Да Габрэяў 5 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
Кажны бо архісьвятар спасярод людзей выбіраны для людзей пастанаўляецца у справах Божых, каб ахвяроўваў за грахі дары й сьвятаахвяры,
Бо ўсякі першасьвятар, які спаміж людзей бярэцца, дзеля людзей стаўляецца на тое, што Божае, каб прыносіў дары і ахвяры за грахі,
каб мог быць выразумелым для нясьведушчых, блудзячых, бо і сам немачы мае,
каб мог спачуваць тым, якія не разумеюць і заблукалі, бо і сам абложаны нядужасьцю,
і дзеля таго павінен, як за народ, так і за сябе самога выконваць за грахі ахвяры.
і праз гэта павінен як за народ, гэтак і за сябе прыносіць [ахвяры] за грахі.
І ніхто сам сабою ня прыймае гэтае годнасьці, а тоькі той, хто пакліканы Богам, як Аарон.
І ніхто сам сабою не прыймае гэтую пашану, але той, хто пакліканы Богам, як і Аарон.
Гэтак і Хрыстус не сам сябе вывышыў, каб стацца ўсесьвятарам, але той, хто сказаў яму: «Ты Сын мой, я сяння спарадзіў цябе» (Пс. 2:7);
Гэтак і Хрыстос ня Сам Сябе праславіў, каб быць Першасьвятаром, але Той, Які сказаў Яму: «Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»,
як і на іншым месцы кажа: «Ты ёсьць сьвятар навекі паводле уставу Мэльхісэдэха» (Пс. 109:4).
а таксама ў іншым [месцы] кажа: «Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка».
Ён тож падчас жыцьця свайго цялеснага засылаў із сьлязьлівымі ўжываннямі просьбы і благанні к таму, хто меў моц выбавіць яго ад сьмерці: і быў выслуханы за сваю багавейлівасьць.
Ён у дні цела Свайго з вялікім крыкам і сьлязьмі прыносіў просьбы і ўпрошваньні да Таго, Які мог збавіць Яго ад сьмерці, і быў выслуханы дзеля багабойнасьці.
Хоць быў Сынам, навучыўся аднак паслухмянасьці праз тое, што выцерпяў.
Хоць Ён — Сын, але навучыўся паслухмянасьці праз тое, што перацярпеў,
І да канца вытрываўшы, стаўся для ўсіх, яму паслушных, прычынаю вечнага збаўлення;
і, споўніўшы [ўсё], стаўся для ўсіх, якія паслухмяныя Яму, прычынаю вечнага збаўленьня,
Усесьвятарам абрадку Мэльхісэдэха праз Бога названым.
названы ад Бога Першасьвятаром паводле парадку Мэльхісэдэка.
Шмат аб гэтым належаласяб гаварыць, але ня лёгка расталкаваць вам, няздольным да слухання.
Адносна Яго мы маем шмат сказаць, і цяжка выказаць, бо вы сталіся маруднымі, каб слухаць.
Тады, як вы павінныб даўно ўжо быць вучыцялямі, дык яшчэ патрабуеце, каб вас хто вучыў зноў першападставаў слова Божага, і дайшлі да таго, што патрабуеце шчэ малака, а ня густое стравы.
Бо вы, якія паводле часу павінны быць настаўнікамі, ізноў маеце патрэбу, каб вучылі вас падставовым пачаткам словаў Божых, і вы маеце патрэбу ў малацэ, а ня ў цьвёрдай страве.
Бо хто яшчэ ссе малако, дзеж яму слухаць аб справядлівасьці — ён яшчэ нямоўля.
Бо ўсякі, хто спажывае малако, неспрактыкаваны ў слове праведнасьці, бо ён — немаўля.
Салідная страва — для дарослых, вырабленых жыцьцёвай прахтыкай, здольных адрожніваць дабро ад зла.
А цьвёрдая страва ёсьць для дасканалых, у якіх праз ужываньне разуменьне спрактыкаванае распазнаваць добрае і ліхое.