Яна 3 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Быў жа між фарысэямі чалаве́к, на імя Нікадэм, адзін з начальнікаў жыдоўскіх.
 
Быў чалавек з фарысеяў, на імя Нікадым, хтось з начальнікаў юдэйскіх.

Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равві! мы ве́даем, што Ты вучыцель, што прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі-б ня быў з ім Бог.
 
Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: — Раўві, ведаем мы, што Ты вучыцель пасланы ад Бога, бо ніхто ня можа тварыць такіх цудаў, якія Ты творыш, калі Бог ня будзе з ім.

І адказаў яму Ісус і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Царства Божага.
 
Ісус у адказ сказаў яму: — папраўдзе, папраўдзе кажу табе, калі хто ня родзіцца зузвыш, ня можа аглядаць Уладарства Божага.

Нікадэм кажа Яму: як можа чалаве́к нарадзіцца, калі ён стары́? Няўжо-ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маткі сваёй і нарадзіцца?
 
Нікадым гаворыць да Яго: — як можа чалавек нарадзіцца ў старасьці? ці-ж можа ён зноў увайсьці ў улоньне маці свае ды адрадзіцца?

Ісус адказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае.
 
Ісус адказаў: — папраўдзе, папраўдзе кажу табе, калі хто ня родзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці у Ўладарства Божае.

Спараджонае з це́ла ёсьць це́ла, а спараджонае з Духа ёсьць дух.
 
Роджанае ад цела целам стаецца, а роджанае ад Духа стаецца духам.

Ня дзівуйся, што Я сказаў табе́: трэба вам нарадзіцца нанова.
 
Ня дзівіся, што сказаў Я табе — належыць вам нарадзіцца зузвыш.

Дух ды́хае, дзе́ хоча, і голас яго чуеш, а ня ве́даеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак і ўсякі спараджоны з Духа.
 
Дух дзе хоча дыша, і голас яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыйходзіць і куды адыйходзіць; так бывае з кажным чалавекам, роджаным ад Духа.

Нікадэм адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць?
 
Нікадым сказаў Яму ў адказ: — як-жа гэта можа быць?

Ісус адказаў яму і сказаў: ты вучыцель Ізраіляў і гэтага ня ве́даеш?
 
Ісус у адказ сказаў яму: — ты вучыцель Ізраілеў і гэтага ня можаш зразумець?

Запраўды́, запраўды́ кажу табе́: Мы гаворым аб тым, што ве́даем, і сьве́дчым аб тым, што бачылі, і вы сьве́дчаньня Нашага ня прыймаеце;
 
Папраўдзе, папраўдзе кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьветчым пра тое, што бачылі, а вы сьветчаньня Нашага ня прыймаеце;

калі Я сказаў вам аб зямным, і ня ве́рыце, я́к паве́рыце, калі буду гаварыць аб нябе́сным?
 
І калі пра зямное сказаў вам, і вы ня верыце, як-жа паверыце, калі буду гаварыць вам пра нябеснае?

І ніхто ня ўзышоў на не́ба, толькі Сын Чалаве́чы, што на не́бе, які з не́ба зыйшоў.
 
І ніхто ня ўзыходзіў на неба, а толькі зыйшоўшы з неба Сын Чалавечы, Хто ёсьць у небе.

І, як Майсе́й падняў зьме́я ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалаве́чы,
 
І як Майсей узьняў зьмяю ў пустыні, так належыць узьнесьціся Сыну Чалавечаму.

каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
 
Каб усякі, хто ўверыў у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

Бо так палюбіў Бог сьве́т, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
 
Бо так узьлюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьве́т, каб судзіць сьве́т, але каб сьве́т быў збаўлены праз Яго.
 
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет праз Яго быў збавёны.

Хто ве́руе ў Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня ве́руе, той ужо засуджаны, бо ня ўве́раваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
 
Хто верыць у Яго, той ня будзе асуджаны, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо ня ўверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

Суд жа такі, што Сьвятло́ прыйшло ў сьве́т, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі благія.
 
Суд-жа паложаны на тым, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іхныя былі ліхія.

Бо кожын, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятла́ і ня йдзе́ да сьвятла́, каб ня выявіліся ўчынкі яго, бо яны благія.
 
Бо кажны, хто творыць ліхое, ненавідзіць сьвятло, і ня йдзе да сьвятла, каб ня выявіліся ўчынкі яго, бо яны злыя.

А хто чыніць праўду, ідзе́ да сьвятла́, каб відо́чнымі былі ўчынкі яго, бо яны ў Богу ўчынены.
 
А хто творыць у праўдзе, ідзе да сьвятла, каб выявіліся ўчынкі ягоныя, бо яны прад Богам учынены.

Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Жыдоўскую і там быў з імі і хрысьціў.
 
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Юдэйскую, і там жыў з імі і хрысьціў.

Іоан жа таксама хрысьціў у Эноне, недалека ад Саліму, бо вады там было многа, і прыходзілі туды і хрысьціліся;
 
Ян-жа таксама хрысьціў у Эноне каля Саліму, дзе было шмат водаў; і людзі прыйходзілі і хрысьціліся.

бо Іоана йшчэ ня ўкінулі былі ў вязьніцу.
 
Бо Ян ня быў яшчэ ўкінуты ў вязьніцу.

І ўзьнялася ў Іоанавых вучняў спрэчка з Жыдамі аб ачышчэньні.
 
Тады ўзьнікла спрэчка між вучнямі Янавымі і юдэмі за ачышчэньне.

І прыйшлі да Іоана і сказалі яму: равві: Той, што быў з табою за Іорданам, аб Якім сьве́дчыў ты, вось Ён хры́сьціць, і ўсе́ йдуць да Яго.
 
І прыйшлі яны да Яна і сказалі яму: — Той, Хто быў з табою за Йорданам, пра Каго ты сьветчыў, вось Ён хрысьціць, і ўсе йдуць да Яго.

Іоан адказаў і сказаў: ня можа чалаве́к нічога ўзяць, калі яму ня будзе да́дзена з не́ба.
 
Ян у адказ прамовіў: — нічога ня можа ўспрыняць чалавек, калі яму ня будзе дадзена з неба.

Самі вы сьве́дкі мне́ ў тым, што я сказаў: я ня Хрыстос, але я пасла́ны перад Ім.
 
Вы самі сьветкамі мне ў тым, што я сказаў: — я ня Хрыстос, але я пасланы прад Ім.

Хто ма́е няве́сту, той жаніх, а друг жаніха, што стаіць ды слухае яго, це́шыцца ра́дасьцяй, слу́хаючы голас жаніха. Вось гэтая радасьць мая збылася.
 
Хто мае нявесту, той жаніх; а дружа яго, які стаіць пры ім і слухае яго, у радасьці цешыцца з голасу жаніха; гэтая вось радасьць мая споўнілася.

Яму час расьці, а мне́ мале́ць.
 
Яму належыць узрастаць, а мне малець.

Хто з вышыні прыходзе, той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з не́ба прыходзе, той панад усімі,
 
Хто зузвыш прыйходзіць, той над усімі, а хто ад зямлі, зямным ёсьць і гаворыць па зямному. Хто з нябёсаў прыйходзіць, Той вышэй за ўсіх.

і што бачыў і чуў, аб тым сьве́дчыць, і ніхто ня прыйма́е сьве́дчаньня Яго.
 
І што бачыў і чуў, пра тое сьветчыць; і ня прыймае ніхто сьветчаньня Ягонага.

Хто-ж прыняў Яго сьве́дчаньне, той прыпячатаваў, што Бог праўдзівы.
 
А хто прыняў сьветчаньне Ягонае, гэтым сьцьвердзіў, што Бог ёсьць праўдзівы.

Бо, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня ме́раючы дае́ Бог Духа.
 
Той-жа, каго паслаў Бог, словы Божыя прамаўляе, бо ня мераю дае Бог Духа.

Аце́ц любіць Сына і ўсё даў у рукі Яго.
 
Айцец любіць Сына, і ўсё аддаў у рукі Ягоныя.

Хто ве́руе ў Сына, ма́е ве́чнае жыцьцё, а хто ў Сына ня ве́руе, ня ўбачыць жыцьця, але гне́ў Божы будзе на ім.
 
Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ня верыць у Сына, той ня ўбачыць жыцьця, але гнеў Божы застаецца на ім.