1 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І таму, ня могучы болей трываць, мы захацелі застацца ў Афінах адны,
 

і паслалі Цімафея, брата нашага і службіта Божага і супрацоўніка нашага ў зьвеставаньні Хрыстовым, каб умацаваць вас і суцешыць у веры вашай,
 

каб ніхто не пахіснуўся ў смутках нашых; бо вы самі ведаеце, што так нам наканавана.
 

Бо мы і тады, калі былі ў вас, прадказвалі вам, што будзем пакутаваць, як і здарылася, і вы ведаеце.
 

Таму і я, не чакаючы болей, паслаў даведацца пра веру вашую, каб як не спакусіў вас змусьціцель і ня сталася марнаю праца нашая.
 

А цяпер, калі прыйшоў да нас ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашую, і што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, хочучы нас бачыць, як і мы вас, —
 

дык мы, пры ўсім смутку і гароце нашай, суцешыліся з вамі, браты, дзеля вашай веры;
 

бо цяпер мы жывыя, калі вы стаіце ў Госпадзе.
 

Якую падзяку можам мы ўзьнесьці Богу за вас, за ўсю радасьць, якою радуемся за вас перад Богам нашым,
 

ноч і дзень найруплівей молячыся за тое, каб бачыць аблічча ваша і дапоўніць, чаго не ставала веры вашай?
 

А Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Ісус Хрыстос хай скіруе шлях наш да вас.
 

А вас Гасподзь хай напоўніць любоўю ўзаемнай і да ўсіх, якою мы поўныя да вас,
 

каб умацаваць сэрцы нашыя беззаганнымі ў сьвятыні прад Богам і Айцом нашым у прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі Ягонымі. Амін.