Да Габрэяў 13 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
Трывайце ў брацкай любасьці.
Любоў братняя няхай застаецца.
Не забывайце аб гасьціннасьці, празь яе бо некаторые, мімаведна, Анёлаў гасьцілі.
Пра гасьціннасьць не забывайцеся, бо праз яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцявалі анёлаў.
Памятайце аб вязьнях, так якбы вы самі разам зь імі былі вязьнямі, а такжа аб нядужых, бо і выж самі жывяце ў целе.
Памятайце пра вязьняў, нібы ўвязьненыя разам [з імі], і пра тых, што ў нягодах, як тыя, якія самі ў целе.
Жанімства праз усіх мае быць шанаванае, чэснае, ложа — беззаганнае; распусьнікаў бо ды блудадзееў будзе судзіць Бог.
Сужонства [няхай будзе] шанаванае ў-ва ўсіх і сужыцьцё беззаганнае; а распусьнікаў і чужаложнікаў будзе судзіць Бог.
Унікайце нораву срэбралюбнага, хціўства, задавальняючыся тым, што маеце; сам бо гаварыў (Бог): «Ня кіну цябе ды не астаўлю» (Ёз. 1:5).
Ня будзьце срэбралюбныя, задавальняючыся тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адпушчу цябе і не пакіну цябе»,
так што сьмела можам казаць: «Госпад мой успаможнік, ня буду баяцца, Штож можа зрабіць мне чалавек?» (Пс. 117:6)
так што, маючы пэўнасьць, мы кажам: «Госпад мне ўспамога, і не спалохаюся, што зробіць мне чалавек?».
Памятайце аб духоўніках вашых, якіе вясьцілі вам слова Божае: быўшы сьветкамі канца іхняй жыцьця-долі, насьледуйце іхнюю веру.
Памятайце кіраўнікоў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, аглядаючы вынік жыцьця іх, пераймайце веру [іхнюю].
Езус Хрыстус учора й сяння той самы і навекі.
Ісус Хрыстос учора і сёньня Той Самы, і на вякі.
Ня дайце ясбе зводзіць усялякім ды й чужым навукам; яно бо ласкай лепш падмацоўваць сэрца, а не стравамі, якія не памаглі тым, што за імі ўганяліся.
Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра ласкай мацаваць сэрца, а ня ежай, ад якой ня мелі карысьці тыя, што ходзяць [за ёю].
Мы маем ахвярнік (аўтар), зь якога ня маюць права есьці тые, што пры намётах служаць.
Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права есьці тыя, якія служаць у намёце.
Бо цела (мяса) тых жывёлаў, кроў якіх заносіцца архісьвятарам у сьвятыню (благальню за грахі) спальваецца за табарам.
Бо як целы тых жывёлаў, кроў якіх за грахі прыносіцца першасьвятаром у сьвятыню, спальваюцца па-за табарам;
Таму і Езус, каб асьвяньціць народ уласнаю Крывёю быў мучаны й памёр за местам.
дзеля гэтага і Ісус, каб асьвяціць праз кроў Сваю народ, пакутаваў за брамамі.
Выйдзьма-ж к Яму тады (пад крыж) суцерпна зь Ім пераносячы зьнявагі.
Дык выйдзем да Яго па-за табар, пераносячы зьнявагі Ягоныя,
Бо трывалага тут места ня маем, але будучнага шукаем...
бо мы ня маем тут трывалага гораду, але шукаем будучага.
і празь яго заўсёды складайма Богу ахвяры хвалы: плод вуснаў, вызнаючых імя ягонае.
Дык будзем праз Яго прыносіць Богу няспынна ахвяры хвалы, гэта ёсьць плод вуснаў, якія вызнаюць імя Ягонае.
Узаемадапамогі дабрадзейнасьці, не забывайцеся, бо Богу падабаюцца гэткія ахвяры.
Пра дабрадзейнасьць і супольнасьць не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
Будзьце улегла паслушнымі пастаўленым над вамі галовам, яны бо адказные за душы вашы. Послух ваш хай будзе ахвочы ў пагодзе духа, бяз ніякая сухой нехаці.
Слухайцеся кіраўнікоў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя здаць справаздачу [за іх], каб яны рабілі гэта з радасьцю, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.
Малецеся за нас, бо нам здаецца, што добрае сумленне маем, стараючыся ў ва ўсім паступаць чэсна;
Маліцеся за нас; бо мы перакананыя, што маем добрае сумленьне, у-ва ўсім хочучы жыць справядліва.
а тымболей прашу рабіць гэта, каб як-найскарэй мяне вам вярнулі.
Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам вернуты.
Бог бо супакою-згоды, каторы гэнага вялікага пастыра авец Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, праз кроў вечнага запавету, падняў з мяртвых,
А Бог супакою, Які падняў з мёртвых у крыві вечнага запавету вялікага Пастыра авечак, Госпада нашага Ісуса,
хай вас уздольніць да ўсяго добраго, каб спаўнялі волю ягону; хай зь зее з вас тое, што маглоб знайсьці ў яго спадобу праз Езуса Хрыстуса, якому хвала на вякі вечные. Амэн.
няхай удасканаліць вас у-ва ўсякай справе добрай, дзеля выкананьня волі Ягонай, робячы ў вас тое, што даспадобы Яму, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на вякі вякоў. Амэн.
І прашу вас, браты, каб цярпліва прынялі слова ўпярэджання. Бо і так гэты ліст к вам кароткі.
Прашу ж вас, браты, прыйміце слова пацяшэньня, бо я ж крыху напісаў вам.
Прымеце да ведама, што брат наш Тыматэй ужо выпушчаны на волю. Калі не забавіцца прыйсьці, зь ім разам адведаем вас.
Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены; з ім разам, калі хутка прыйдзе, угледжу я вас.
Паздароўце ўсіх кіраўнікоў вашых ды ўсіх сьвятых. Вітаюць вас браты з Італіі.
Прывітайце ўсіх кіраўнікоў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
Ласка з вамі ўсімі. Амэн.
Ласка з усімі вамі. Амэн.