Да Рымлянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча
Дык якая перавага іудзея, ці якая карысць ад абразання?
Дык што за перавага ў Жыда, альбо што за карысьць із абразаньня?
Вялікая ва ўсіх адносінах. Перш за ўсё ў тым, што ім былі даручаны словы Божыя.
Шмат усяляк. Наўперад, што ім былі давераны Пісьмы Божыя.
Бо што? Калі некаторыя не ўверавалі, хіба іх нявер’е знішчыць веру Божую?
Бо што ж? Калі некатрыя былі няверныя, нявернасьць іхная памярцьвіць вернасьць Божую?
Зусім не2. Бог жа праўдзівы, а кожны чалавек ілгун, як напісана: «Праведны ў Тваіх словах і пераможаш у Тваім судзе».
Няхай ня станецца! Але няхай будзе Бог праўдзівы, а кажны чалавек манлівы, як напісана: «Каб Ты быў аправены ў словах Сваіх і перамог, як будзеш у судзе Сваім».
Калі ж наша няправеднасць паказвае праведнасць Божую, што скажам? Няўжо няправедны Бог, што наводзіць гнеў? Я кажу па-чалавечы.
А калі наша несправядлівасьць адкрывае справядлівасьць Божую, дык што мы скажам? што Бог несправядлівы, калі выказуе гнеў? (кажу палюдзку).
Зусім не. Бо як Бог будзе судзіць свет?
Няхай ня станецца! Бо як Богу судзіць сьвет?
А калі маёю маною праўда Божая ўзвышаецца для Яго славы, за што яшчэ я асуджаюся як грэшнік?
Бо калі праўда Божая маёй маною была ў збытку на славу Яму, чаму ж яшчэ я таксама бываю суджаны, як грэшнік?
І хіба не зневажаюць нас, і як некаторыя сцвярджаюць, што мы кажам: «Давайце рабіць зло, каб выйшла дабро». Суд над такімі справядлівы.
І ці ня чыньма ліха, каб сталася дабро, як нас крыўдна вінуюць, і як некатрыя несправядліва цьвердзяць, што мы казалі? Справядлівы суд на такіх.
Дык што? Ці маем мы перавагу? Ніколькі. Бо мы ўжо высветлілі раней, што і іудзеі, і эліны — усе пад грахом,
Дык што ж? Ці мы лепшыя? Ані не. Бо мы ўперад давялі, што як Жыды, так і Грэкі, усі пад грэхам,
як напісана: «Няма ніводнага праведнага,
Як было напісана: «Няма справядлівага ні воднага,
няма нікога, хто разумее, няма нікога, хто шукае Бога.
Няма разумеючага, ніхто ня шукае Бога;
Усе збіліся з дарогі, усе разам зрабіліся нягодныя; няма нікога, хто робіць дабро, няма ніводнага.
Усі адвярнуліся разам, сталі бескарысныя; няма чынячага дабрыню, няма ні воднага.
Горла іх — раскрытая магіла, сваімі языкамі яны ашуквалі, змяіны яд пад іх губамі;
Горла іхнае — адчынены гроб; языкамі сваімі ашукуюць; атрута гадава пад вуснамі іхнымі.
іх вусны поўныя пракляцця і гаркоты;
Рот іхны поўны праклёну а гарчэлі.
іх ногі хуткія на праліццё крыві;
Ногі іхныя борздыя на разьліцьцё крыві;
руйнаванне і няшчасце на іх дарогах,
Разьвярненьне а згуба на дарогах іхных;
а дарогі міру яны не пазналі.
І дарогі супакою яны не пазналі.
Няма страху Божага перад іх вачыма».
Няма страху Божага перад ачыма іхнымі».
Але мы ведаем, што ўсё, што гаворыць закон, ён гаворыць да тых, хто пад законам, каб усе вусны змоўклі і ўвесь свет стаў падсудны Богу;
Вось жа, мы ведаем, што што-колечы Закон кажа, кажа да тых, што пад Законам, каб кажны рот заткнёны быў і ўвесь сьвет апынуўся пад судам Божым,
бо са справаў закона не будзе апраўданы перад Ім ніякае цела: бо праз закон пазнаецца грэх.
Бо ўчынкамі Закону не аправіцца ніякае цела перад Ім, бо Законам пазнаецца грэх.
Але цяпер, незалежна ад закона, з’явілася праведнасць Божая, пра якую сведчаць закон і прарокі;
Але цяпер без Закону справядлівасьць Божая зьявілася, пасьветчаная Законам а прарокамі,
а праведнасць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх [і на ўсіх] вернікаў. Бо няма розніцы,
Справядлівасьць Божая перазь веру ў Ісуса Хрыста, у вусіх і на ўсіх вернікаў; бо нямаш розьніцы,
бо ўсе саграшылі і пазбаўлены3 славы Божай,
Бо ўсі ізграшылі і спабыты славы Божае,
і апраўдваюцца дарма Яго ласкай праз выкуп, што ў Ісусе Хрысце;
адзержуюць аправеньне дарма, з ласкі Ягонае, адкупленьням у Хрысту Ісусу,
Якога Бог паставіў у ахвяру прымірэння ў Яго крыві праз веру, каб выявіць Сваю праведнасць праз дараванне раней учыненых грахоў,
Каторага Бог выдаў на адкупленьне перазь веру ў кроў Ягоную, дзеля паказаньня справядлівасьці Свае ў дараваньню грахоў, уперад учыненых, у часе цярплівосьці Божае,
у цярплівасці Божай: для доказу Сваёй праведнасці ў цяперашні час, каб быць Яму праведнымі апраўдваць таго, хто веруе ў Ісуса.
Да паказаньня справядлівасьці Свае ў цяперашнім часе, каб Ён справядлівым быў і праўдзячым таго, хто зь веры Ісусавае.
Дык дзе ж пахвальба? Яна была выключана. Праз які закон? Закон учынкаў? Не, праз закон веры.
Дык ідзе хвальня? яна вылучана. Якім законам? учынкамі? Не, але законам веры.
Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад учынкаў закона.
Бо мы ўважаем, што людзіна правіцца вераю, бяз учынкаў Закону.
Хіба Ён Бог іудзеяў толькі? Ці не Ён і Бог язычнікаў? Так, і язычнікаў,
Ці Бог Жыдоў толькі? ці не народаў таксама? Але, таксама народаў;
бо сапраўды адзіны Бог, Які апраўдвае абрэзаных з веры і неабрэзаных праз веру.
Бо запраўды Бог адзін, Каторы праўдзе абразаньне подле веры і неабразаньне вераю.
Дык мы адмяняем закон праз веру? Зусім не, але мы закон сцвярджаем.
Дык мы касуем Закон вераю? Няхай ня станецца так! але Закон мацуем.