Да Рымлянаў 13 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Кожная душа няхай скараецца вышэйшым уладам; бо няма ўлады не ад Бога; а ўлады, якія існуюць, ад Бога ўстаноўлены.
 
Кажная душа будзь паддана вышшай уладзе, бо няма ўлады не ад Бога; існуючыя ж улады Богам устаноўленыя.

Таму той, хто супрацівіцца ўладзе, супрацівіцца Божаму пастанаўленьню; а тыя, што супрацівяцца, самі наклічуць на сябе асуду.
 
Затым, хто працівіцца ўладзе, працівіцца загадзе Божай. А праціўнікі самы сабе рассудак віны прыдбаюць.

Бо начальнікі страшныя не для добрых дзеяў, а для ліхіх. Ці хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і дастанеш пахвалы ад яе;
 
Бо начэльнікі ня страх добрым учынкам, але благім. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро і адзяржыш пахвалу ад яе;

бо начальнік ёсьць Божы слуга, табе на дабро. А калі робіш зло, бойся, бо ён нездарма трымае меч: ён — Божы слуга, які помсьціць і карае таго, хто ўчыняе ліхое.
 
Бо гэта слуга Божы на дабро табе. Але, калі ты дзееш ліха, бойся, бо не дарма ён носе меч; бо ён слуга Божы, помсьнік у гневе на дзеючага ліха.

І таму трэба скарацца ня толькі з страху перад карай, але і з сумленьня.
 
Затым надабе быць падданым не адно дзеля гневу, але й дзеля сумленьня.

На тое вы і падаткі плаціце; бо яны Божыя слугі, за гэтым пільна дасочваюць.
 
Дзеля таго вы й падачкі плаціце, бо яны слугі Божыя, кажначасна гэтым занятыя.

Дык вось, аддавайце кожнаму належнае; каму падатак, падатак; каму мыта, мыту; каму страх, страх; каму гонар, гонар.
 
Давайце кажнаму належнае: каму падачкі — падачкі; каму мыта — мыта; каму страх — страх; каму чэсьць — чэсьць.

Не заставайцеся запазычанцамі нікому ні ў чым, акрамя ўзаемнай любові; бо хто любіць другога, выканаў закон.
 
Нікому ня бывайце нічога вінны, апрача ўзаемнае міласьці; бо хто любе другога, тый споўніў Закон.

Бо запаведзі: не распусьнічай, не забівай, ня крадзь, ня сьведчы ілжыва, не зажадай чужога, і ўсе іншыя ляжаць у гэтым слове: любі блізкага твайго, як самога сябе.
 
Не чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьветч хвальшыва, не пажадай,» і калі іншае будзе расказаньне, зьмяідчаюцца ў вадным гэтым слове, наймя: «любі бліжняга свайго, як сябе самога».

Любоў ня робіць блізкаму зла; дык вось любоў ёсьць выкананьне закона.
 
Любосьць ня робе бліжняму ліха; дык любосьць ё паўніня Закону.

Так рабеце, ведаючы час, што пара ўжо нам прачнуцца ад сну. Бо сёньня бліжэй да нас выратаваньне, чым тады, калі мы ўверавалі.
 
І гэта рабіце, ведаючы час, што ўжо пара нам прачхнуцца, бо цяпер спасеньне да нас бліжшае, чымся як мы ўверылі.

Ноч прайшла, а дзень наблізіўся: дык вось, адкінем дзеі цямна і апранемся ў зброю сьвятла.
 
Ноч мінула, а дзень дабліжыўся: дык адкіньма ўчынкі цямноты, а надзеньма зброю сьвятліні.

Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: ні ў аб’ядзеньні і п’янстве, ні ў распусьце і блудзе, ні ў свары і зайздрасьці;
 
Як удзень, паступайма як належа, не ў гасьцінах а п’янчаньню, ані ў бязулстве а жадлівасьці, ані ў звадзе а завідасьці;

але апранецеся ў Госпада (нашага) Ісуса Хрыста, і клопат пра цела не ператварайце ў пахаценьні.
 
Але адзеньцеся ў Спадара Ісуса Хрыста, і рупнасьць празь цела не абарачайце ў жаду.