1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Паўла і Сілуан і Цімахве́й — царкве́ Фесалонікійцаў у Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысьце́: ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Заўсёды дзякуем Богу за ўсіх вас, успамінаючы аб вас у малітвах нашых,
нясупынна памятаючы аб вашым дзе́ле ве́ры і аб працы любві і цярплівасьці надзе́і на Госпада нашага Ісуса Хрыста нерад Богам і Айцом нашым,
ве́даючы выбраньне вашае, умілаваныя Богам браты;
бо нашае дабраве́шчаньне ня было да вас у слове толькі, але і ў сіле, і ў Сьвятым Духу, і ў сьвядоцтвах, як вы самі ве́даеце, якімі былі мы для вас міжы вамі.
І вы сталіся насьледава́льнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў вялікім горы з радасьцяй Духа Сьвятога,
аж вы сталіся ўзорам для ўсіх ве́руючых у Македоніі і Ахайі.
Бо ад вас праняслося слова Гасподняе ня толькі ў Македоніі і Ахайі, але і ў-ва ўсякім ме́сцы прайшла слава аб ве́ры вашай у Бога, дык мы ня маем патрэбы не́шта казаці.
Бо самі яны аб нас абвяшчаюць, які ўваход ме́лі мы да вас, і як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму
і ждаць з нябёсаў Сына Яго, Якога Ён ускрасіў із мёртвых, Ісуса, што збаўляе нас ад надыходзячага гне́ву.