1 да Карынфянаў 4 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Гэтак чалаве́к павінен разуме́ць нас, як служак Хрыстовых і аканомаў тайнаў Божых;
 

ад аканомаў жа вымагаецца, каб кожны быў знойдзены ве́рным.
 

Для мяне́ найме́ншая рэч, як судзіце аба мне́ вы, ці як судзяць людзі; я й сам ня суджу сябе́.
 

Бо хоць і нічога ня ве́даю за сабою, але ў гэтым не апраўдываюся; судзьдзя-ж мне́ Госпад.
 

Дзеля гэтага ня судзіце перадчасна, пакуль ня прыдзе Госпад, які і асьве́ціць схаванае ў це́мры і выявіць думкі сэрцаў; і тагды кожнаму будзе пахвала ад Бога.
 

Гэтае, браты, прыклаў я да сябе́ і Апалёса дзеля вас, каб вы на нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, ды каб не вывышаліся адзін над адным.
 

Бо хто адзначае цябе́? Што́ ты маеш, чаго-б ня ўзяў? А калі ўзяў, на што хвалішся, як быццам ня браў?
 

Вы ўжо сытыя, ужо разбагаце́лі, пачалі цараваць бяз нас. О, каб вы зацаравалі, каб і нам з вамі царыць!
 

Бо я думаю, што Бог нас, Апосталаў, за апошніх паставіў, як бы на сьме́рць засуджаных; бо мы сталіся як-бы відовішчам для сьве́ту, для ангелаў і для людзе́й.
 

Мы — дурныя дзеля Хрыста, а вы — мудрыя ў Хрысьце́; мы слабыя, а вы дужыя; вы слаўныя, а мы ў няславе.
 

Навет да цяпе́рашняе гадзіны мы це́рпім голад і смагу, мы нагія, і б’юць нас, і бадзяемся,
 

і працуем, робячы сваімі рукамі. Абмаўляныя, мы багаславім; перасьле́даваныя, мы це́рпім;
 

зьняважа́ныя, мы молімся. Мы сталіся, як сьмяцьцё сусьве́тнае, як пыл для ўсіх да цяпе́р.
 

Не на тое, каб пастыдзіць вас, пішу гэтае, але як умілаваных маіх дзяце́й перасьцерагаю.
 

Бо, хаця-б вы тысячы настаўнікаў ме́лі ў Хрысьце́, але айцоў нямнога: бо я спарадзіў вас у Хрысьце́ Ісусе праз Эвангельле.
 

Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі.
 

Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімахве́я, які ёсьць дзіця мае́ ўмілаванае і ве́рнае ў Госпадзе, і ён напомніць вам шляхі мае́ ў Хрысьце Ісусе, як я ўсюды ў-ва ўсякай царкве́ навучаю.
 

Як быццам я ня маю прыйсьці да вас, гэтак некаторыя з вас загардзе́лі;
 

але я хутка прыйду да вас, калі захоча Госпад, і распазнаю ня словы гардуноў, а сілу,
 

бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.
 

Чаго хочаце? з дубцом прыйсьці да вас, ці з любоўю і духам лагоднасьці?