1 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Вітаўта Тумаша
Паколькі мы не маглі далей вытрымаць, то захацелі самі застацца ў Атэнах
і паслалі да вас Цімафея, брата нашага і супрацоўніка Бога ў абвяшчэнні Хрыстовага Евангелля дзеля вашага ўмацавання і падтрымання вашай веры,
каб ніхто не зняверыўся сярод гэтага ўціску. Вы ж самі ведаеце, што мы на гэта прызначаны.
Калі былі ў вас, мы ўжо казалі вам, што павінны будзем цярпець уціск. І вы ведаеце, што так і сталася.
Таму і я ўжо не мог далей стрымацца і паслаў даведацца пра вашую веру, ці не зводзіць вас спакушальнік і ці не дарэмнай была нашая праца.
Цяпер прыбыў ад вас Цімафей і прынёс добрыя весткі пра вашую веру і любоў, і што вы добра ўсцяж успамінаеце пра нас, жадаючы пабачыцца з намі, як і мы з вамі.
Ва ўсёй нядолі і ўціску нашым вашая вера, браты, падтрымлівала нас.
Бо цяпер мы жывём, калі вы трываеце ў Пану.
Як жа можам аддзячыць Богу за ўсю радасць, якую маем за вас перад Богам нашым,
калі ўначы і ўдзень горача молімся, каб убачыць вас і дапоўніць тое, чаго не хапае вашай веры?
Сам Бог і Айцец наш, і Пан наш Езус няхай скіруе да вас наш шлях.
А Пан няхай памножыць вас і перапоўніць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, якую і мы маем да вас,
каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у час прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі.