Да Габрэяў 13 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Любоў братняя няхай трывае.
Любоў братняя няхай застаецца.
Аб гасьціннасьці не забывайцеся; бо праз яе́ некаторыя, ня ве́даючы, аказалі гасьціннасьць Ангелам.
Пра гасьціннасьць не забывайцеся, бо праз яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцявалі анёлаў.
Памятайце аб вязьнях, як-бы і вы з імі былі ў путах, і аб тых, што гора це́рпяць, бо-ж і самі вы ў це́ле.
Памятайце пра вязьняў, нібы ўвязьненыя разам [з імі], і пра тых, што ў нягодах, як тыя, якія самі ў целе.
Супружства (хай будзе) чэснае ў усіх і ложа беззаганнае; а блуднікаў ды распусьнікаў няхай судзіць Бог.
Сужонства [няхай будзе] шанаванае ў-ва ўсіх і сужыцьцё беззаганнае; а распусьнікаў і чужаложнікаў будзе судзіць Бог.
Ня ме́йце нораву срэбралюбнага, здавальняючыся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: Не астаўлю цябе́ і ня кіну цябе́ (Іс. Навіна 1:5).
Ня будзьце срэбралюбныя, задавальняючыся тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адпушчу цябе і не пакіну цябе»,
Дзеля гэтага мы адважна кажам: Госпад мне́ ўспамога, і не ўбаюся: што зробіць мне́ чалаве́к? (Псальм 117:6.)
так што, маючы пэўнасьць, мы кажам: «Госпад мне ўспамога, і не спалохаюся, што зробіць мне чалавек?».
Памінайце настаўнікаў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, пазіраючы на сканчэньне жыцьця іх, пераймайце ве́ру.
Памятайце кіраўнікоў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, аглядаючы вынік жыцьця іх, пераймайце веру [іхнюю].
Ісус Хрыстос учора й сягоньня Той Самы, дый наве́кі.
Ісус Хрыстос учора і сёньня Той Самы, і на вякі.
Навукамі рознымі ды чужымі не захоплівайцеся; бо добра ла́скай умацоўваць сэрцы, а ня стравамі, ад якіх ня ме́лі карысьці тыя, што пайшлі за імі.
Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра ласкай мацаваць сэрца, а ня ежай, ад якой ня мелі карысьці тыя, што ходзяць [за ёю].
Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права е́сьці тыя, што скініі служаць.
Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права есьці тыя, якія служаць у намёце.
Бо ад жывёлаў, кроў якіх за грахі заносіцца архірэем у сьвятыню, мяса спаліваецца па-за станам;
Бо як целы тых жывёлаў, кроў якіх за грахі прыносіцца першасьвятаром у сьвятыню, спальваюцца па-за табарам;
дык і Ісус, каб асьвяціць крывёй Свае́й народ, быў му́чаны за варотамі.
дзеля гэтага і Ісус, каб асьвяціць праз кроў Сваю народ, пакутаваў за брамамі.
Выйдзем жа да Яго за стан, пераносячы зьдзе́кі Яго;
Дык выйдзем да Яго па-за табар, пераносячы зьнявагі Ягоныя,
бо ня ма́ем тут сталага ме́ста, але шукаем таго, што ма́е быць.
бо мы ня маем тут трывалага гораду, але шукаем будучага.
Будзем жа праз Яго прынасіць Богу бясспынна ахвяры хвалы́, гэта ёсьць плод вуснаў, што славяць імя Яго.
Дык будзем праз Яго прыносіць Богу няспынна ахвяры хвалы, гэта ёсьць плод вуснаў, якія вызнаюць імя Ягонае.
Аб дабрадзе́йнасьці-ж і супольнасьці не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
Пра дабрадзейнасьць і супольнасьць не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
Слу́хайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны над душамі вашымі чуваюць, як абязаныя здаць справу (аб іх); ды каб з радасьцяй гэта рабілі, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.
Слухайцеся кіраўнікоў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя здаць справаздачу [за іх], каб яны рабілі гэта з радасьцю, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.
Мале́цеся за нас; бо мы перакана́ны, што добрае ма́ем сумле́ньне, бо ў-ва ўсім жадаем паступаць справядліва.
Маліцеся за нас; бо мы перакананыя, што маем добрае сумленьне, у-ва ўсім хочучы жыць справядліва.
Асабліва-ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам ве́рнены.
Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам вернуты.
Бог жа міру, што із мёртвых падняў вялікага Пастыра гаве́ц праз кроў запаве́ту ве́чнага, Госпада нашага Ісуса,
А Бог супакою, Які падняў з мёртвых у крыві вечнага запавету вялікага Пастыра авечак, Госпада нашага Ісуса,
няхай удасканаліць вас у-ва ўсякім добрым дзе́ле — на выпаўненьне волі Яго, робячы ў вас тое, што Яму даспадобы, праз Ісуса Хрыста. Якому слава на ве́кі вякоў. Амін.
няхай удасканаліць вас у-ва ўсякай справе добрай, дзеля выкананьня волі Ягонай, робячы ў вас тое, што даспадобы Яму, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на вякі вякоў. Амэн.
Прашу-ж вас, браты, прыме́це слова напамінаньня; дый я-ж коратка вам напісаў.
Прашу ж вас, браты, прыйміце слова пацяшэньня, бо я ж крыху напісаў вам.
Ве́дайце, што брат наш Цімахве́й звольнены; з ім разам, калі хутка прыдзе, угледжу я вас.
Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены; з ім разам, калі хутка прыйдзе, угледжу я вас.
Прывітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
Прывітайце ўсіх кіраўнікоў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
Ласка з усімі вамі. Амін.
Ласка з усімі вамі. Амэн.