Да Рымлянаў 6 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Што ж скажам? ці заставацца нам у грэху, каб памножылася мілата? Зусім не.
 
Што ж скажам? ці маем заставацца ў грэху, каб ласка павялічалася?

Мы памерлі для грэху: як жа нам жыць у ім?
 
Няхай ня станецца так. Мы памерлі што да грэху: як мы далей будзем жыць у ім?

Няўжо ня ведаеце, што ўсе мы, хрышчаныя ў Ісуса Хрыста, у сьмерць Ягоную хрысьціліся?
 
Ці вы ня ведаеце, што хто хрысьціўся ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Ягоную хрысьціўся?

Дык вось, мы і пахаваныя зь Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці.
 
Дык мы пахаваныя зь Ім хрыстом у сьмерць, каб, як Хрыстос ускрэс ізь мертвых славаю Айца, так і нам хадзіць у вадноўленым жыцьцю.

Бо калі мы паяднаныя зь Ім падабенствам сьмерці Ягонай, дык павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрэсеньня,
 
Бо, калі мы задзіночыліся зь Ім падобнасьцяй сьмерці Ягонай, дык і ўскрысеньням будзем,

ведаючы тое, што даўні наш чалавек крыжаваны зь ім, каб зьнішчылася цела грэшнае, каб нам ня быць ужо рабамі грэху;
 
Ведаючы тое, што стары чалавек наш укрыжаваны зь Ім, каб памерцьвена было цела грэху, каб мы ня служылі далей грэху;

бо, хто памёр, той вызваліўся ад грэху.
 
Бо памерлы аправены ад грэху.

Калі ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем зь Ім,
 
Вось жа, калі мы памерлі з Хрыстом, мы верым што й жыць будзем ізь Ім,

ведаючы, што Хрыстос, уваскрэсшы зь мёртвых, ужо ня ўмірае: сьмерць ужо ня мае над Ім улады.
 
Ведаючы, што Хрыстос, ускрэсшы зь мертвых, болей не памірае; сьмерць ня мае над Ім улады.

Бо, што Ён памёр, дык памёр раз назаўсёды для грэху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога.
 
Бо, што Ён памер, памер аднойчы грэху; але што жывець, жывець Богу.

Гэтак сама і вы лічэце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
 
Гэтак і вы ўважайце сябе за мертвых грэху, але за жывых Богу ў Хрысту Ісусу, Спадару нашым.

Дык вось, хай не пануе грэх у сьмяротным вашым целе, каб вам слухацца яго ў пажадах ягоных;
 
Дык няхай ня радзе грэх у сьмяротным целе вашым, каб слухаць жадаў яго,

і не аддавайце чэлесаў вашых грэху як прыладу няправеднасьці, а аддайце сябе Богу як паўсталых зь мёртвых, і чэлесы вашыя Богу як прылады праведнасьці.
 
Ані аддавайце чаланоў сваіх на снадзі несправядлівасьці да грэху, але самы сябе Богу аддавайце, як жывыя зь мертвых, і чаланы свае на снадзі справядлівасьці Богу.

Грэх не павінен над вамі валадарыць, бо вы не пад законам, а пад мілатою.
 
Бо грэх ня мае мець улады над вамі, бо вы не пад Законам, але пад ласкаю.

Што ж? ці будзем грашыць таму, што мы не пад законам, а пад мілатою? Зусім не!
 
Што ж? будзем грашыць, бо мы не пад Законам, але пад ласкаю? Няхай ня станецца так.

Няўжо вы ня ведаеце, што, каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таго вы і рабы, каго слухаецеся, альбо рабы грэху сьмерці, альбо паслушэнства на праведнасьць?
 
Ці вы ня ведаеце, што каму вы аддаіце сябе за слугаў да паслухменства, таму вы слугі, каго слухаеце, або слугі грэху да сьмерці, або паслухменства да справядлівасьці?

Дзякаваць Богу, што вы, якія раней былі рабамі грэху, ад сэрца сталіся паслухмяныя таму вобразу вучэньня, якому аддалі сябе.
 
Але дзякі Богу, быўшы ўперад слугамі грэху, ад сэрца паслухалі таго спосабу навукі, якога навучаны.

А вызваліўшыся ад грэху, вы зрабіліся рабамі праведнасьці.
 
Вывальніўшыся ж ад грэху, вы сталі слугамі справядлівасьці. Гукаю палюдзку, дзеля слабасьці цела вашага.

Кажу паводле развагі людзкое, дзеля немачы плоці вашай. Як прадавалі вы чэлесы вашыя ў рабы нячыстасьці і беззаконьню на дзеі беззаконныя, так зараз аддайце чэлесы вашыя ў рабы праведнасьці на дзеі сьвятыя.
 
Бо, як вы аддавалі чаланы свае на службу нечысьці а бяспраўя да бяспраўя, так цяпер аддавайце чаланы свае на службу справядлівасьці да ўсьвячэньня.

Бо, калі вы былі рабамі грэху, тады былі вольныя ад праведнасьці.
 
Бо, як вы былі слугамі грэху, вы былі вольныя ад справядлівасьці.

Які ж плён мы мелі тады? такія дзеі, якіх сёньня самі саромеецеся, бо канец іхні — сьмерць.
 
Дык што за плод мелі вы тады з тога, што цяпер сароміцеся? бо канец іх — сьмерць.

А сёньня, калі вы вызваліліся з грэху і сталіся рабамі Богу, плён ваш ёсьць сьвятасьць, а канец — жыцьцё вечнае.
 
Але цяпер, вывальніўшыся ад грэху і стаўшы слугамі Богу, вы маеце плод свой да сьвятасьці і канец — жыцьцё вечнае.

Бо расплата за грэх — сьмерць, а дар Божы — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
 
Бо адплата за грэх — сьмерць, але ласка Божая — вечнае жыцьцё ў Хрысту Ісусу, Спадару нашым.