Да Эфэсянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, — сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце́ Ісусе:
ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Багасла́ўлены Бог і Аце́ц Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які пабагаславіў нас у Хрысьце́ ўсякім духоўным багаслаўле́ньнем у нябёсах,
бо Ён выбраў нас у Ім да стварэньня сьве́ту, каб быць нам сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у любві,
празначыўшы нас на ўсынаўленьне Сабе́ праз Ісуса Хрыста з ласкавасьці волі Свае́й,
на пахвалу славы ласкі Свае́й, Ён абдорыў нас у ўмілаваным,
у Якім ма́ем адкупле́ньне Крывёю Яго, адпушчэньне грахоў, водле багацьця ласкі Яго,
якую Ён размножыў нам у ўсякай мудрасьці і розуме,
даўшы нам пазнаць тайну волі Свае́й, праз ласкавасьць Сваю, што ране́й пастанавіў у Сабе́,
дзеля ўпарадкаваньня поўні часоў, каб усё было пад галавою Хрыстом, тое, што ў нябёсах, і тое, што на зямлі.
У Ім, у Якім мы і сталіся насьле́днікамі, былі мы напе́рад празначаны на гэта празначэньнем Таго, Хто ўсё выпаўняе хаценьнем волі Свае́й,
каб быць нам на пахвалу славы Яго, нам, што ране́й спадзяваліся на Хрыста;
у Ім і вы, пачуўшы слова праўды, Эвангельле вашага збаўле́ньня, і ўве́раваўшы ў Яго, запячатаны Духам Сьвятым прырачэньня,
які ёсьць залог спадчыны нашае на выкуп удзе́лу, на пахвалу славы Яго.
Дзеля гэтага і я, пачуўшы аб вашай ве́ры ў Хрыста Ісуса і аб любві да ўсіх сьвятых,
няўстанна дзякую за вас Богу , успамінаючы вас у малітвах маіх,
каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Аце́ц славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на пазнаньне Яго,
прасьве́тленыя вочы сэрца вашага, каб вы пазналі, якая ёсьць надзе́я пакліканьня Яго, ды якое багацьце слаўнае спадчыны Яго для сьвятых,
ды як бязьме́рная ве́ліч магутнасьці Яго ў нас, ве́руючых праз дзе́янне магутнае сілы Яго,
Якую Ён зьдзе́яў у Хрысьце́, ускрасіўшы Яго з паме́ршых і пасадзіўшы праваруч сябе́ на нябёсах,
вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і панаваньне, і ўсякае імя, названае ня толькі ў гэтым ве́ку, але і ў будучым,
і ўсё пакарыў пад ногі Яго І даў Яго за галаву над усім у Царкве́,
якая ёсьць Яго це́ла, поўня Напаўняючага ўсё ў-ва ўсім.