Да Габрэяў 13 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Любоў братняя няхай трывае.
 

Аб гасьціннасьці не забывайцеся; бо праз яе́ некаторыя, ня ве́даючы, аказалі гасьціннасьць Ангелам.
 

Памятайце аб вязьнях, як-бы і вы з імі былі ў путах, і аб тых, што гора це́рпяць, бо-ж і самі вы ў це́ле.
 

Супружства (хай будзе) чэснае ў усіх і ложа беззаганнае; а блуднікаў ды распусьнікаў няхай судзіць Бог.
 

Ня ме́йце нораву срэбралюбнага, здавальняючыся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: Не астаўлю цябе́ і ня кіну цябе́ (Іс. Навіна 1:5).
 

Дзеля гэтага мы адважна кажам: Госпад мне́ ўспамога, і не ўбаюся: што зробіць мне́ чалаве́к? (Псальм 117:6.)
 

Памінайце настаўнікаў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, пазіраючы на сканчэньне жыцьця іх, пераймайце ве́ру.
 

Ісус Хрыстос учора й сягоньня Той Самы, дый наве́кі.
 

Навукамі рознымі ды чужымі не захоплівайцеся; бо добра ла́скай умацоўваць сэрцы, а ня стравамі, ад якіх ня ме́лі карысьці тыя, што пайшлі за імі.
 

Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права е́сьці тыя, што скініі служаць.
 

Бо ад жывёлаў, кроў якіх за грахі заносіцца архірэем у сьвятыню, мяса спаліваецца па-за станам;
 

дык і Ісус, каб асьвяціць крывёй Свае́й народ, быў му́чаны за варотамі.
 

Выйдзем жа да Яго за стан, пераносячы зьдзе́кі Яго;
 

бо ня ма́ем тут сталага ме́ста, але шукаем таго, што ма́е быць.
 

Будзем жа праз Яго прынасіць Богу бясспынна ахвяры хвалы́, гэта ёсьць плод вуснаў, што славяць імя Яго.
 

Аб дабрадзе́йнасьці-ж і супольнасьці не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
 

Слу́хайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны над душамі вашымі чуваюць, як абязаныя здаць справу (аб іх); ды каб з радасьцяй гэта рабілі, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.
 

Мале́цеся за нас; бо мы перакана́ны, што добрае ма́ем сумле́ньне, бо ў-ва ўсім жадаем паступаць справядліва.
 

Асабліва-ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам ве́рнены.
 

Бог жа міру, што із мёртвых падняў вялікага Пастыра гаве́ц праз кроў запаве́ту ве́чнага, Госпада нашага Ісуса,
 

няхай удасканаліць вас у-ва ўсякім добрым дзе́ле — на выпаўненьне волі Яго, робячы ў вас тое, што Яму даспадобы, праз Ісуса Хрыста. Якому слава на ве́кі вякоў. Амін.
 

Прашу-ж вас, браты, прыме́це слова напамінаньня; дый я-ж коратка вам напісаў.
 

Ве́дайце, што брат наш Цімахве́й звольнены; з ім разам, калі хутка прыдзе, угледжу я вас.
 

Прывітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
 

Ласка з усімі вамі. Амін.