Да Рымлянаў 11 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дык вось пытаюся: няўжо Бог адкінуў народ Свой? Зусім не. Бо і я Ізраільцянін, ад семені Абрагамавага, з роду Веньямінавага.
 
Дык кажу: ціж адхінуў Бог люд Свой? Няхай ня станецца так! Бо я таксама Ізраелянін, з насеньня Абрагамовага, з плямені Веняміновага.

Не адкінуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:
 
Не адхінуў Бог люду Свайго, каторы Ён наперад знаў. Ці ня ведаеце вы, што Пісьмо кажа ў «Ільлю», як ён адзываецца да Бога супроці Ізраеля?

«Госпадзе! прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і маёй душы шукаюць».
 
«Спадару, прарокаў Тваіх яны забілі, аброчнікі Твае абурылі, і я застаўся адзін, і шукаюць жыцьця майго».

Што ж кажа яму (Божы) адказ? «Я захаваў Сабе сем тысяч чалавек, якія ня схілілі каленяў перад Ваалам».
 
ІІІто ж кажа яму адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужоў, каторыя ня клякалі перад Ваалам».

Так і ў сёньняшні час, пасьля выбраньня мілаты, захавалася рэшта.
 
Гэтак і цяпер засталася астача подле абраньня ласкі.

Але, калі паводле мілаты, дык не паводле дзеяў; інакш мілата ня была б ужо мілатою. А калі паводле дзеяў, дык гэта ўжо не мілата; інакш дзея ня ёсьць ужо дзея.
 
Але калі ласкаю, дык ня з учынкаў; накш ласка ня была б ужо ласкаю. А калі з учынкаў, дык ужо няма з ласкі; накш учынак ня быў бы ўчынак.

А што? Ізраіль, чаго шукае, таго не атрымаў; а выбраныя атрымалі, а астатнія ажарсьцьвелі,
 
Што ж? Чаго шукаў Ізраель, таго не адзяржаў, але абраныя адзяржалі, а засталыя закалянелі,

як напісана: «Бог даў ім дух усыпленьня, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да гэтага дня».
 
Як напісана: «Бог даў ім духа соннасьці, вочы ня бачаць, і вушы ня чуюць, дагэтуль».

І Давід кажа: «хай будзе трапеза іхняй сеткай, цянётамі і пятлёю на расплату ім;
 
І Давід кажа: «Няхай будзе стол іхны сілом а пасадкаю а спадманам і адплатаю ім;

хай запамрочацца іхнія вочы, каб ня бачылі, і хрыбет іхні хай сагнецца назаўсёды».
 
Няхай вочы іхныя пацямнеюць, і хрыбет іхны будзе скрыўлены назаўсёды».

І вось, я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасьці? Зусім не! Але ад іхняга падзеньня выратаваньне язычнікам, каб абудзіць у іх рупнасьць.
 
Дык кажу: ці яны спатыкнуліся, каб паваліцца? Няхай ня станецца так! Але ўпадак іхны ё спасеньне народам, каб выклікаць завісьць у іх.

Калі ж падзеньне іхняе — багацьце сьвету, і зьмізарненьне іхняе — багацьце язычнікам, дык тым большая паўната іхняя.
 
Калі ж упадак іхны — багацьце сьвету, і страта іхная — багацьце народам, тым большая паўніня іхная.

Вам кажу, язычнікам: як апостал язычнікаў, я праслаўляю служэньне маё;
 
Бо вам кажу, народам: як апостал народаў, я ўслаўлю службу сваю,

ці не абуджу руплівасьць у братах маіх па плоці і ці не ўратую некаторых зь іх?
 
Каб якім-колечы парадкам выклікаць завісьць тых, што майго цела, і спасьці некатрых ізь іх.

Бо, калі адкіданьне іх ёсьць замірэньне сьвету, дык што будзе прыняцьце, як ня жыцьцё зь мёртвых?
 
Бо калі адхіненьне іх будзе пагаджэньням сьвету, то што прыймо, як ня жыцьцё зь мертвых?

Калі пачатак сьвяты, дык і цэлае, і калі корань сьвяты, дык і вецьце.
 
Калі першы абраканы кавалак сьвяты, дык і цеста сьвятое; а калі карэнь сьвяты, дык і галузы.

Калі ж некаторыя галіны адламаліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхняе і сталася супольніцай кораня і соку алівы,
 
Калі ж некатрыя з галузаў адламіліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхнае і стала ўчасьніцаю караня й туку алівы,

дык не заносься перад галінамі; а калі заносішся, ведай, што ня ты корань трымаеш, а корань — цябе.
 
Не хваліся супроці галузаў. Калі ж хвалішся, ведай, што ня ты карэнь нясеш, але карэнь цябе.

Скажаш: галіны адламаліся, каб мне прышчапіцца.
 
Скажаш: «Галіны адламіліся, каб імне прышчапіцца».

Добра. Яны адламаліся зь няверства, а ты трымаешся вераю; ня мудруй высока, а бойся.
 
Добра. Яны адламіліся нявераю, а ты дзяржышся вераю; не вяльмуйся, але бойся.

Бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, дык глядзі, ці пашкадуе цябе.
 
Бо калі Бог прыродных галузаў не пашчаджаў, ці й цябе пашчаджае.

Дык вось бачыш даброць і строгасьць Божую: строгасьць да адпалых, а даброць да цябе, калі жыцьмеш у даброці Божай, інакш і ты будзеш адцяты.
 
Дык бачыш дабрыню й стродкасьць Божую: стродкасьць да адпалых, дабрыню Божую да цябе, калі будзеш трываць у дабрыні; накш і ты будзеш адцяты.

Але і тыя, калі не застануцца ў няверстве, прышчэпяцца, бо Бог мае моц зноў прышчапіць іх.
 
Але й тыя, калі не застануцца ў няверы, прышчэпяцца, бо Бог дуж ізноў прышчапіць іх.

Бо калі ты адцяты ад прыроднай дзічкі-алівы, і не па прыродзе прышчапіўся да высакароднай алівы, дык тым болей гэтыя прыродныя прышчэпяцца да сваёй алівы.
 
Бо калі ты адцяты зь дзікое прыродаю алівы і супроці прыроды прышчэплены да добрае алівы, пагатове тыя прыродныя прышчэпяцца да свае собскае алівы.

Бо не хачу пакінуць вас, браты, у патайноце гэтай (каб вы не задаваліся дужа сабою), што ажарсьцьвеньне спасьцігла Ізраіля часткова, да той пары, пакуль ня ўвойдуць усе язычнікі,
 
Бо я ня зычу, браты, каб вы былі ў неведзі што да гэтае тайны, — каб вы не мудрагелілі, — што закаляненьне часткава сталася Ізраелю, пакуль ня ўвыйдзе паўніня народаў,

і так увесь Ізраіль уратуецца, як напісана: «прыйдзе з Сыёна Збаўца і адверне бязбожнасьць ад Якава;
 
І гэтак увесь Ізраель спасецца, як напісана: «Прыйдзе із Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якава;

і гэта запавет ім ад Мяне, калі здыму зь іх грахі іхнія».
 
І гэта ўмова ім ад Мяне, як Я здыйму зь іх грахі іхныя».

Што да Дабравесьця, дык яны ворагі вам; а што да выбраньня любасьнікі Божыя ад бацькоў;
 
Узглядам дабравесьці яны непрыяцелі вам; а ўзглядам абраньня любовыя дзеля айцоў.

бо дары і пакліканьне Божае — адмяніць нельга.
 
Бо дары а пагуканьне Божыя нязьменныя.

Як і вы колісь былі неслухі ў Бога, а цяпер памілаваныя, празь непаслушэнства іхняе, —
 
Бо як вы некалі былі непаслухменыя Богу, а цяпер дасяглі міласэрдзя з прычыны іх непаслухменства,

так і яны цяпер неслухі на памілаваньне ваша, каб і самім быць памілаванымі.
 
Так і яны цяпер не паслухалі, каб дзеля міласэрдзя вам і яны міласэрдзя дасяглі.

Бо ўсіх замкнуў Бог у непаслушэнства, каб усіх памілаваць.
 
Бо Бог замкнуў усіх у непаслухменстве, каб над усімі зьмілавацца.

О, бездань багацьця і мудрасьці і веданьня Божага! якія неспасьцігальныя суды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя!
 
О глыбіня багацьцяў мудрасьці а ведзі Божае! Як неспатачальныя суды Ягоныя, і недасьледавальныя дарогі Ягоныя!

«Бо хто спазнаў розум Гасподні? Або хто дарадца Яму?
 
Бо хто пазнаў розум Спадароў? Або хто быў Яму параднікам?

Або хто даў Яму наперад, каб Ён мусіў аддаць?»
 
Або хто даў яму ўперад, каб Ён меў аддаць яму?

Бо ўсё зь Яго, празь Яго і да Яго. Яму слава навекі вякоў. Амін.
 
Бо ўсе зь Яго а Ім а да Яго. Яму слава на векі, амін.