Да Рымлянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Вось таму няма апраўданьня табе, кожны чалавеча, што судзіш другога; бо тым самым судом, якім судзіш другога, асуджаеш сам сябе; бо, асуджаючы другога, робіш тое самае.
Дык невыбачальны ты, о чалавеча, каторы судзіш; бо тым жа судам, якім судзіш іншага, засуджаеш самога сябе, бо, судзячы, чыніш тое самае.
А мы ведаем, што паводле ісьціны ёсьць суд Божы на тых, што такое чыняць.
А мы ведаем, што суд Божы ё подле праўды на чынячых такія рэчы.
Няўжо думаеш ты, чалавеча, што ўнікаеш суду Божага, калі асуджаеш тых, якія ўчыняюць такое, і сам робячы тое самае?
Ці ўважаеш ты, о чалавеча, каторы судзіш чынячых такія ўчынкі і робіш іх, што ўцячэш ад суду Божага?
Альбо пагарджаеш багацьцем даброці, лагоднасьці і вялікай цярплівасьці Божай, не разумеючы, што даброць Божая вядзе цябе да пакаяньня?
Ці ўлегцы маеш багацьце дабрыні Ягонае а выбачнасьць а цярплівосьць, ня ведаючы, што дабрыня Божая вядзець цябе да каяты?
Але, з упартасьці тваёй і нераскаянага сэрца ты сам сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу і абвяшчэньня праведнага суду ад Бога,
Але подле калянасьці свае а някаятнага сэрца зьбіраеш сам сабе гнеў на дзень гневу а аб’яўленьня справядлівага суду Божага,
Які кожнаму аддасьць паводле дзеяў ягоных:
Каторы адплаце кажнаму подле ўчынкаў ягоных:
тым, якія ўвесь час ў добрых дзеях шукаюць славы, гонару і бесьсьмяротнасьці, — жыцьцё вечнае;
Тым, што вытрываласьцяй у добрых учынках шукаюць славы а сьці а нязьнішчальнасьці — жыцьцё вечнае;
а тым, якія ўпарцяцца і супрацівяцца ісьціне, ды аддаюцца няпраўдзе, — лютасьць і гнеў.
А звадлівым а непаслухменым праўдзе, але паслухменым несправядлівасьці, гнеў а абурэньне.
Смутак і скруха ўсякай душы чалавека, які чыніць ліхое: першаму Юдэю, потым і Эліну!
Атуга а гарота кажнай душы чалавека, што робе ліха, перш Жыду й Грэку;
Наадварот жа, слава і гонар і мір кожнаму, хто робіць добрае: першаму Юдэю, потым і Эліну!
Але слава а чэсьць а супакой кажнаму, што робе дабро, перш Жыду й Грэку!
Бо няма прывабы да асобы ў Бога.
Бо нямаш у Бога прыяньня асобам.
Тыя, што без закона зграшылі, без закона і загінуць; а тыя, якія ў законе зграшылі, паводле закона прымуць суд,
Бо хто ізграшыў вонках Закону, вонках Закону й загіне; а хто ізграшыў пад Законам, будзе суджаны подле Закону, —
бо не слухачы закона праведныя перад Богам, а выканаўцы закона апраўданы будуць;
Бо ня тыя, што слухаюць Закон, справядлівыя перад Богам, але дзяржачыя Закон будуць аправены;
бо, калі язычнікі, ня маючы закона, ад прыроды законнае робяць, дык, ня маючы закона, яны самі сабе закон:
Бо, калі пагане, Закону ня маючыя, дзеюць подле прыроды законнае, яны, ня маючы Закону, самы сабе закон;
яны паказваюць, што дзеі закона ў іх напісаны ў сэрцах, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то вінавацяць, то апраўдваюць адна адну,
Каторыя паказуюць, што справа закону напісана ў іх у сэрцах, праз што сьветча сумленьне іхнае а думкі іхныя, то вінуючыя, то праўдзячыя адна адну, —
у дзень, калі паводле зьвеставаньня майго, Бог будзе судзіць таемныя дзеі людзей празь Ісуса Хрыста.
У дзень, калі, подле дабравесьці мае, Бог будзе судзіць таемныя рэчы людзкія перазь Ісуса Хрыста.
Вось, ты называешся Юдэем, і супакойваеш сябе законам, і хвалішся Богам,
Вось, ты завешся Жыдам, і здаешся на Закон, і хвалішся Богам,
і ведаеш волю Ягоную, і разумееш лепшае, навучаючыся з закона,
І знаеш волю, і, адрозьнюючы, скумаеш, што найлепшае, навучаны із Закону,
і ўпэўнены пра сябе, што ты павадыр сьляпым, сьвятло тым, што ходзяць у цемры, —
І пэўны, што ты павадыр нявісных і сьвятло тым, што ў цямноте,
выхавальнік неразумным, настаўнік дзецям, які мае ўзор розуму і ісьціны ў законе:
Наўчыцель неразумных, вучыцель бязьлетак, маючы зразу веды а праўды ў Законе.
як жа ты, навучаючы другога, ня вучыш сябе самога?
Як жа ты, вучачы іншых, ня вучыш сябе самога? Агалашаючы ня красьці, крадзеш?
Прапаведуючы ня красьці, крадзеш? кажучы: не распусьнічай, распусьнічаеш? грэбуючы ідаламі, рабуеш сьвятыні?
Кажучы ня чужаложыць, чужаложыш? брыдзячыся балванамі, грабіш сьвятыні?
хвалішся законам, а, пераступаючы закон, зьневажаеш Бога?
Ты, каторы хвалішся Законам, выступам із Закону зьневажаеш Бога?
бо дзеля вас, як напісана, імя Божае ганьбуецца ў язычнікаў.
Бо, «з прычыны вас на імя Божае блявузґаюць у народаў», як напісана.
Абразаньне карыснае, калі выконваеш закон; а калі ты пераступаеш закон, дык абразаньне тваё сталася неабразаньнем.
Абразаньне карыснае, калі поўніш Закон; а калі ты выступнік із Закону, абразаньне твае стала неабразаньням.
Дык вось, калі неабразанец выконвае пастановы закона, дык ягонае неабразаньне ці не залічыцца яму за абразаньне?
Значыцца, калі неабрэзаны дзяржыць пастановы Закону, дык ці ня будзе неабразаньне ягонае залічана за абразаньне?
І неабрэзаны ад прыроды, які выконвае закон, ці не асудзіць цябе, пераступніка закона зь Пісаньнем і абразаньнем?
І неабрэзаны подле прыроды, дзяржачы закон, ці не засудзе цябе, узрушыцеля Закону, што маеш літару а абразаньне?
Бо ня той Юдэй, хто такі з выгляду, і ня тое абразаньне, якое вонкавае, на плоці;
Бо ня тый Жыд, што звонку, ані тое абразаньне, што навоннае, на целе;
а той Юдэй, хто ўнутрана такі, і тое абразаньне, якое ў сэрцы паводле Духа, а не паводле літары: яму і пахвала не ад людзей, а ад Бога.
Але тый Жыд, хто патай, і абразаньне сэрца, у духу, ня літараю, катораму пахвала не ад людзёў, але ад Бога.