Да Рымлянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Дык вось, у чым жа перавага быць Юдэем, альбо якая карысьць ад абразаньня?
Дык што за перавага ў Жыда, альбо што за карысьць із абразаньня?
Вялікая, ва ўсіх праявах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.
Шмат усяляк. Наўперад, што ім былі давераны Пісьмы Божыя.
Бо што ж? калі некаторыя ня верылі, хіба ж няверства іхняе зьнішчыць вернасьць Божую?
Бо што ж? Калі некатрыя былі няверныя, нявернасьць іхная памярцьвіць вернасьць Божую?
Зусім не. Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Ты праведны ў словах Тваіх і пераможаш, у судзе Тваім».
Няхай ня станецца! Але няхай будзе Бог праўдзівы, а кажны чалавек манлівы, як напісана: «Каб Ты быў аправены ў словах Сваіх і перамог, як будзеш у судзе Сваім».
А калі нашая няпраўда выяўляе праўду Божую, дык што скажам? няўжо будзе Бог несправядлівы, калі паказвае гнеў? — кажу, па-чалавечы разважаючы.
А калі наша несправядлівасьць адкрывае справядлівасьць Божую, дык што мы скажам? што Бог несправядлівы, калі выказуе гнеў? (кажу палюдзку).
Зусім не. Бо як жа тады Богу судзіць сьвет?
Няхай ня станецца! Бо як Богу судзіць сьвет?
Бо, калі вернасьць Божая ўзвышаецца маёю нявернасьцю на славу Божую, завошта яшчэ мяне ж судзіць, як грэшніка?
Бо калі праўда Божая маёй маною была ў збытку на славу Яму, чаму ж яшчэ я таксама бываю суджаны, як грэшнік?
І ці ж не рабіць нам зло, каб выйшла на дабро, як некаторыя ўпікаюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Справядлівы суд на такіх.
І ці ня чыньма ліха, каб сталася дабро, як нас крыўдна вінуюць, і як некатрыя несправядліва цьвердзяць, што мы казалі? Справядлівы суд на такіх.
Дык што ж? ці маем мы перавагу? Зусім не; бо мы ўжо даказалі, што як Юдэі, так і Эліны, усе пад грэхам,
Дык што ж? Ці мы лепшыя? Ані не. Бо мы ўперад давялі, што як Жыды, так і Грэкі, усі пад грэхам,
як напісана: «няма праведнага аніводнага;
Як было напісана: «Няма справядлівага ні воднага,
няма, хто разумеў бы; няма, хто Бога шукаў бы;
Няма разумеючага, ніхто ня шукае Бога;
усе зьбіліся з тропу, нягодныя сталіся ўсе: няма, хто тварыў бы дабро, няма аніводнага».
Усі адвярнуліся разам, сталі бескарысныя; няма чынячага дабрыню, няма ні воднага.
Горла іхняе — дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком; атрута асьпідаў у іх на губах;
Горла іхнае — адчынены гроб; языкамі сваімі ашукуюць; атрута гадава пад вуснамі іхнымі.
вусны ў іх поўныя ліхаслоўя і горычы.
Рот іхны поўны праклёну а гарчэлі.
Ногі ў іх борздыя на праліваньне крыві;
Ногі іхныя борздыя на разьліцьцё крыві;
разбурэньне і згубнасьць на іхніх дарогах;
Разьвярненьне а згуба на дарогах іхных;
яны ня ведаюць шляхоў міру.
І дарогі супакою яны не пазналі.
Няма страху Божага перад вачамі ў іх».
Няма страху Божага перад ачыма іхнымі».
А мы ведаем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, хто пад законам, так што замыкаюцца ўсякія вусны, і ўвесь сьвет робіцца вінаваты перад Богам,
Вось жа, мы ведаем, што што-колечы Закон кажа, кажа да тых, што пад Законам, каб кажны рот заткнёны быў і ўвесь сьвет апынуўся пад судам Божым,
бо дзеямі закона не апраўдаецца перад Ім ніякая плоць; бо законам спазнаецца грэх.
Бо ўчынкамі Закону не аправіцца ніякае цела перад Ім, бо Законам пазнаецца грэх.
Але сёньня, незалежна ад закона, зьявілася праведнасьць Божая, пра якую сьведчаць закон і прарокі,
Але цяпер без Закону справядлівасьць Божая зьявілася, пасьветчаная Законам а прарокамі,
праведнасьць Божая празь веру ў Ісуса Хрыста ва ўсіх і на ўсіх вернікаў; бо няма розьніцы,
Справядлівасьць Божая перазь веру ў Ісуса Хрыста, у вусіх і на ўсіх вернікаў; бо нямаш розьніцы,
бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,
Бо ўсі ізграшылі і спабыты славы Божае,
атрымліваючы апраўданьне дарам, паводле мілаты Ягонай, адкупленьнем у Ісусе Хрысьце,
адзержуюць аправеньне дарма, з ласкі Ягонае, адкупленьням у Хрысту Ісусу,
Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай празь веру, для паказу справядлівасьці Ягонай ў дараваньні грахоў, учыненых раней,
Каторага Бог выдаў на адкупленьне перазь веру ў кроў Ягоную, дзеля паказаньня справядлівасьці Свае ў дараваньню грахоў, уперад учыненых, у часе цярплівосьці Божае,
у доўгім цярпеньні Божым, для паказу справядлівасьці Ягонай ў сёньняшні час, — хай зьявіцца Ён справядлівы і апраўдае таго, хто веруе ў Ісуса.
Да паказаньня справядлівасьці Свае ў цяперашнім часе, каб Ён справядлівым быў і праўдзячым таго, хто зь веры Ісусавае.
Дзе ж тое, чым пахваліцца? зьнішчана. Якім законам? законам учынкаў? Не, а законам веры.
Дык ідзе хвальня? яна вылучана. Якім законам? учынкамі? Не, але законам веры.
Бо мы прызнаём, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад дзеяў закона.
Бо мы ўважаем, што людзіна правіцца вераю, бяз учынкаў Закону.
Няўжо Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не й язычнікаў? Вядома, і язычнікаў;
Ці Бог Жыдоў толькі? ці не народаў таксама? Але, таксама народаў;
бо адзін Бог, Які апраўдае абрэзаных па веры і неабрэзаных празь веру.
Бо запраўды Бог адзін, Каторы праўдзе абразаньне подле веры і неабразаньне вераю.
Дык вось, ці ж мы не касуем закон вераю? Зусім не; а сьцьвярджаем закон.
Дык мы касуем Закон вераю? Няхай ня станецца так! але Закон мацуем.