Яна 20 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць раніцай да магілы і бачыць, што ка́мень ад магілы адва́лены.
 
А ў першы дзень тыдня на досвітку, калі было яшчэ цёмна, прыйшла да магілы Марыя Магдалена і ўбачыла, што камень адвалены ад магілы.

Дык бяжыць і прыходзіць да Сымона Пятра і другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: узялі Го́спада з магілы, і ня ве́даем, дзе́ палажылі Яго.
 
Дык пабегла і прыйшла да Сімона Пётры і другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: «Узялі Госпада з магілы, і не ведаем, дзе Яго паклалі!»

І выйшаў Пётр і другі вучань і пайшлі к магіле.
 
Дык выйшлі тады Пётра і той другі вучань ды прайшлі да магілы.

Бе́глі-ж абодва разам, і другі вучань баржджэй абагнаў Пятра і прыйшоў да магілы пе́ршы
 
І беглі яны абодва разам, але той другі вучань апярэдзіў Пётру і першы дабег да магілы,

і, нахіліўшыся, бачыць ляжучы́ палатніну, але не ўвайшоў.
 
і, нахіліўшыся, убачыў пакладзеныя пялёны, аднак не ўвайшоў.

І прыходзіць за ім Сымон Пётр і ўваходзіць у магілу ды бачыць ляжучы́ адну палатніну
 
Прыйшоў затым следам і Сімон Пётра, і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў пакладзеныя пялёны

і хустку, што была на галаве́ Яго, ды ня разам з палатнінай, але асобна скручаную на другім ме́сцы.
 
і хусту, якая была на Яго галаве, і ляжала не разам з пялёнамі, але асобна скручаная на адным месцы.

Тады ўвайшоў і другі вучань, што ране́й прыйшоў да магілы, і ўбачыў і паве́рыў.
 
Тады ўвайшоў туды і той вучань, які першы прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў.

Бо яны яшчэ ня ве́далі напісанага, што Ён мусіць уваскрэснуць.
 
Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было, каб Ён уваскрос з мёртвых.

Дык вучні ізноў пайшлі да сябе́.
 
Тады вучні зноў вярнуліся да сябе.

А Марыя стаяла ля магілы і плакала; і плачучы нагнулася да магілы.
 
А Марыя стаяла звонку ад магілы, плачучы. Калі ж яна галасіла, то нахілілася да магілы

І бачыць двух ангелаў у бе́лым адзе́ньні, се́дзячы адзін угало́вах, другі ўнага́х, дзе́ ляжала це́ла Ісуса.
 
і ўбачыла двух анёлаў у белым, што сядзелі, аднаго ля галавы, а другога ля ног, дзе было пакладзена цела Ісуса.

І яны кажуць ёй: жанчына! чаго плачаш? Яна адказвае: забралі Госпада майго, і ня ве́даю, дзе́ палажылі Яго.
 
І кажуць яны ёй: «Жанчына, чаго плачаш?» Кажа ім: «Узялі Госпада майго, і не ведаю, дзе паклалі Яго»

Сказаўшы гэтае, аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Ісус, але не пазнала, што гэта Ісус.
 
Як сказала гэта, аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Ісус, а не ведала, што гэта Ісус.

І кажа ёй Ісус: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа яму: Госпадзе! калі ты́ вы́нес Яго, скажы мне́, дзе́ ты палажыў Яго, і я вазьму Яго.
 
Кажа ёй Ісус: «Жанчына, чаму плачаш? Каго шукаеш?» А яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: «Гаспадару, калі ты Яго ўзяў, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я вазьму Яго».

Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, аглянуўшыся, кажа Яму: Раввуні! г. зн. Вучыцель!
 
Кажа ёй Ісус: «Марыя!» А яна, павярнуўшыся, кажа Яму: «Рабоні!», што значыць «Настаўнік».

Ісус кажа ёй: не дакрана́йся да Мяне́, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго, але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.
 
Кажа ёй Ісус: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага і Бога Майго і Бога вашага».

Марыя Магдаліна ідзе́ й абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.
 
Дык пайшла Марыя Магдалена, каб абвясціць вучням: «Я бачыла Госпада!» і што Ён ёй гэта сказаў.

І ўве́чары таго-ж пе́ршага дня тыдня, калі дзьве́ры дому, дзе́ зьбіраліся вучні Яго, былі замкнёны ад страху перад Жыда́мі, прыйшоў Ісус і стануў пасярэдзіне і сказаў ім: мір вам!
 
Калі ж настаў вечар таго першага дня тыдня і там, дзе былі вучні сабраныя, дзверы былі замкнёныя дзеля страху перад юдэямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: «Супакой вам!»

І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі й бок свой. І ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.
 
І, калі гэта сказаў, паказаў ім рукі і бок Свой. Узрадаваліся тады вучні, убачыўшы Госпада.

Ісус жа сказаў ім ізноў: мір вам! Як паслаў Мяне́ Аце́ц, так і Я пасылаю вас.
 
Тады Ісус сказаў ім зноў: «Супакой вам! Як Мяне паслаў Айцец, так і Я пасылаю вас».

Сказаўшы гэтае, дыхнуў і кажа ім: прыйміце Духа Сьвятога.
 
І, калі гэта сказаў, дыхнуў на іх і кажа ім: «Вазьміце Духа Святога.

Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым астануцца.
 
Каму б ні даравалі вы грахі, тым яны дараваны; каму б ні затрымалі, [на тым] яны затрымаліся».

А Хама́, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў тут з імі, калі прыходзіў Ісус.
 
А Тамаш, адзін з дванаццаці, званы Блізнюк, не быў разам з імі, калі прыйшоў Ісус.

Другія вучні сказалі Яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках Яго ранаў ад цьвякоў і не́ уткну́ пальца Майго ў раны ад цьвякоў, і не ўлажу рукі маёй у бок Яго, не паве́ру.
 
Казалі яму іншыя вучні: «Мы бачылі Госпада». А ён сказаў ім: «Калі не ўбачу ран ад цвікоў на руках Яго, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу сваёй рукі ў бок Яго, не ўверу».

І цераз восем дзён ізноў былі ў доме вучні Яго і Хама́ з імі. Прыходзе Ісус пры замкнёных дзьвярох, стануў пасярэдзіне і сказаў: мір вам!
 
І па васьмі днях зноў сабраліся вучні ў доме, і Тамаш з імі. Прыйшоў Ісус, калі дзверы былі замкнёны, і стаў пасярод іх, і сказаў: «Супакой вам».

Потым кажа да Хамы́: дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае́; дай руку тваю і ўлажы ў бок мой; і ня будзь няве́руючым, але ве́руючым.
 
Потым сказаў Тамашу: «Укладзі палец твой сюды і паглядзі на рукі Мае, выцягні руку сваю і ўкладзі ў бок Мой, ды не будзь бязверным, але верным».

Хама́ адказаў Яму і сказаў: Госпадзе мой і Божа мой!
 
Адказаў Тамаш і сказаў Яму: «Госпад мой і Бог мой!»

Ісус кажа яму: ты, Хама́, паве́рыў, бо бачыў Мяне́; шчасьлівыя ня бачыўшыя і паве́рыўшыя.
 
Кажа яму Ісус: «Тамаш, ты паверыў, бо Мяне ўбачыў. Шчасныя тыя, што не бачылі Мяне, а ўверылі».

І многа зрабіў Ісус перад вучнямі Сваімі другіх цу́даў, аб якіх не напісана ў гэтай кнізе;
 
Многа яшчэ іншых знакаў учыніў Ісус у прысутнасці вучняў Сваіх, якія не запісаны ў гэтай кнізе;

а гэтае-ж напісана, каб вы паве́рылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, ве́руючы, ме́лі жыцьцё ў імя Яго.
 
гэтыя ж запісаны, каб вы верылі, што Ісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, ды каб, верачы, мелі жыццё ў імя Яго.