1 да Карынфянаў 9 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Ці я не апостал? Ці я ня вольны? Ці я ня бачыў Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не маё вы дзе́ла ў Госпадзе?
Ці я не апостал? Ці я ня вольны? Ці я ня бачыў Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці вы — не мая справа ў Госпадзе?
Калі для другіх я не апостал, дык-жа для вас; бо пячатка майго апостальства — вы ў Госпадзе.
Калі для другіх я не апостал, але не для вас; бо пячатка майго апостальства — гэта вы ў Госпадзе.
Вось гэткі адказ тым, што судзяць мяне́.
Вось такая мая абарона перад тымі, якія судзяць мяне.
Ці мы ня маем улады е́сьці ды піць?
Ці мы ня маем улады есьці і піць?
Ці ня маем улады ме́ць снадарожніцаю сястру-жонку, як і рэшта Апосталаў, і браты Госпадавы, і Кіфа?
Ці ня маем улады хадзіць з сястрою жонкаю, як і пазасталыя апосталы, і браты Госпадавы, і Кіфа?
Ці адзін я і Варнава ня маем улады непрацаваць?
Ці адзін я і Барнаба ня маем улады не працаваць?
Хто калі служыць на свой кошт? Хто садзіць вінаград і ня е́сьць пладоў яго? Ці хто пасе́ць статак і ня е́сьць малака ад статку?
Хто калі служыць у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаград і ня есьць пладоў яго? Ці хто пасе статак і ня есьць малака ад статку?
Ці толькі па-чалаве́чаму я гэтае гавару? Ці ня кажа гэтае самае і закон?
Ці толькі па-чалавечаму я гэтае гавару? Ці ня кажа гэтае самае і Закон?
Бо ў Майсе́явым законе напісана: не завязвай роту валу малоцячы (Другазаконьне 25:4). Ці аб валох клапоціцца Бог?
Бо ў Законе Майсея напісана: «Не завязвай пысы валу, які малоціць». Ці пра валоў клапоціцца Бог?
Ці дзеля нас агулам гаворыцца? Бо гэта дзеля нас напісана, што, хто гарэ, павінен араць з надзе́яй, і, хто малоціць, — з надзе́яй атрымаць, на што спадзяе́цца.
Ці дзеля нас наогул гаворыць? Бо дзеля нас напісана, што той, хто арэ, павінен араць з надзеяй, і той, хто малоціць, [малаціць] з надзеяй атрымаць тое, на што спадзяецца.
Калі мы пасе́ялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі пажне́м у вас цяле́снае?
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі пажнем у вас цялеснае?
Калі другія — ўчасьнікі ўлады над вамі, дык ці мы не бале́й? Аднак, мы не скарысталі з гэтае ўлады, але ўсё це́рпім, каб не ўчыніць якое перашкоды Эвангельлю Хрыстоваму.
Калі другія атрымліваюць уладу над вамі, ці ня больш мы? Але мы не скарысталі з гэтае ўлады, але ўсё вытрымліваем, каб не ўчыніць якое перашкоды Эвангельлю Хрыстоваму.
Ці-ж ня ве́даеце, што тыя, хто пры сьвятым працуе, ядуць із сьвятога? Што паслугуючыя пры ахварніку бяруць долю ад ахвярніка?
Ці вы ня ведаеце, што тыя, якія пры сьвятым працуюць, ядуць са сьвятыні? Што тыя, якія паслугуюць пры ахвярніку, бяруць частку ад ахвярніка?
Гэтак і Госпад загадаў тым, што Эвангельле абвяшчаюць, жыць ад Эвангельля.
Гэтак і Госпад загадаў тым, якія абвяшчаюць Эвангельле, жыць ад Эвангельля.
Але я нічым з гэтага не карыстаўся; напісаў жа гэтае не дзеля таго, каб гэтак рабілася для мяне́, бо для мяне́ ле́пей паме́рці, чым каб хто зьнішчыў славу маю.
Але я нічым з гэтага не скарыстаўся; напісаў жа гэтае не дзеля таго, каб гэтак было для мяне, бо для мяне лепш памерці, чым каб хто прынізіў пахвалу маю.
Бо, калі я абвяшчаю Эвангельле, дык няма мне́ славы, бо на мне́ ляжыць абавязак, і гора мне́, калі я не абвяшчаю Эвангельля.
Бо, калі я абвяшчаю Эвангельле, няма мне чым хваліцца, бо абавязак ляжыць на мне, і гора мне, калі я не абвяшчаю Эвангельля.
Бо, калі ро́блю гэтае свае́й ахвотай, дастану маю нагароду; а калі супраць волі, дык выпаўню абавязак.
Бо калі я раблю гэтае сваёй ахвотай, маю нагароду, а калі супраць волі, [выконваю] даверанае гаспадараваньне.
За што-ж мне́ нагарода? За тое, што, апавядаючы задарма́ Эвангельле, падаю ве́стку аб Хрысьце́, не карыстаючыся мае́ю ўладаю ў Эвангельлі.
Дык якая мая нагарода? Што, дабравесьцячы, бяз платы выкладаю Эвангельле Хрыстовае, не карыстаючыся маёю ўладаю ў Эвангельлі.
Бо, будучы вольным ад усіх, я падняволіў сябе́ ўсім, каб больш прыдбаці:
Бо, будучы вольным ад усіх, я паняволіў сябе ўсім, каб многіх здабыць.
для Юдэяў я быў, як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для падзаконных я быў, як падзаконны, каб здабыць падзаконных;
І я стаўся для Юдэяў, як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для тых, якія пад Законам, — як той, што пад Законам, каб здабыць тых, якія пад Законам;
для нямаючых закону — як беззаконны (ня будучы беззаконным перад Богам, але падзаконным Хрысту), — каб здабыць беззаконных;
для тых, якія без Закону, — як без Закону, ня будучы без Закону перад Богам, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, якія без Закону;
для нядужых быў, як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб наагул збавіць не́кага.
я стаўся для тых, якія слабыя, як слабы, каб здабыць тых, якія слабыя. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб хоць некага збавіць.
Роблю-ж гэта дзеля Эвангельля, каб быць учасьнікам Яго.
А гэта я раблю дзеля Эвангельля, каб стацца ўдзельнікам яго.
Ці ня ве́даеце, што бе́гаючыя на стадыоне бягуць усе́, але нагароду дастае́ адзін? Дык бяжыце, каб дастаць.
Ці вы ня ведаеце, што тыя, якія бягуць на стадыёне, бягуць усе, але адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце, каб атрымаць.
Кожын, хто змагаецца, узьдзе́ржываецца ад усяго: тыя — каб дастаць вяне́ц тле́нны, а мы — нятле́нны.
А кожны, хто змагаецца, устрымліваецца ад усяго: тыя — каб атрымаць вянок зьнішчальны, а мы — незьнішчальны.
Вось-жа я бягу, не як на няпэўнае, б’юся, не як паве́тра б’ючы;
Дык я бягу, не як на няпэўнае, змагаюся, не як паветра б’ючы,
але я ўсьцішаю і няволю це́ла мае́, каб, прапаве́дываючы другім, самому не астацца нікчэмным.
але я вымучваю і няволю цела маё, каб, абвяшчаючы другім, самому ня стацца нявартым.