1 да Карынфянаў 9 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Ці ня вольны я? Ці не апостал я? Ці ня бачыў я Ісуса Хрыста, Спадара нашага? Ці не мая праца вы ў Спадару?
 
Ці не апостал я? Ці ня вольны я? Ці ня бачыў я Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не мая дзея вы ў Госпадзе?

Калі іншым я не апостал, дык запраўды вам; бо пячаць майго апосталства вы ў Спадару.
 
Калі іншым я не апостал, дык для вас апостал, бо пячаць майго апостальства — вы ў Госпадзе.

Во мая абарона ад судлівячых мяне.
 
Вось мая абарона супроць асуднікаў маіх.

Ці мы ня маем права есьці й піць?
 
Альбо мы ня маем улады есьці і піць?

Ці ня маем права мець спадарожніцаю сястру жану, як і іншыя апосталы а браты ў Спадару а Кіфа?
 
Альбо ня маем улады мець спадарожніцаю сястру жонку, як і астатнія апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа?

Або адзін я а Варнава ня маем права не рабіць?
 
Альбо адзін я і Варнава ня маем улады не працаваць?

І які жаўнер ваюе на свой кошт? Хто, засадзіўшы вінішча, ня есьць пладоў ізь яго? Хто, пасучы чараду, ня есьць малака ад чарады?
 
Які ваяр служыць калі-небудзь сваім коштам? Хто, пасадзіўшы вінаград, ня есьць пладоў яго? Хто, пасучы статак, ня есьць малака ад статку?

Ці я кажу гэта палюдзку? Ці й Закон гэтага ня кажа?
 
Ці толькі па людзкой развазе я гэта кажу? Ці ня тое самае кажа і закон?

Бо ў Законе Масеявым напісана: «Не завяжаш пыску валу малоцячаму». Ці праз валы рупіцца Бог?
 
Бо ў Майсеевым законе напісана: «ня цугляй мызу валу, які малоціць». Ці пра валоў дбае Бог?

Ці ня супоўна дзеля нас кажацца? Бо нам гэта напісана; бо хто арэць, мае араць із надзеяю, хто малоце, із спадзеваю мець дзель.
 
Альбо, можа, нам гаворыцца? Так, нам гэта напісана; бо, хто арэ, павінен араць з надзеяю, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяю атрымаць спадзяванае.

Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікае гэта, калі пажнем у вас цялеснае?
 
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, дык ці вялікае тое, калі пажнём у вас цялеснае?

Калі іншыя маюць у вас права мець дзель, ці не пагатове мы? Мы, адылі, не карыстаем із гэтага права, але ўсе церпім, каб не зрабіць ніякага заміну дабравесьці Хрыстовай.
 
Калі іншыя маюць у вас уладу, дык ці ня болей мы? Але мы не карысталіся гэтай уладай, а ўсё пераносім, каб не паставіць якое перашкоды зьвеставаньню Хрыстоваму.

Ці вы ня ведаеце, што працуючыя каля сьвятых рэчаў жывяцца ізь сьвятыні? што слугуючыя ля аброчніка маюць дзель із аброчніка?
 
Хіба ня ведаеце, што слугі пры храме кормяцца з храма? што слугі пры ахвярніку бяруць долю з ахвярніка?

Гэтак і Спадар загадаў, каб абяшчаючыя дабравесьць жылі з дабравесьці,
 
Так сама і Гасподзь наказаў прапаведнікам Дабравесьця жыць са зьвеставаньня.

Але я не карыстаў зь нічога гэтага. І напісаў гэта ня дзеля таго, каб так было імне; бо імне валей памерці, чымся каб хто змарнаваў пахвалу маю.
 
Але я не карыстаўся нічым такім. І напісаў гэта на тое, каб так было мне; бо мне лепей памерці, чым каб хто зьнішчыў славу маю.

Бо, калі я абяшчаю дабравесьць, дык няма імне чым хваліцца, бо гэта мой абавязак, і бяда імне, калі б я не абяшчаў дабравесьці!
 
Бо, калі я зьвястую, дык няма мне чым хваліцца, бо гэта мусовы абавязак мой, і гора мне, калі не зьвястую!

Бо калі я раблю гэта самахоць, дык буду мець заплату, але калі не самахоць, дык спаўняю павераны імне ўрад.
 
Бо калі раблю гэта з добрае волі, дык мецьму ўзнагароду; а калі ня з добрае волі, дык выконваю толькі даверанае мне служэньне.

За што ж імне заплата? За тое, што, абяшчаючы дабравесьць, абяшчаю дарма, не карыстаючы з належнага імне права ў дабравесьці.
 
За што ж мне ўзнагарода? За тое, што, прапаведуючы Дабравесьце, зьвястую пра Хрыста бескарысьліва, не карыстаючыся маёй уладаю ў зьвеставаньні.

Бо, будучы вольны ад усіх, я ўчыніў сябе нявольнікам усіх, каб найбалей прыдбаць.
 
Бо, будучы вольны ад усіх, я зрабіўся слугою ўсім, каб болей здабыць:

І быў да Жыдоў як Жыд, каб магчы прыдбаць Жыдоў; да тых, што пад Законам, як пад Законам, ня будучы сам пад Законам, каб магчы прыдбаць тых, што пад Законам;
 
для Юдэяў я быў як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для падзаконных быў як падзаконны, каб здабыць падзаконных;

Да тых без Закону, як без Закону, ня будучы без закону Божага, але пад законам Хрыстовым, каб прыдбаць тых, што без Закону;
 
для тых, хто без закона, — як той, хто без закона, — будучы з законам перад Богам, але падзаконны Хрысту, — каб здабыць тых, хто без закона;

Да млявых стаў млявым, каб прыдбаць млявых. Да ўсіх я стаў усім, каб спасьці прынамся некатрых.
 
для нямоглых быў як нямоглы, каб здабыць нямоглых. Для ўсіх я зрабіўся ўсіхнім, каб уратаваць, прынамсі, некаторых.

А ўсе гэта раблю дзеля дабравесьці, каб учасьнікам яе быць.
 
А гэта раблю дзеля Дабравесьця, каб быць саўдзельнікам яго.

Ціж ня ведаеце, што выпераднікі на выперадках бягуць усі, але адзін адзержуе надгароду? Дык бяжыце, каб адзяржаць.
 
Хіба ня ведаеце вы, што тыя, якія бягуць навыперадкі, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць.

Кажны ж дужэль заховуе самавалоданьне: тыя запраўды, каб адзяржаць вянок псавальны, а мы — непсавальны.
 
Усе падзьвіжнікі ўстрымліваюцца ад усяго: тыя — каб атрымаць вянок тленны, а мы — нятленны.

Затым я бягу ня так, як на няпэўнае, б’юся ня так, быццам б’ю паветра;
 
І таму я бягу ня так, як бы марна, б’юся ня так, каб толькі махаць кулакамі ў паветры;

Але слышу цела свае і няволю яго, каб, абяшчаючы іншым, самому ня быць адхіненым.
 
а ўрымшчваю і занявольваю цела маё, каб, прапаведуючы іншым, самому ня стацца нявартым.