Да Рымлянаў 9 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
 
Праўду кажу ў Хрысту, не маню, сьветча імне сумленьне мае ў Духу Сьвятым,

што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму:
 
Што вялікі імне смутак і бязупынная мука сэрцу майму:

я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці;
 
Я зычыў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў сваіх, радні імне подле цела,

гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні;
 
Значыцца, Ізраелян, каторых усынаўленьне а слава а ўмовы а Законуданьне а служба а абятніцы;

іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін.
 
Ад іх айцове, і ад іх Хрыстос подле цела, існуючы над усім Бог, дабраславёны на векі, амін. Але ня тое, каб слова Божае ня было дасьпешнае.

Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля,
 
Бо ня ўсі Ізраеляне, што ад Ізраеля,

і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): «у Ісааку назавецца табе семя».
 
І ня ўсі дзеці Абрагамовы, што ад насеньня ягонага; але: «У Ісаку названа будзе насеньне твае».

Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці — дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя.
 
Значыцца, не цялесныя дзеці ё дзеці Божыя, але дзеці абятніцы ўважаюць за насеньне.

А слова абяцаньня такое: «у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын».
 
А слова абятніцы гэткае: «У гэтым жа часе прыйду, і ў Сорры будзе сын».

І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага;
 
І не адно гэта, але так было й з Рэвекаю, як яна ад аднаго зачала двух сыноў, ад Ісака, айца нашага;

бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць
 
Бо яшчэ перад нараджэньням і перш, чымся што добрае альбо благое зрабілі, — каб замер Божы подле абраньня дзеяўся ня з учынкаў, але з Гукаючага, —

залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), — сказана было ёй: «большы будзе ў паслужэньні ў меншага»,
 
Сказана было ёй: «Большы будзе служыць меншаму»,

як і напісана: «Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў».
 
Як напісана: «Якава Я ўлюбіў, а Ісава зьненавідзіў».

Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не!
 
Што ж скажам? Няго ж несправядлівасьць у Бога? Няхай ня станецца так!

Бо Ён кажа Майсею: «каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую».
 
Бо Ён кажа Масею: «Зьмілуюся, над кім зьмілуюся; і пажалею, каго пажалею».

Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе.
 
Дык залежа не ад тога, хто хоча, ані ад тога, хто бяжыць, але ад міласэрдзя Божага.

Бо Пісаньне кажа фараону: «На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі».
 
Бо Пісьмо кажа фараону: «Дзеля таго самага Я ўзьняў цябе, каб гэтак паказаць на табе магутнасьць Сваю і каб абяшчана было імя Мае па ўсёй зямлі».

Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім.
 
Дык зьмілуецца, над кім зыча; і каляне, каго зыча.

Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай?
 
Дык ты скажаш імне: «Чаму ж яшчэ вінуе? Бо Хто спрацівіцца волі Ягонай?»

А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў?
 
А ты хто, чалавеча, што пярэчыш Богу? Ці выраб скажа вырабніку: «Чаму ты мяне так вырабіў?»

Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі — на буднае?
 
Альбо ці ня мае ўлады ганчар над глінаю, каб із таго самага месіва зрабіць адну судзіну да славы, а другую да няславы?

Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель,
 
Што ж, калі Бог, зычачы паказаць гнеў Свой і паведаміць моц Сваю, трываў ізь вялікай цярплівосьцю із судзінамі гневу, гатовымі да загубы,

каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, —
 
Каб паведаміць багацьце славы Свае над судзінамі міласэрдзя, што Ён прыгатаваў да славы,

над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў?
 
Нам, каторых Ён і пагукаў, ня толькі із Жыдоў, але і з паганаў?»

Як і ў Асіі кажа: «ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю».
 
Як і кажа ў Госі: «І ня Свой люд назаву "Люд Мой", і нялюбовую назаву "Любовая Мая"».

І на тым месцы, дзе сказана ім: «вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога».
 
І на тым самым месцу, ідзе было сказана ім: "Вы ня Мой люд", названы будуць "Сынове Бога жывога"».

А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: «хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца;
 
А Ісая гукае празь Ізраеля: «Хоць бы лік сыноў Ізраелявых быў, як пясок морскі, спасецца астача;

бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі».
 
Бо справу канчае і борзда ў справядлівасьці, бо справу скончаную зьдзее Спадар на зямлі».

І як прадказаў Ісая: «калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы».
 
І, як уперад сказаў Ісая: «Калі б Спадар войскаў не пакінуў нам насеньня, мы былі б, як Садома, і сталі б падобныя да Ґоморы».

Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры;
 
Што ж скажам? Народы, што ня гналіся за справядлівасьцяй, дасяглі справядлівасьці, што зь веры.

а Ізраіль, які шукаў закона праведнасьці, не дайшоў да закона праведнасьці.
 
А Ізраель, гонячыся за Законам справядлівасьці, не дасяг Закону.

Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закона; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,
 
Чаму? бо ня зь веры, але з учынкаў. Спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,

як напісана: «вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца».
 
Як напісана: «Вось, кладу на Сыёне камень спатыкненьня і скалу спадману, і тый, хто ўвера ў Яго, ня будзе засаромлены».