Да Рымлянаў 11 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дык я пытаюся: няўжо Бог адкінуў Свой народ? Зусім не. Бо і я ізраільцянін з патомства Аўраамавага, племя Веньямінава.
 
Дык кажу: ціж адхінуў Бог люд Свой? Няхай ня станецца так! Бо я таксама Ізраелянін, з насеньня Абрагамовага, з плямені Веняміновага.

Не адкінуў Бог Свайго народа, які Ён наперад ведаў. Ці вы не ведаеце, што кажа Пісанне пра Ілію, як ён скардзіцца Богу на Ізраіля?
 
Не адхінуў Бог люду Свайго, каторы Ён наперад знаў. Ці ня ведаеце вы, што Пісьмо кажа ў «Ільлю», як ён адзываецца да Бога супроці Ізраеля?

«Госпадзе, прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі, і я застаўся адзін і шукаюць маёй душы»8.
 
«Спадару, прарокаў Тваіх яны забілі, аброчнікі Твае абурылі, і я застаўся адзін, і шукаюць жыцьця майго».

Але што кажа яму Боскі адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысяч чалавек, якія не схілілі каленяў перад Ваалам».
 
ІІІто ж кажа яму адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужоў, каторыя ня клякалі перад Ваалам».

Дык гэтак і ў цяперашні час, паводле выбару ласкі, захаваўся астатак.
 
Гэтак і цяпер засталася астача подле абраньня ласкі.

Але калі ласкаю, то ўжо не з учынкаў, а то ласка не была б ужо ласкаю.
 
Але калі ласкаю, дык ня з учынкаў; накш ласка ня была б ужо ласкаю. А калі з учынкаў, дык ужо няма з ласкі; накш учынак ня быў бы ўчынак.

Дык што? Чаго шукае Ізраіль, таго ён не дасягнуў; а выбраныя дасягнулі, астатнія ж акамянелі,
 
Што ж? Чаго шукаў Ізраель, таго не адзяржаў, але абраныя адзяржалі, а засталыя закалянелі,

як напісана: «Даў ім Бог дух атупення, вочы, каб не бачыць, і вушы, каб не чуць, аж да сённяшняга дня».
 
Як напісана: «Бог даў ім духа соннасьці, вочы ня бачаць, і вушы ня чуюць, дагэтуль».

І Давід кажа: «Няхай будзе стол іх пасткаю, і сілком, і спакусаю, і адплатаю ім,
 
І Давід кажа: «Няхай будзе стол іхны сілом а пасадкаю а спадманам і адплатаю ім;

няхай зацьмяцца іх вочы, каб не бачыць, і іх спіну сагні назаўсёды».
 
Няхай вочы іхныя пацямнеюць, і хрыбет іхны будзе скрыўлены назаўсёды».

Дык я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся так, што ўпалі? Зусім не. Але ў іх памылцы — выратаванне язычнікам, каб выклікаць рупнасць у іх.
 
Дык кажу: ці яны спатыкнуліся, каб паваліцца? Няхай ня станецца так! Але ўпадак іхны ё спасеньне народам, каб выклікаць завісьць у іх.

Калі ж іх памылка — багацце для свету, і іх страта — багацце язычнікам, то тым больш — іх паўната.
 
Калі ж упадак іхны — багацьце сьвету, і страта іхная — багацьце народам, тым большая паўніня іхная.

Вам жа кажу, язычнікам; дык як апостал язычнікаў я праслаўляю маё служэнне —
 
Бо вам кажу, народам: як апостал народаў, я ўслаўлю службу сваю,

ці не абуджу я рупнасць утых, хто аднаго са мною цела, і ці не выратую некаторых з іх?
 
Каб якім-колечы парадкам выклікаць завісьць тых, што майго цела, і спасьці некатрых ізь іх.

Бо калі адхіленне іх — прымірэнне свету, то які набытак іх, як не жыццё з мёртвых?
 
Бо калі адхіненьне іх будзе пагаджэньням сьвету, то што прыймо, як ня жыцьцё зь мертвых?

Калі жрошчына святая, то і цеста, і калі корань святы, то і галіны.
 
Калі першы абраканы кавалак сьвяты, дык і цеста сьвятое; а калі карэнь сьвяты, дык і галузы.

Калі ж некаторыя з галін былі адламаныя, і ты, дзікая аліва, быў прышчэплены між імі і стаў супольнікам кораня ўрадлівасці ў алівы, —
 
Калі ж некатрыя з галузаў адламіліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхнае і стала ўчасьніцаю караня й туку алівы,

то не выхваляйся перад галінамі; калі ж выхваляешся — ведай: не ты корань трымаеш, а корань цябе.
 
Не хваліся супроці галузаў. Калі ж хвалішся, ведай, што ня ты карэнь нясеш, але карэнь цябе.

Дык ты скажаш: «Галіны былі адламаныя, каб я быў прышчэплены».
 
Скажаш: «Галіны адламіліся, каб імне прышчапіцца».

Добра; яны былі адламаныя з-за нявер’я, а ты стаіш вераю. Не фанабэрся, а бойся;
 
Добра. Яны адламіліся нявераю, а ты дзяржышся вераю; не вяльмуйся, але бойся.

бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, то можа не пашкадаваць і цябе.
 
Бо калі Бог прыродных галузаў не пашчаджаў, ці й цябе пашчаджае.

Дык убач дабрыню і суровасць Божую: да тых, хто ўпаў, — суровасць, а да цябе — дабрыня Божая, калі будзеш заставацца ў Яго дабрыні, а то і ты будзеш адсечаны.
 
Дык бачыш дабрыню й стродкасьць Божую: стродкасьць да адпалых, дабрыню Божую да цябе, калі будзеш трываць у дабрыні; накш і ты будзеш адцяты.

Але і тыя, калі не застануцца ў нявер’і, будуць прышчэплены, бо Бог мае сілу зноў прышчапіць іх.
 
Але й тыя, калі не застануцца ў няверы, прышчэпяцца, бо Бог дуж ізноў прышчапіць іх.

Бо калі ты быў адсечаны ад дзікай з прыроды алівы і насуперак прыродзе прышчэплены да добрай алівы, то тым больш яны, прыродныя, будуць прышчэплены да сваёй уласнай алівы.
 
Бо калі ты адцяты зь дзікое прыродаю алівы і супроці прыроды прышчэплены да добрае алівы, пагатове тыя прыродныя прышчэпяцца да свае собскае алівы.

Бо я не хачу, каб вы, браты, не ведалі гэтай таямніцы, каб вам не быць разумнымі самім па сабе: акамяненне сталася Ізраілю часткова, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў.
 
Бо я ня зычу, браты, каб вы былі ў неведзі што да гэтае тайны, — каб вы не мудрагелілі, — што закаляненьне часткава сталася Ізраелю, пакуль ня ўвыйдзе паўніня народаў,

І так увесь Ізраіль будзе выратаваны, як напісана: «Прыйдзе з Сіёна Збаўца [і] адверне бязбожнасць ад Іякава.
 
І гэтак увесь Ізраель спасецца, як напісана: «Прыйдзе із Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якава;

І гэта ім ад Мяне запавет, калі Я здыму іх грахі».
 
І гэта ўмова ім ад Мяне, як Я здыйму зь іх грахі іхныя».

Згодна з дабравесцем яны ворагі дзеля вас, а згодна з абраннем — улюбёныя дзеля бацькоў.
 
Узглядам дабравесьці яны непрыяцелі вам; а ўзглядам абраньня любовыя дзеля айцоў.

Бо Божыя дары і пакліканне неадменныя.
 
Бо дары а пагуканьне Божыя нязьменныя.

Бо як вы былі некалі непакорлівыя Богу, цяпер жа вы памілаваныя праз іхнюю непакорлівасць,
 
Бо як вы некалі былі непаслухменыя Богу, а цяпер дасяглі міласэрдзя з прычыны іх непаслухменства,

так і яны цяпер не скарыліся, каб праз ласку да вас цяпер і яны былі памілаваныя.
 
Так і яны цяпер не паслухалі, каб дзеля міласэрдзя вам і яны міласэрдзя дасяглі.

Бо ўсіх Бог зняволіў непакораю, каб усіх Ён памілаваў.
 
Бо Бог замкнуў усіх у непаслухменстве, каб над усімі зьмілавацца.

О глыбіня багацця, мудрасці і ведання Божага! Як неспасціжныя Яго суды і недаследныя Яго шляхі!
 
О глыбіня багацьцяў мудрасьці а ведзі Божае! Як неспатачальныя суды Ягоныя, і недасьледавальныя дарогі Ягоныя!

Бо хто спазнаў розум Госпада? Або хто стаў Яму дарадцам?
 
Бо хто пазнаў розум Спадароў? Або хто быў Яму параднікам?

Або хто першы даў Яму, і таму будзе аддадзена?
 
Або хто даў яму ўперад, каб Ён меў аддаць яму?

Бо ўсё з Яго, і праз Яго, і да Яго. Яму хвала навекі. Амін.
 
Бо ўсе зь Яго а Ім а да Яго. Яму слава на векі, амін.