Да Рымлянаў 11 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Станкевіча
Дык я кажу́: хіба́ адмо́віўся Бог ад народа Свайго? — Ні ў якім разе. Бо і я Ізраільця́нін, з се́мені Аўраа́мавага, з кале́на Веніямінавага.
Дык кажу: ціж адхінуў Бог люд Свой? Няхай ня станецца так! Бо я таксама Ізраелянін, з насеньня Абрагамовага, з плямені Веняміновага.
Не адмо́віўся Бог ад народа Свайго, які Ён наперад знаў. Ці ж вы не ве́даеце, што́ гаворыць Пісанне пра Ілію́ як ён скардзіцца Богу на Ізраіль, кажучы:
Не адхінуў Бог люду Свайго, каторы Ён наперад знаў. Ці ня ведаеце вы, што Пісьмо кажа ў «Ільлю», як ён адзываецца да Бога супроці Ізраеля?
«Госпадзі! прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі Твае паразбуралі; я застаўся адзін, і шукаюць душу́ маю́».
«Спадару, прарокаў Тваіх яны забілі, аброчнікі Твае абурылі, і я застаўся адзін, і шукаюць жыцьця майго».
Што ж гаворыць яму Божы адказ? — «Я пакінуў Сабе сем тысяч чалавек, якія не схілілі каленяў перад Ваалам».
ІІІто ж кажа яму адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужоў, каторыя ня клякалі перад Ваалам».
Так і ў цяперашні час, паводле абрання благадаці, захаваўся астатак.
Гэтак і цяпер засталася астача подле абраньня ласкі.
А калі паводле благадаці, то не паводле спраў; інакш благадаць не была б ужо благадаццю. Калі ж паводле спраў, то гэта ўжо не благадаць; інакш справа — гэта ўжо не справа.
Але калі ласкаю, дык ня з учынкаў; накш ласка ня была б ужо ласкаю. А калі з учынкаў, дык ужо няма з ласкі; накш учынак ня быў бы ўчынак.
Дык што ж? Ізраіль чаго шукаў, таго не атрымаў; абраныя ж атрымалі, а астатнія зрабіліся бясчу́лымі,
Што ж? Чаго шукаў Ізраель, таго не адзяржаў, але абраныя адзяржалі, а засталыя закалянелі,
як напíсана: «Бог даў ім дух здранцве́ласці, вочы, якімі не бачаць, і вушы, якімі не чуюць, аж па сённяшні дзень».
Як напісана: «Бог даў ім духа соннасьці, вочы ня бачаць, і вушы ня чуюць, дагэтуль».
І Давід кажа: «няхай будзе трапе́за іх па́сткаю, і сіло́м, і капка́нам, і адпла́таю ім;
І Давід кажа: «Няхай будзе стол іхны сілом а пасадкаю а спадманам і адплатаю ім;
няхай зацьмя́цца вочы іх, каб не бачылі, і спіна іх няхай сагне́цца назаўжды́».
Няхай вочы іхныя пацямнеюць, і хрыбет іхны будзе скрыўлены назаўсёды».
Дык я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасці? — Ні ў якім разе. Але ад іх падзення — спасенне язычнікам, каб абудзіць у іх раўнівасць.
Дык кажу: ці яны спатыкнуліся, каб паваліцца? Няхай ня станецца так! Але ўпадак іхны ё спасеньне народам, каб выклікаць завісьць у іх.
Калі ж іх падзенне — багацце для свету, і іх заняпа́д — багацце для язычнікаў, дык наколькі ж большая паўната іх!
Калі ж упадак іхны — багацьце сьвету, і страта іхная — багацьце народам, тым большая паўніня іхная.
Вам кажу, язычнікам: будучы Апосталам язычнікаў, я праслаўляю служэнне маё;
Бо вам кажу, народам: як апостал народаў, я ўслаўлю службу сваю,
можа не́як абуджу́ я раўнівасць у суродзічах маіх і спасу некаторых з іх?
Каб якім-колечы парадкам выклікаць завісьць тых, што майго цела, і спасьці некатрых ізь іх.
Бо калі адвяржэнне іх — прымірэнне свету, дык чым будзе прыняцце, калі не жыццём з мёртвых?
Бо калі адхіненьне іх будзе пагаджэньням сьвету, то што прыймо, як ня жыцьцё зь мертвых?
Калі рошчына святая, такое ж і цеста; і калі корань святы, такія ж і галіны.
Калі першы абраканы кавалак сьвяты, дык і цеста сьвятое; а калі карэнь сьвяты, дык і галузы.
Калі ж некаторыя з галін адламаліся, а ты, будучы дзікай аліваю, быў прышчэплены замест іх і стаў супольнікам кораня і соку алівы,
Калі ж некатрыя з галузаў адламіліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхнае і стала ўчасьніцаю караня й туку алівы,
то не ганарыся перад галінамі; а калі ганарышся, дык па́мятай, што не ты корань трымаеш, а корань — цябе.
Не хваліся супроці галузаў. Калі ж хвалішся, ведай, што ня ты карэнь нясеш, але карэнь цябе.
Ты скажаш: галіны адламаліся, каб мне быць прышчэпленым.
Скажаш: «Галіны адламіліся, каб імне прышчапіцца».
Добра. Яны адламаліся з-за нявер’я, а ты трымаешся вераю: не ганарыся, а бойся.
Добра. Яны адламіліся нявераю, а ты дзяржышся вераю; не вяльмуйся, але бойся.
Бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, то можа і цябе не пашкадаваць.
Бо калі Бог прыродных галузаў не пашчаджаў, ці й цябе пашчаджае.
Дык убач добрасць і строгасць Божую: строгасць да тых, якія адпа́лі, а добрасць Божую да цябе, калі застане́шся ў Яго добрасці; інакш і ты будзеш адсе́чаны.
Дык бачыш дабрыню й стродкасьць Божую: стродкасьць да адпалых, дабрыню Божую да цябе, калі будзеш трываць у дабрыні; накш і ты будзеш адцяты.
Але і тыя, калі не застану́цца ў нявер’і, будуць прышчэ́плены, таму што Бог ма́е сілу зноў прышчапіць іх.
Але й тыя, калі не застануцца ў няверы, прышчэпяцца, бо Бог дуж ізноў прышчапіць іх.
Бо калі ты быў адсе́чаны ад дзікай па прыродзе алівы і, насуперак прыродзе, прышчэплены да добрай алівы, дык тым больш гэтыя прыродныя будуць прышчэплены да сваёй алівы.
Бо калі ты адцяты зь дзікое прыродаю алівы і супроці прыроды прышчэплены да добрае алівы, пагатове тыя прыродныя прышчэпяцца да свае собскае алівы.
Не хачу я, браты, пакінуць вас у няведанні пра тайну гэтую, каб вы не лічылі самі сябе мудрымі: ажарсцвенне сталася з часткаю Ізраіля да таго, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў,
Бо я ня зычу, браты, каб вы былі ў неведзі што да гэтае тайны, — каб вы не мудрагелілі, — што закаляненьне часткава сталася Ізраелю, пакуль ня ўвыйдзе паўніня народаў,
і тады ўвесь Ізраіль спасёны будзе, як напíсана: «прыйдзе з Сіёна Збавіцель і адверне бязбожнасць ад Іакава;
І гэтак увесь Ізраель спасецца, як напісана: «Прыйдзе із Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якава;
і гэта ім ад Мяне запавет, калі здыму грахі іх».
І гэта ўмова ім ад Мяне, як Я здыйму зь іх грахі іхныя».
Адносна дабравесця — яны ворагі Богу дзеля вас, але адносна абра́ння — яны ўзлюбленыя Богам дзеля айцоў.
Узглядам дабравесьці яны непрыяцелі вам; а ўзглядам абраньня любовыя дзеля айцоў.
Бо дары́ і паклíканне Божае неадме́нныя.
Бо дары а пагуканьне Божыя нязьменныя.
Бо як і вы калісьці былí непаслухмянымі Богу, а цяпер памілаваны праз іх непаслухмянасць,
Бо як вы некалі былі непаслухменыя Богу, а цяпер дасяглі міласэрдзя з прычыны іх непаслухменства,
так і яны цяпер непаслухмяныя дзеля вашага памілавання, каб і самім ім быць памíлаванымі.
Так і яны цяпер не паслухалі, каб дзеля міласэрдзя вам і яны міласэрдзя дасяглі.
Бо ўсіх замкнуў Бог у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць.
Бо Бог замкнуў усіх у непаслухменстве, каб над усімі зьмілавацца.
О, бяздонне багацця, і прамудрасці, і ведання Божага! Якія неспасціжныя суды́ Яго і нязве́даныя шляхí Яго!
О глыбіня багацьцяў мудрасьці а ведзі Божае! Як неспатачальныя суды Ягоныя, і недасьледавальныя дарогі Ягоныя!
Бо хто спазна́ў розум Гасподні? Альбо хто быў дара́дцам Яго?
Бо хто пазнаў розум Спадароў? Або хто быў Яму параднікам?
Альбо хто папярэдне даў Яму, каб атрымаць адпла́ту?
Або хто даў яму ўперад, каб Ён меў аддаць яму?
Таму што ўсё — з Яго, і праз Яго, і дзеля Яго. Яму і слава на ве́кі. Амінь.
Бо ўсе зь Яго а Ім а да Яго. Яму слава на векі, амін.