Яна 3 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Быў жа між фарысэямі чалаве́к, на імя Нікадэм, адзін з начальнікаў жыдоўскіх.
 
Быў-жа чалавек з фарызэязў, на імя Мікодым, старшы жыдоўскі.

Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равві! мы ве́даем, што Ты вучыцель, што прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі-б ня быў з ім Бог.
 
Ён прыйшоў да Езуса ўначы і сказаў яму: Раббі, мы ведаем, што прыйшоў ад Бога вучыцелем, бо ніхто ня можа гэтых знакаў чыніць, якія ты чыніш, калі-б Бог ня быў з ім.

І адказаў яму Ісус і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Царства Божага.
 
Адказаў Езус і сказаў яму: Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не адродзіцца нанова, ня можа бачыць каралеўства Божага.

Нікадэм кажа Яму: як можа чалаве́к нарадзіцца, калі ён стары́? Няўжо-ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маткі сваёй і нарадзіцца?
 
Сказаў да яго Мікодым: Як-жа можа чалавек нарадзіцца, будучы старым? Цм-ж можа другі раз увайсьці ў лона маткі сваей і адрадзіцца?

Ісус адказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае.
 
Адказаў Езус: Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не адродзіцца з вады і Духа сьвятога, ня можа ўвайсьці ў каралеўства Божае.

Спараджонае з це́ла ёсьць це́ла, а спараджонае з Духа ёсьць дух.
 
Што нарадзілася з цела, целам ёсьць; а што нарадзілася з духа, духам ёсьць.

Ня дзівуйся, што Я сказаў табе́: трэба вам нарадзіцца нанова.
 
Ня дзівіся, што я табе сказаў: «Трэба вам нардзіцца ізноў».

Дух ды́хае, дзе́ хоча, і голас яго чуеш, а ня ве́даеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак і ўсякі спараджоны з Духа.
 
Вецер вее, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць або куды ідзе. Так ёсьць з кожным, хто нарадзіўся з Духа.

Нікадэм адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць?
 
Адказаў Мікодым і сказаў яму: Як-жа гэтае можа быць?

Ісус адказаў яму і сказаў: ты вучыцель Ізраіляў і гэтага ня ве́даеш?
 
Адказаў Езус і сказаў яму: Ты ёсьць вучыцелем у Ізраілю і гэтага ня ведаеш?

Запраўды́, запраўды́ кажу табе́: Мы гаворым аб тым, што ве́даем, і сьве́дчым аб тым, што бачылі, і вы сьве́дчаньня Нашага ня прыймаеце;
 
Сапраўды, сапраўды кажу табе, што мы тое, што ведаем, гаорым, і што мы відзелі, сьведчым, а вы сьведчаньня нашага ня прымаеце.

калі Я сказаў вам аб зямным, і ня ве́рыце, я́к паве́рыце, калі буду гаварыць аб нябе́сным?
 
Калі я сказаў вам аб зямным і ня верыце, як-жа будзеце верыць, калі вам буду гаварыць аб нябесным?

І ніхто ня ўзышоў на не́ба, толькі Сын Чалаве́чы, што на не́бе, які з не́ба зыйшоў.
 
І ніхто ня ўзыйшоў у неба, адно каторы зыйшоў з неба, Сын чалавечы, каторы ёсьць у небе.

І, як Майсе́й падняў зьме́я ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалаве́чы,
 
І як Майсей падняў вужа на пустыні, так трэба, каб быў падняты Сын чалавечы,

каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
 
каб кожны, хто верыць у яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае.

Бо так палюбіў Бог сьве́т, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
 
Бо як Бог узьлюбіў сьвет, што даў Сына свайго адзінароднага, каб кожны, хто верыць у яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае.

Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьве́т, каб судзіць сьве́т, але каб сьве́т быў збаўлены праз Яго.
 
Бо не паслаў Бог Сына свайго на сьвет, каб ён судзіў сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз яго.

Хто ве́руе ў Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня ве́руе, той ужо засуджаны, бо ня ўве́раваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
 
Хто верыць у яго, той не бывае суджаны; а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо ня верыць у імя адзінароднага Сына Божага.

Суд жа такі, што Сьвятло́ прыйшло ў сьве́т, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі благія.
 
А гэтакі ёсьць суд: што Сьвятло прыйшло на сьвет, а людзі болей узлюбілі цемру, чым сьвятло, бо былі дрэнныя іх учынкі.

Бо кожын, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятла́ і ня йдзе́ да сьвятла́, каб ня выявіліся ўчынкі яго, бо яны благія.
 
Бо кожны, хто дрэнна паступае, ненавідзіць сьвятла і ня ідзе да сьвятла, каб ня былі даказаны ягоныя ўчынкі.

А хто чыніць праўду, ідзе́ да сьвятла́, каб відо́чнымі былі ўчынкі яго, бо яны ў Богу ўчынены.
 
А хто чыніць праўду, прыходзіць да сьвятла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу ўчынены.

Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Жыдоўскую і там быў з імі і хрысьціў.
 
Пасьля гэтага прыйшоў Езус і вучні ягоны ў Юдэйскую зямлю і там прабываў з імі і хрысьціў.

Іоан жа таксама хрысьціў у Эноне, недалека ад Саліму, бо вады там было многа, і прыходзілі туды і хрысьціліся;
 
Быў-жа і Ян хрысьцячы ў Эноне, каля Саліму, бо там было многа вады; і прыходзілі, і хрысьціліся.

бо Іоана йшчэ ня ўкінулі былі ў вязьніцу.
 
Бо яшчэ Ян ня быў пасаджаны ў вязьніцу.

І ўзьнялася ў Іоанавых вучняў спрэчка з Жыдамі аб ачышчэньні.
 
І паўстала спрэчка ў вучняў Яна з жыдамі аб ачышчэньні.

І прыйшлі да Іоана і сказалі яму: равві: Той, што быў з табою за Іорданам, аб Якім сьве́дчыў ты, вось Ён хры́сьціць, і ўсе́ йдуць да Яго.
 
І прыйшлі да Яна і сказалі яму: Раббі, той каторы быў з табою за Ярданам, катораму ты даў пасьведчаньне, вось ён хрысьціць і ўсе ідуць да яго.

Іоан адказаў і сказаў: ня можа чалаве́к нічога ўзяць, калі яму ня будзе да́дзена з не́ба.
 
Адказаў Ян і сказаў: Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба.

Самі вы сьве́дкі мне́ ў тым, што я сказаў: я ня Хрыстос, але я пасла́ны перад Ім.
 
Вы самі для мяне сьведкі, што я сказаў: «Я ня ёсьць Хрыстус, але што я пасланы перад ім».

Хто ма́е няве́сту, той жаніх, а друг жаніха, што стаіць ды слухае яго, це́шыцца ра́дасьцяй, слу́хаючы голас жаніха. Вось гэтая радасьць мая збылася.
 
Хто мае заручаную, той жаніх; а прыяцель жаніха, што стаіць і слухае яго, радасьцяй радуецца з голасу жаніха. Дык гэтая радасьць мая споўнілася.

Яму час расьці, а мне́ мале́ць.
 
Яму трэба расьці, а мне малець.

Хто з вышыні прыходзе, той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з не́ба прыходзе, той панад усімі,
 
Хто звыш прыходзіць, той над усімі. Хто з зямлі, той з зямлі ёсьць і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, той над усімі,

і што бачыў і чуў, аб тым сьве́дчыць, і ніхто ня прыйма́е сьве́дчаньня Яго.
 
і што відзеў і чуў, тое сьведчыць, а пасьведчаньня яго ніхто ня прымае.

Хто-ж прыняў Яго сьве́дчаньне, той прыпячатаваў, што Бог праўдзівы.
 
Хто прыняў яго пасьведчаньне, той сьцьвердзіў, што Бог ёсьць праўдзівы.

Бо, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня ме́раючы дае́ Бог Духа.
 
Бо каго паслаў Бог, той гаворыць словы Божыя, бо ня мераю дае Бог духа.

Аце́ц любіць Сына і ўсё даў у рукі Яго.
 
Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі яго.

Хто ве́руе ў Сына, ма́е ве́чнае жыцьцё, а хто ў Сына ня ве́руе, ня ўбачыць жыцьця, але гне́ў Божы будзе на ім.
 
Хто верыць у Сына, той мае жыцьцё вечнае; а хто ня верыць Сыну, ня ўбачыць жыцьця, але гнеў Божы астаецца над ім.