Яна 20 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага
У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць раніцай да магілы і бачыць, што ка́мень ад магілы адва́лены.
Першага-ж дня тыдня Марыя Магдалена прыйшла рана, калі яшчэ была цемра, да гробу і ўбачыла камень адвалены ад гробу.
Дык бяжыць і прыходзіць да Сымона Пятра і другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: узялі Го́спада з магілы, і ня ве́даем, дзе́ палажылі Яго.
Дык пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Узялі Пана з гробу і ня ведаем, дзе яго палажылі.
І выйшаў Пётр і другі вучань і пайшлі к магіле.
Дык выйшаў Пётр і той другі вучань і прыйшлі да гробу.
Бе́глі-ж абодва разам, і другі вучань баржджэй абагнаў Пятра і прыйшоў да магілы пе́ршы
Беглі-ж яны абодва разам, і той другі вучань дабег скарэй за Пятра і першы прыйшоў да гробу.
і, нахіліўшыся, бачыць ляжучы́ палатніну, але не ўвайшоў.
І нахіліўшыся, убачыў ляжачыя палотны, аднак не ўвайшоў.
І прыходзіць за ім Сымон Пётр і ўваходзіць у магілу ды бачыць ляжучы́ адну палатніну
Дык прыйшоў Сымон Пётр, ідучы за ім, і ўвайшоў у гроб, і ўбачыў ляжачыя палотны,
і хустку, што была на галаве́ Яго, ды ня разам з палатнінай, але асобна скручаную на другім ме́сцы.
і хусту, якая была на галаве яго, ляжачую не з палотнамі, але аддзельна скручаную ў вадно месца.
Тады ўвайшоў і другі вучань, што ране́й прыйшоў да магілы, і ўбачыў і паве́рыў.
Дык тады ўвайшоў і той вучань, які першы прыйшоў да гробу, і ўбачыў, і ўверыў.
Бо яны яшчэ ня ве́далі напісанага, што Ён мусіць уваскрэснуць.
Бо яны яшчэ ня зналі Пісаньня, што трэба было, каб ён устаў з умерлых.
Дык вучні ізноў пайшлі да сябе́.
І вучні адыйшлі ізноў да сябе.
А Марыя стаяла ля магілы і плакала; і плачучы нагнулася да магілы.
А Марыя стаяла ля гробу вонкі, плачучы. Калі-ж плакала, яна нахілілася і заглянула ў гроб;
І бачыць двух ангелаў у бе́лым адзе́ньні, се́дзячы адзін угало́вах, другі ўнага́х, дзе́ ляжала це́ла Ісуса.
і ўбачыла двух анёлаў у белым, сядзячых, аднаго ўгаловах, а другога ўнагах, дзе было паложана цела Езуса.
І яны кажуць ёй: жанчына! чаго плачаш? Яна адказвае: забралі Госпада майго, і ня ве́даю, дзе́ палажылі Яго.
Яны ей сказалі: Жанчына, чаго плачаш? Сказала ім: Бо ўзялі майго Пана і ня ведаю, дзе яго палажылі.
Сказаўшы гэтае, аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Ісус, але не пазнала, што гэта Ісус.
Сказаўшы гэтае, яна абярнулася назад і ўбачыла Езуса стаячага, і ня ведала, што гэта Езус.
І кажа ёй Ісус: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа яму: Госпадзе! калі ты́ вы́нес Яго, скажы мне́, дзе́ ты палажыў Яго, і я вазьму Яго.
Сказаў ей Езус: Жанчына, чаго плачаш? Каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала яму: Пане, калі ты яго ўзяў, скажы мне, дзе яго палажыў і я яго вазьму.
Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, аглянуўшыся, кажа Яму: Раввуні! г. зн. Вучыцель!
Сказаў ей Езус: Марыя! Яна, абярнуўшыся, сказала яму: Раббоні! што значыць: Вучыцель.
Ісус кажа ёй: не дакрана́йся да Мяне́, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго, але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.
Сказаў ей Езус: Не датыкайся да мяне, бо я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца майго, але ідзі да братоў маіх і скажы ім: «Узыходжу да Айца майго і Айца вашага, Бога майго і Бога вашага».
Марыя Магдаліна ідзе́ й абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.
Прыйшла Марыя Магдалена, абвяшчаючы вучням: Што я бачыла Пана і гэтае мне сказаў.
І ўве́чары таго-ж пе́ршага дня тыдня, калі дзьве́ры дому, дзе́ зьбіраліся вучні Яго, былі замкнёны ад страху перад Жыда́мі, прыйшоў Ісус і стануў пасярэдзіне і сказаў ім: мір вам!
Дык калі быў вечар у той дзень, першы тыдня, і дзьверы былі замкнёныя, дзе былі сабраўшыся вучні дзеля страху перад жыдамі, прыйшоў Езус, і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Супакой вам!
І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі й бок свой. І ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.
І сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і бок. Дык узрадаваліся вучні, увідзеўшы Пана.
Ісус жа сказаў ім ізноў: мір вам! Як паслаў Мяне́ Аце́ц, так і Я пасылаю вас.
І сказаў ім ізноў: Супакой вам! Як мяне паслаў Айцец, і я вас пасылаю.
Сказаўшы гэтае, дыхнуў і кажа ім: прыйміце Духа Сьвятога.
Сказаўшы гэтае, дыхнуў на іх і сказаў ім: Вазьмеце Духа сьвятога,
Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым астануцца.
каторых адпусьціце грахі, ёсьць ім адпушчаны, а каторых затрымаеце, ёсьць затрыманы.
А Хама́, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў тут з імі, калі прыходзіў Ісус.
А Тамаш, адзін з дванаццацёх, каторы завецца Дыдымус, ня быў з імі, калі прыходзіў Езус.
Другія вучні сказалі Яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках Яго ранаў ад цьвякоў і не́ уткну́ пальца Майго ў раны ад цьвякоў, і не ўлажу рукі маёй у бок Яго, не паве́ру.
Дык другія вучні сказалі яму: Мы відзелі Пана. Ён-жа сказаў ім: Калі я ня ўбачу ў руках ягоных прабоіны ад цьвікоў, і не ўлажу пальца майго ў месца цьвікоў, і не ўлажу рукі маей у бок ягоны, ня ўверу.
І цераз восем дзён ізноў былі ў доме вучні Яго і Хама́ з імі. Прыходзе Ісус пры замкнёных дзьвярох, стануў пасярэдзіне і сказаў: мір вам!
А восем дзён пасьля былі ізноў вучні ягоны ў доме і Тамаш з імі. Прыйшоў Езус пры замкнёных дзьвярох і стаў пасярэдзіне і сказаў: Супакой вам!
Потым кажа да Хамы́: дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае́; дай руку тваю і ўлажы ў бок мой; і ня будзь няве́руючым, але ве́руючым.
Потым сказаў Тамашу: улажы палец твой сюды і паглядзі рукі мае, і падыймі руку тваю і ўлажы ў бок мой, і ня будзь няверным, але верным.
Хама́ адказаў Яму і сказаў: Госпадзе мой і Божа мой!
Адказаў Тамаш і сказаў яму: Пан мой і Бог мой!
Ісус кажа яму: ты, Хама́, паве́рыў, бо бачыў Мяне́; шчасьлівыя ня бачыўшыя і паве́рыўшыя.
Сказаў яму Езус: Затым што ты мяне ўбачыў, Тамашу, ты ўверыў: багаслаўленыя, каторыя ня ўбачылі і ўверылі.
І многа зрабіў Ісус перад вучнямі Сваімі другіх цу́даў, аб якіх не напісана ў гэтай кнізе;
Многа-ж і іншых знакаў учыніў Езус на вачох сваіх вучняў, якія не запісаны ў гэтай кнізе.
а гэтае-ж напісана, каб вы паве́рылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, ве́руючы, ме́лі жыцьцё ў імя Яго.
Гэтыя-ж запісаны, каб вы верылі, што Езус ёсьць Хрыстус, Сын Божы, і каб верачы, мелі жыцьцё ў імя ягонае.