грэх, які жыве ўва мне.
 
Затым цяпер ня я раблю тое, але жывучы ў імне грэх.

Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць, у маім целе, добрае. Бо жаданне ёсць ува мне, але зрабіць добрае не знаходжу як!
 
Бо ведаю, што ня жывець у імне, значыцца ў целе маім, добрае; бо зычаньне дабра ёсьць у імне, але каб зрабіць добрае, не знаходжу.

Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю.
 
Дабра, каторага зычу, ня дзею, а ліха, каторага ня зычу, чыню.

Калі ж раблю не тое, што хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне.
 
Калі ж дзею тое, чаго ня зычу, ужо ня я раблю тое, але жывучы ў імне грэх.

Тады я заўважаю, што, калі хачу рабіць дабро, ляжыць перада мною зло.
 
Дык знаходжу закон, што як я зычу дзеяць добрае, благое дзяржыцца мяне.

Паводле духоўнага чалавека, знаходжу задавальненне ў Законе Божым,
 
Бо подле нутранога чалавека знаходжу прыемнасьць у Законе Божым;

але ў маіх членах бачу іншы закон, што змагаецца з законам майго розуму і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў маіх членах.
 
Але ў чаланох сваіх бачу закон іншы, што ваюе із законам розуму майго і робе мяне палоненікам закону грэшнага, што ёсьць у чаланох маіх.

Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці?
 
Няшчасная я людзіна! Хто выбаве мяне ад гэтага цела сьмерці?

Дзякую Богу праз Езуса Хрыста, нашага Пана! Значыць я сам розумам служу Закону Божаму, а целам — закону граху.
 
Дзякую Богу перазь Ісуса Хрыста, Спадара нашага. Дык тый жа самы я розумам служу Закону Божаму, але целам закону грэху.