Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Жыдоў 13 Да Жыдоў 13 разьдзел

1 Любоў братняя няхай трывае.
2 Аб гасьціннасьці не забывайцеся; бо праз яе́ некаторыя, ня ве́даючы, аказалі гасьціннасьць Ангелам.
3 Памятайце аб вязьнях, як-бы і вы з імі былі ў путах, і аб тых, што гора це́рпяць, бо-ж і самі вы ў це́ле.
4 Супружства (хай будзе) чэснае ў усіх і ложа беззаганнае; а блуднікаў ды распусьнікаў няхай судзіць Бог.
5 Ня ме́йце нораву срэбралюбнага, здавальняючыся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: Не астаўлю цябе́ і ня кіну цябе́ (Іс. Навіна 1:5).
6 Дзеля гэтага мы адважна кажам: Госпад мне́ ўспамога, і не ўбаюся: што зробіць мне́ чалаве́к? (Псальм 117:6.)
7 Памінайце настаўнікаў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, пазіраючы на сканчэньне жыцьця іх, пераймайце ве́ру.
8 Ісус Хрыстос учора й сягоньня Той Самы, дый наве́кі.
9 Навукамі рознымі ды чужымі не захоплівайцеся; бо добра ла́скай умацоўваць сэрцы, а ня стравамі, ад якіх ня ме́лі карысьці тыя, што пайшлі за імі.
10 Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права е́сьці тыя, што скініі служаць.
11 Бо ад жывёлаў, кроў якіх за грахі заносіцца архірэем у сьвятыню, мяса спаліваецца па-за станам;
12 дык і Ісус, каб асьвяціць крывёй Свае́й народ, быў му́чаны за варотамі.
13 Выйдзем жа да Яго за стан, пераносячы зьдзе́кі Яго;
14 бо ня ма́ем тут сталага ме́ста, але шукаем таго, што ма́е быць.
15 Будзем жа праз Яго прынасіць Богу бясспынна ахвяры хвалы́, гэта ёсьць плод вуснаў, што славяць імя Яго.
16 Аб дабрадзе́йнасьці-ж і супольнасьці не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
17 Слу́хайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны над душамі вашымі чуваюць, як абязаныя здаць справу (аб іх); ды каб з радасьцяй гэта рабілі, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.
18 Мале́цеся за нас; бо мы перакана́ны, што добрае ма́ем сумле́ньне, бо ў-ва ўсім жадаем паступаць справядліва.
19 Асабліва-ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам ве́рнены.
20 Бог жа міру, што із мёртвых падняў вялікага Пастыра гаве́ц праз кроў запаве́ту ве́чнага, Госпада нашага Ісуса,
21 няхай удасканаліць вас у-ва ўсякім добрым дзе́ле — на выпаўненьне волі Яго, робячы ў вас тое, што Яму даспадобы, праз Ісуса Хрыста. Якому слава на ве́кі вякоў. Амін.
22 Прашу-ж вас, браты, прыме́це слова напамінаньня; дый я-ж коратка вам напісаў.
23 Ве́дайце, што брат наш Цімахве́й звольнены; з ім разам, калі хутка прыдзе, угледжу я вас.
24 Прывітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
25 Ласка з усімі вамі. Амін.

Каментары ці зноскі:

Да Габрэяў напісана з Італіі праз Цімахвея.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Жыдоў, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.