Да Рымлянаў 7 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Хіба вы ня ведаеце, браты, — бо кажу тым, хто абазнаны ў законе, — што закон мае ўладу над чалавекам, пакуль чалавек жывы?
 
Альбо вы ня ведаеце, браты (бо гукаю знаючым Закон), што Закон радзе людзіну, пакуль яна жывець?

Замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; а калі памрэ муж, яна вызваляецца ад закона замужжа.
 
Замужка прывязана Законам да жывога мужа; а калі муж памрэць, яна вольная ад права мужняга.

А таму, калі пры жывым мужы яна выйдзе за другога, будзе называцца пералюбніцаю; а калі памрэ муж, яна вольная ад закона і ня будзе пералюбніцаю, як выйдзе за другога мужа.
 
Затым назавуць чужаложніцаю, калі выйдзе за другога, пакуль муж жывець; калі ж памрэць муж, яна вольная ад Закону і ня будзе чужаложніцаю, вышаўшы за другога мужа.

Гэтак і вы, браты мае, памерлі для закона Целам Хрыстовым, каб належаць Іншаму, Уваскрэсламу зь мёртвых, каб прынесьлі мы плод Богу.
 
Гэтак і вы, браты, памерлі Закону перазь цела Хрыстова, каб былі іншага, Таго, Каторы ўскрэс ізь мертвых, каб мы давалі плады Богу.

Бо, калі мы жылі целам, тады шалы грахоўныя, што выяўляюцца праз закон, дзейнічалі ў чэлесах нашых, каб прыносіць плод сьмерці,
 
Бо, як мы былі ў целе, жады грахоў пераз Закон дзеялі ў чаланох нашых, каб даваць плады сьмерці;

а цяпер, памершы для закона, якім былі зьвязаныя мы вызваліліся зь яго, каб служыць (Богу) на абнаўленьне ў духу, а не паводле старой літары.
 
Але цяпер мы вольныя ад Закону, памершы таму, у чым былі дзяржаныя, так што маем служыць у навіне духа, а ня ў старасьці літары.

Што ж скажам? няўжо ад закона грэх? Зусім не; але я ня інакш спазнаў грэх, як праз закон, бо я не разумеў бы і жаданьня, калі б закон не ўказаў: не пажадай.
 
Што ж скажам? Закон грэх? Няхай ня станецца так! Але я не пазнаў бы грэху, каб не пераз Закон; я не разумеў бы й пажаданьня, калі б Закон не сказаў: «Не пажадай».

Але грэх, узяўшы прычыну з запаведзі, абудзіў ува мне розныя жаданьні; бо без закона грэх мёртвы.
 
Але грэх, узяўшы прычыну ад расказаньня, зьдзеяў у імне ўсялякае пажаданьне; бо без Закону грэх мертвы.

Я жыў калісьці без закона; але калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў,
 
Я жыў калісь без Закону; але як прышло расказаньне, то грэх ажыў, а я памер;

а я памёр; і такім чынам запаведзь на жыцьцё паслужылася мне на сьмерць,
 
І такім парадкам расказаньне да жыцьця было да сьмерці,

бо грэх, узяўшы прычыну з запаведзі, увёў мяне ў спакусу і забіў ёю.
 
Бо грэх, узяўшы прычыну пераз расказаньне, ізьвеў мяне і забіў ім.

Таму закон сьвяты, і запаведзь сьвятая і праведная і добрая.
 
Затым Закон сьвяты, і расказаньне сьвятое, і справядлівае, і добрае.

Дык вось, няўжо добрае зрабілася мне сьмертаносным? Зусім не; але грэх, які выявіўся грэхам, бо праз добрае нясе мне сьмерць, так што грэх робіцца занадта грэшным праз запаведзь.
 
Дык добрае сталася сьмерцяй імне? Няхай ня станецца так! але грэх, каб выявіцца грэхам, дзеяў у імне сьмерць пераз дабро, так што грэх становіцца надта грэшным пераз расказаньне.

Бо мы ведаем, што закон — духоўны, а я плоцкі, прададзены грэху.
 
Бо мы ведаем, што Закон духоўны, а я цялесны, праданы грэху.

Бо не разумею, што раблю; таму што ня тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, тое раблю.
 
Бо я ня ведаю, што раблю; бо ня чыню, што зычу, але што ненавіджу, тое дзею.

А калі раблю тое, чаго не хачу, дык згаджаюся з законам, што ён добры,
 
Калі ж дзею тое, чаго ня зычу, дык згаджаюся із Законам, што ён добры;

а таму ўжо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.
 
Затым цяпер ня я раблю тое, але жывучы ў імне грэх.

Бо ведаю, што ня жыве ўва мне, гэта значыцца, у плоці маёй, добрае; бо жадаць дабра я магу, а рабіць яго — не.
 
Бо ведаю, што ня жывець у імне, значыцца ў целе маім, добрае; бо зычаньне дабра ёсьць у імне, але каб зрабіць добрае, не знаходжу.

Добрага, якога хачу, не раблю, а ліхое, якога не хачу, раблю.
 
Дабра, каторага зычу, ня дзею, а ліха, каторага ня зычу, чыню.

А калі раблю тое, чаго не хачу, дык ужо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.
 
Калі ж дзею тое, чаго ня зычу, ужо ня я раблю тое, але жывучы ў імне грэх.

Дык вось, я знаходжу закон: што, калі хачу рабіць добрае, ува мне сядзіць благое;
 
Дык знаходжу закон, што як я зычу дзеяць добрае, благое дзяржыцца мяне.

бо ва ўнутраным чалавеку я маю задавальненьне ад закона Божага,
 
Бо подле нутранога чалавека знаходжу прыемнасьць у Законе Божым;

а ў чэлесах маіх бачу іншы закон, які ваюе супроць закона розуму майго і робіць мяне палонным закона грахоўнага, які ў чэлесах маіх.
 
Але ў чаланох сваіх бачу закон іншы, што ваюе із законам розуму майго і робе мяне палоненікам закону грэшнага, што ёсьць у чаланох маіх.

Няшчасны я чалавек! хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?
 
Няшчасная я людзіна! Хто выбаве мяне ад гэтага цела сьмерці?

Дзякую Богу (майму) празь Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я служу розумам закону Божаму, а плоцьцю — закону грахоў.
 
Дзякую Богу перазь Ісуса Хрыста, Спадара нашага. Дык тый жа самы я розумам служу Закону Божаму, але целам закону грэху.