1 да Карынфянаў 3 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І я ня мог гаварыць вам, браты, як духоўным, але як цяле́сным, як малале́ткам у Хрысьце́.
 
І я ня мог гутарыць з вамі, браты, як з духоўнымі, а як з плоцкімі, як зь немаўляткамі ў Хрысьце.

Я паіў вас малаком, а ня стравай, бо вы былі яшчэ ня ў сілах, дый цяпе́р ня ў сілах, бо вы яшчэ цяле́сныя.
 
Я ўзгадаваў вас малаком, а ня цьвёрдаю ежаю; бо вы яшчэ не маглі есьці яе, ды і цяпер яшчэ ня можаце.

Бо, калі між вамі зайздрасьць, спрэчкі і нязгода, дык ці не цяле́сныя вы? і ці не па чалаве́чаму паступаеце?
 
Бо вы яшчэ плоцкія. Бо, калі паміж вамі зайздрасьць, звады і несугалосіца, дык ці ж ня плоцкія вы? і ці ня па людзкім звычаі робіце?

Бо, калі адзін кажа: я — Паўлавы, а другі: я — Апалёсавы, дык ці не цяле́сныя вы?
 
Бо, калі адзін кажа: «Я Паўлаў», а другі: «я Апалосаў», дык ці ж ня плоцкія вы?

Хто Паўла? Кто Апалёс? Яны — толькі служкі, праз якіх вы ўве́равалі, дый як кожнаму даў Госпад.
 
Хто Павал? хто Апалос? Яны толькі слугі, празь якіх вы ўверавалі, і пры тым як каму даў Гасподзь.

Я пасадзіў, Апалёс паліваў, але ўзрасьціў Бог;
 
Я пасадзіў, Апалос паліваў, а ўзрасьціў Бог;

ды гэтак і той, хто садзіў, і хто паліваў ёсьць нішто, а хто ўзрашчае — Бог.
 
а таму і той, хто садзіць, і хто палівае, ёсьць нішто, а ўсё Бог, Які дае рост.

Хто садзіць і хто палівае ёсьць адно; але кожны возьме сваю заплату водле сваёй працы.
 
І хто садзіць і хто палівае — адно; але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.

Бо мы — супрацоўнікі Бога; вы — Божая ніва, Божая будыніна.
 
Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова.

Я, водле данай мне́ ад Бога ласкі, як мудры будаўнічы, залажыў фунда́мант, а другі стаўляе дом; кожны-ж хай глядзіць, як будуе.
 
Я, па дадзенай мне ад Бога мілаце, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а другі будуе на ім: але кожны ўважай, як будуе.

Бо ніхто ня можа пакласьці другога фунда́манту, апрача закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
 
Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурка, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.

Ці хто будуе на гэным фундаманьце з золата, серабра, дарагіх каме́ньняў, дрэва, сена, трысьця, —
 
Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы,

кожнага дзе́ла выявіцца; бо дзе́нь пакажа, бо ў вагні выкрываецца, і агонь выпрабоўвае дзе́ла кожнага, якое яно ёсьць.
 
дзея кожнага выявіцца: бо дзень пакажа; таму што ў вагні выкрываецца, і вагонь выпрабоўвае дзею кожнага, якая яна ёсьць.

Калі чые́ дзе́ла, што ён будаваў, вытрывае, той дастане заплату.
 
У каго дзея, якую ён будаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду;

А чые́ дзе́ла згарыць, шкоду ме́ці будзе, сам жа спасе́цца, ды так, як-бы праз агонь.
 
а ў каго дзея згарыць, той мецьме шкоду; урэшце сам уратуецца, але так, як бы з вагню.

Ці-ж ня ве́даеце, што вы — храм Божы, і Дух Божы жыве́ ў вас?
 
Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?

Калі-ж хто зруйнуе храм Божы, зьніштожыць таго Бог, бо храм Божы — сьвяты; гэта-ж ёсьць вы.
 
Калі хто абкрадзе сьвятыню Божую, таго пакарае Бог, бо сьвятыня Божая сьвятая; і гэтая сьвятыня — вы.

Ніхто хай сам сябе́ не ашуківае: калі хто з вас думае быць мудрым у гэтым ве́ку, станься дурным, каб быць мудрым.
 
Ніхто не ашуквай сам сябе; калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, той хай будзе неразумны, каб быць мудрым.

Бо мудрасьць сьве́ту гэтага ёсьць дурнота нерад Богам, як напісана: зловіць мудрых у хітрасьці іх (Іоў 5:13).
 
Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць неразумнасьць перад Богам, як напісана: «ловіць мудрых у хітрасьці іхняй».

І яшчэ: Госпад ве́дае разважаньні мудрых, што яны марныя (Псальм 93:11).
 
І яшчэ: «Гасподзь ведае мудрошчы мудрацоў, што яны марныя».

Дык ніхто не хваліся ў людзе́й, бо вашае — ўсё:
 
Таму вось, няхай ніхто ня хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае:

ці Паўла, ці Апалёс, ці Кіфа, ці сьве́т, ці жыцьце, ці сьме́рць, ці цяпе́рашняе, ці будучае, — усё вашае;
 
ці то Павал, ці Апалос, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяпершчына, а ці наступнае, — усё ваша;

вы-ж — Хрыстовыя. а Хрыстос — Божы.
 
а вы — Хрыстовыя, а Хрыстос — Божы.