1 да Карынфянаў 9 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Ці я не апостал? Ці я ня вольны? Ці я ня бачыў Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не маё вы дзе́ла ў Госпадзе?
 
Ці не апостал я? Ці ня вольны я? Ці ня бачыў я Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не мая дзея вы ў Госпадзе?

Калі для другіх я не апостал, дык-жа для вас; бо пячатка майго апостальства — вы ў Госпадзе.
 
Калі іншым я не апостал, дык для вас апостал, бо пячаць майго апостальства — вы ў Госпадзе.

Вось гэткі адказ тым, што судзяць мяне́.
 
Вось мая абарона супроць асуднікаў маіх.

Ці мы ня маем улады е́сьці ды піць?
 
Альбо мы ня маем улады есьці і піць?

Ці ня маем улады ме́ць снадарожніцаю сястру-жонку, як і рэшта Апосталаў, і браты Госпадавы, і Кіфа?
 
Альбо ня маем улады мець спадарожніцаю сястру жонку, як і астатнія апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа?

Ці адзін я і Варнава ня маем улады непрацаваць?
 
Альбо адзін я і Варнава ня маем улады не працаваць?

Хто калі служыць на свой кошт? Хто садзіць вінаград і ня е́сьць пладоў яго? Ці хто пасе́ць статак і ня е́сьць малака ад статку?
 
Які ваяр служыць калі-небудзь сваім коштам? Хто, пасадзіўшы вінаград, ня есьць пладоў яго? Хто, пасучы статак, ня есьць малака ад статку?

Ці толькі па-чалаве́чаму я гэтае гавару? Ці ня кажа гэтае самае і закон?
 
Ці толькі па людзкой развазе я гэта кажу? Ці ня тое самае кажа і закон?

Бо ў Майсе́явым законе напісана: не завязвай роту валу малоцячы (Другазаконьне 25:4). Ці аб валох клапоціцца Бог?
 
Бо ў Майсеевым законе напісана: «ня цугляй мызу валу, які малоціць». Ці пра валоў дбае Бог?

Ці дзеля нас агулам гаворыцца? Бо гэта дзеля нас напісана, што, хто гарэ, павінен араць з надзе́яй, і, хто малоціць, — з надзе́яй атрымаць, на што спадзяе́цца.
 
Альбо, можа, нам гаворыцца? Так, нам гэта напісана; бо, хто арэ, павінен араць з надзеяю, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяю атрымаць спадзяванае.

Калі мы пасе́ялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі пажне́м у вас цяле́снае?
 
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, дык ці вялікае тое, калі пажнём у вас цялеснае?

Калі другія — ўчасьнікі ўлады над вамі, дык ці мы не бале́й? Аднак, мы не скарысталі з гэтае ўлады, але ўсё це́рпім, каб не ўчыніць якое перашкоды Эвангельлю Хрыстоваму.
 
Калі іншыя маюць у вас уладу, дык ці ня болей мы? Але мы не карысталіся гэтай уладай, а ўсё пераносім, каб не паставіць якое перашкоды зьвеставаньню Хрыстоваму.

Ці-ж ня ве́даеце, што тыя, хто пры сьвятым працуе, ядуць із сьвятога? Што паслугуючыя пры ахварніку бяруць долю ад ахвярніка?
 
Хіба ня ведаеце, што слугі пры храме кормяцца з храма? што слугі пры ахвярніку бяруць долю з ахвярніка?

Гэтак і Госпад загадаў тым, што Эвангельле абвяшчаюць, жыць ад Эвангельля.
 
Так сама і Гасподзь наказаў прапаведнікам Дабравесьця жыць са зьвеставаньня.

Але я нічым з гэтага не карыстаўся; напісаў жа гэтае не дзеля таго, каб гэтак рабілася для мяне́, бо для мяне́ ле́пей паме́рці, чым каб хто зьнішчыў славу маю.
 
Але я не карыстаўся нічым такім. І напісаў гэта на тое, каб так было мне; бо мне лепей памерці, чым каб хто зьнішчыў славу маю.

Бо, калі я абвяшчаю Эвангельле, дык няма мне́ славы, бо на мне́ ляжыць абавязак, і гора мне́, калі я не абвяшчаю Эвангельля.
 
Бо, калі я зьвястую, дык няма мне чым хваліцца, бо гэта мусовы абавязак мой, і гора мне, калі не зьвястую!

Бо, калі ро́блю гэтае свае́й ахвотай, дастану маю нагароду; а калі супраць волі, дык выпаўню абавязак.
 
Бо калі раблю гэта з добрае волі, дык мецьму ўзнагароду; а калі ня з добрае волі, дык выконваю толькі даверанае мне служэньне.

За што-ж мне́ нагарода? За тое, што, апавядаючы задарма́ Эвангельле, падаю ве́стку аб Хрысьце́, не карыстаючыся мае́ю ўладаю ў Эвангельлі.
 
За што ж мне ўзнагарода? За тое, што, прапаведуючы Дабравесьце, зьвястую пра Хрыста бескарысьліва, не карыстаючыся маёй уладаю ў зьвеставаньні.

Бо, будучы вольным ад усіх, я падняволіў сябе́ ўсім, каб больш прыдбаці:
 
Бо, будучы вольны ад усіх, я зрабіўся слугою ўсім, каб болей здабыць:

для Юдэяў я быў, як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для падзаконных я быў, як падзаконны, каб здабыць падзаконных;
 
для Юдэяў я быў як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для падзаконных быў як падзаконны, каб здабыць падзаконных;

для нямаючых закону — як беззаконны (ня будучы беззаконным перад Богам, але падзаконным Хрысту), — каб здабыць беззаконных;
 
для тых, хто без закона, — як той, хто без закона, — будучы з законам перад Богам, але падзаконны Хрысту, — каб здабыць тых, хто без закона;

для нядужых быў, як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб наагул збавіць не́кага.
 
для нямоглых быў як нямоглы, каб здабыць нямоглых. Для ўсіх я зрабіўся ўсіхнім, каб уратаваць, прынамсі, некаторых.

Роблю-ж гэта дзеля Эвангельля, каб быць учасьнікам Яго.
 
А гэта раблю дзеля Дабравесьця, каб быць саўдзельнікам яго.

Ці ня ве́даеце, што бе́гаючыя на стадыоне бягуць усе́, але нагароду дастае́ адзін? Дык бяжыце, каб дастаць.
 
Хіба ня ведаеце вы, што тыя, якія бягуць навыперадкі, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць.

Кожын, хто змагаецца, узьдзе́ржываецца ад усяго: тыя — каб дастаць вяне́ц тле́нны, а мы — нятле́нны.
 
Усе падзьвіжнікі ўстрымліваюцца ад усяго: тыя — каб атрымаць вянок тленны, а мы — нятленны.

Вось-жа я бягу, не як на няпэўнае, б’юся, не як паве́тра б’ючы;
 
І таму я бягу ня так, як бы марна, б’юся ня так, каб толькі махаць кулакамі ў паветры;

але я ўсьцішаю і няволю це́ла мае́, каб, прапаве́дываючы другім, самому не астацца нікчэмным.
 
а ўрымшчваю і занявольваю цела маё, каб, прапаведуючы іншым, самому ня стацца нявартым.