Адкрыцьцё 16 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава
Я пачуў, як гучны голас казаў са святыні сямі анёлам: «Ідзіце і выліце сем чашаў Божага гневу на зямлю».
І я пачуў голас моцны са Сьвятыні, гаворачы сямём Ангелам: ідзіце і выліце чары гневу Бога на зямлю.
Пайшоў першы і выліў сваю чашу на зямлю. З’явілася злаякасная і балючая язва на людзях, якія мелі кляймо звера і пакланяліся яго вобразу.
І пайшоў першы (Ангел) і выліў чару сваю на зямлю — і сталася рана, смуродная і балючая, на людзях, якія маюць кляймо зьвера і якія пакланяюцца абразу ягонаму.
Другі выліў сваю чашу ў мора, і яно стала як бы крывёю памерлага, а кожная жывая істота ў моры памерла.
І другі Ангел выліў чару сваю ў мора — і сталася кроў, як у мярцьвяка, і ўсякая жывая душа ў моры памерла.
Трэці выліў сваю чашу ў рэкі і крыніцы водаў, і яны сталі крывёю.
І трэйці Ангел выліў чару сваю ў рэкі і ў вытокі водаў — і сталася кроў.
Тады пачуў я анёла водаў, які казаў: «Справядлівы Ты, які ёсць і які быў, Святы, што так рассудзіў,
І я пачуў Ангела водаў, гаворачы: справядлівы, Госпадзе, Ты, Які ёсьць і быў, і Сьвяты, што гэтак асудзіў,
бо яны пралілі кроў прарокаў, і Ты даў ім піць кроў. Яны вартыя гэтага!»
таму, што кроў сьвятых і прарокаў яны пралілí, і Ты даў ім піць кроў, таму што яны варты.
І я пачуў, як казаў алтар: «Так, Пане Божа ўсемагутны, праўдзівыя і справядлівыя Твае прысуды!»
І пачуў я другога з ахвярніку, гаворачы: так, Госпадзе, Бог Уседзяржыцель, праўдзівыя і справядлівыя суды Твае.
Чацвёрты выліў сваю чашу на сонца, і было дадзена яму паліць людзей агнём.
І чацьвёрты Ангел выліў чару сваю на сонца — і дадзена было яму пра́жыць людзей агнём.
А людзі, апаленыя вялікай спёкай, пачалі блюзнерыць супраць імя Бога, які мае ўладу над гэтымі бедствамі, і не апамяталіся, каб праславіць Яго.
І спра́жаны былі людзі сьпякотай моцнай, і зьняважылі Імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі; і ня пакаяліся, каб уздаць Яму славу.
Пяты выліў чашу сваю на трон звера, і зацьмілася каралеўства яго, а людзі ад болю грызлі свае языкі.
І пяты Ангел выліў чару сваю на пасад зьвера — і сталася валадарства ягонае пакрытым цемраю, і яны кусалі языкі свае ад пакуты.
Яны пачалі блюзнерыць супраць Бога неба за свой боль і за свае язвы, і не адвярнуліся ад сваіх учынкаў.
І зьняважылі Бога Неба з-за пакутаў сваіх, і з-за ранаў сваіх; і ня пакаяліся ва ўчынках сваіх.
Шосты выліў сваю чашу на вялікую раку Еўфрат. І высахла яе вада, каб была падрыхтавана дарога для каралёў з Усходу.
І шосты Ангел выліў чару сваю на вялікую раку Яўпрат, і высушана была вада ейная, каб была прыгатавана дарога для валадароў, якія ад усходу сонца.
Убачыў я, як з пашчы цмока, і з пашчы звера, і з пашчы фальшывага прарока выходзілі тры нячыстыя духі, быццам жабы.
І ўбачыў (я выходзячых) із роту дракона і із роту зьвера, і із роту ілжэпрарока трох нячыстых духаў, падобных да жабаў:
Былі гэта духі дэманаў, якія рабілі знакі. Яны выходзяць да каралёў усяго свету, каб сабраць іх на бітву ў гэты вялікі дзень ўсемагутнага Бога.
яны ёсьць духі дэманаў, робячыя знакі, каб выходзіць да валадароў зямлі і ўсяго сьвету, каб сабраць іх на вайну Таго Дня вялікага — (Дня) Бога Уседзяржыцеля.
Вось, прыходжу як злодзей. Шчаслівы той, хто не спіць і пільнуе сваё адзенне, каб не хадзіць голаму і каб не бачылі яго сораму.
Вось, іду, як злодзей. Шчасьлівы, хто пільны і беражэ вопраткі свае, каб ня хадзіць яму голым і (каб) ня ўбачылі сораму ягонага.
І сабралі іх у месца, якое па-габрэйску называецца Армагедон.
І ён сабраў іх на мейсца, што завецца па-жыдоўску Армагеддон.
Сёмы анёл выліў сваю чашу ў паветра, і выйшаў вялікі голас са святыні ад трона, кажучы: «Сталася!»
І сёмы Ангел выліў чару сваю ў паветра — і прагучаў голас моцны са Сьвятыні Неба, з Пасаду, гаворачы: сталася!
Пачаліся маланкі, шум, грымоты, і адбыўся вялікі землятрус, якога не было ад часу, калі чалавек з’явіўся на зямлі. Такі моцны, вельмі вялікі землятрус.
І сталіся галасы і громы, і маланкі, і зрабіўся вялікі землятрус, якога ня было з той (пары, як) людзі зьявіліся на зямлі. Гэткі вялікі землятрус, гэткі вялікі!
Вялікі горад распаўся на тры часткі, упалі гарады язычнікаў. Вялікі Бабілён быў згаданы перад Богам, каб даць яму келіх віна Яго лютага гневу.
І развалілася места вялікае на тры часткі, і месты паганаў зруйнаваліся, і Бабілёнія вялікая ўспомнена перад Богам, (каб) даць ёй чару віна лютасьці гневу Ягонага.
Знікла кожная выспа, і не знайшлося гор.
І ўсякі востраў счэз, і гораў ня стала;
Вялізны град вагою з талант пасыпаўся з неба на людзей. Людзі пачалі блюзнерыць супраць Бога за бедства граду, бо гэтае бедства было вельмі вялікім.
і град вялікі, як талант, упаў зь неба на людзей; і зьняважылі людзі Бога з-за плягі ад граду, таму што пляга ад яго была вельмі вялікай.