Яна 5 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Пасьля гэтага было сьвята жыдоўскае, і прыйшоў Ісус у Ерузалім.
 
Пасьля гэтага было сьвята юдэйскае, і Ісус прыйшоў у Ерусалім.

Ёсьць-жа ў Ерузаліме ля аве́чых варотаў купальня, што заве́цца па жыдоўску Вітэзда, з пяцьма стаўбамі.
 
Ёсьць-жа ў Ерусаліме пры браме, званай Авечая, купальня, званая пагэбрайску Бэтсаіда, з пяцьма крытымі ўваходамі.

Каля іх ляжала множства няду́жых, сьляпы́х, кульгавых, ссохшых, што чакалі руху вады;
 
У іх ляжала мноства хворых: сьляпых, кульгавых, падсухіх, якія чакалі ўзрушэньня вады.

бо Ангел Гасподні час ад часу зыходзіў у купальню і каламуціў ваду; і хто пе́ршы ўваходзіў у яе́ пасьля ўскаламу́чаньня вады, той здараве́ў, на што-б ні хварэў.
 
Бо ангел Гасподні час-ад-часу зыйходзіў у купальню і ўзрушаў ваду; і хто першы па ўзрушэньні вады ўваходзіў у яе, ачуньваў, які-б ні быў нядуг.

І быў тут не́йкі чалаве́к, што хварэў трыццаць восем ле́т.
 
Быў там адзін чалавек, які праз трыццаць восем год быў у нядугу.

Ісус, угле́дзіўшы яго ляжучы́ і даве́даўшыся, што ён ляжыць ужо даўгі час, кажа яму: ці хочаш паздараве́ць?
 
Ісус, убачыўшы яго ляжачага і ведаючы, што як доўга ён цярпеў у нядугу, кажа яму: — ці хочаш быць здаровым?

Хворы адказаў Яму: так, Госпадзе, але ня ма́ю чалаве́ка, які спусьціў бы мяне́ ў купальню, калі ўскаламу́ціцца вада; калі-ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць прада мною.
 
Хворы адказаў Яму: — так, Госпадзе, але ня маю чалавека, які спусьціў-бы мяне ў купальню, калі ўзрушыцца вада; калі-ж я прыйходжу, іншы перш за мяне спускаецца ў яе.

І кажа яму Ісус: устань, вазьмі ложак твой і хадзі.
 
Ісус кажа яму: — устань, вазьмі пасьцель сваю і хадзі.

І ён у тую-ж часіну стаўся здаровым і ўзяў ложак свой і пайшоў. Было-ж гэта ў суботу.
 
І ён ураз стаў здаровым, узяў пасьцель сваю і пайшоў; дзялася-ж гэта ў дзень сыботні.

Дзеля гэтага Жыды казалі аздаро́ўленаму: сёньня субота, ня гожа табе́ браць ложак.
 
Дзеля таго юдэі гаварылі ацаленаму: — сёньня сыбота; ня можна табе браць пасьцель тваю.

Ён адказаў ім: хто мяне́ аздаравіў, той мне сказаў: вазьмі ложак твой і хадзі.
 
Ён-жа адказаў ім: — Той, Хто ацаліў мяне, сказаў мне: — вазьмі пасьцель тваю і хадзі.

Яго спыталіся: хто гэны чалаве́к, што сказаў табе́: вазьмі ложак твой і хадзі?
 
І спыталіся у яго: — хто Той Чалавек, Які сказаў табе — вазьмі пасьцель тваю і хадзі?

Аздароўлены-ж ня ве́даў, хто Ён, бо Ісус адыйшоўся ад народу, што быў у тым ме́сцы.
 
Ацалены-ж ня ведаў, Хто Ён; бо Ісус адыйшоўся ў народ, які там быў.

Пасьля гэтага Ісус спаткаў яго ў царкве́ і сказаў яму: вось, ты цяпе́р здаровы, не грашы́-ж больш, каб ня ста́лася табе́ не́шта горшае.
 
Потым знайшоў яго Ісус у храме і сказаў яму: — вось, ты здароў стаў; не грашы-ж больш, каб ня здарылася з табою штось горшага.

Чалаве́к гэны пайшоў і расказаў Жыдо́м, што гэта Ісус аздаравіў яго.
 
Чалавек гэты пайшоў і расказаў юдэям, што гэта Ісус, Хто ацаліў яго.

І пачалі за гэта Жыды гнаць Ісуса і шукалі, як бы забіць Яго, што Ён рабіў гэткае ў суботу .
 
І дзеля гэтага юдэі сьцігалі Ісуса, шукаючы загубы на Яго, бо тварыў гэтае ў сыботу.

Ісус жа кажа ім: Аце́ц мой дагэтуль робіць, і Я ро́блю.
 
Ісус-жа гаварыў ім: Айцец Мой да гэтага часу творыць, і Я твару.

За гэта яшчэ больш шукалі Жыды, якбы забіць Яго, што Ён ня толькі ломіць суботу, але і Айцо́м Сваім заве́ Бога, раўняючы Сябе́ да Бога.
 
За гэта юдэі яшчэ больш разьярваліся, каб загубіць Яго, за тое, што ня толькі зьневажае сыботу, але і называе Бога Айцом Сваім, і Сябе дараўноўвае да Бога.

На гэта Ісус сказаў: запраўды, запраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе́, калі ня будзе бачыць робячы Айца, бо што робіць Ён, тое й Сын робіць таксама.
 
Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Сын нічога ня можа тварыць Сам ад Сябе, калі ня бачыць, як творыць Айцец, бо што творыць Ён, тое і Сын творыць таксама.

Бо Аце́ц любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, дый пакажа Яму бо́льшыя дзе́яньні, чым гэтыя, ажно дзівавацца будзеце.
 
Бо Айцец любіць Сына, і паказвае Яму ўсё, што творыць Сам, і пакажа Яму ўчынкі большыя за гэтыя на падзіўленьне вам.

Бо як Аце́ц уваскрашае ўме́ршых і ажыўляе, — так і Сын ажыўляе, каго хоча.
 
Бо як Айцец уваскрашае памершых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.

Бо Аце́ц і ня судзіць нікога, але ўве́сь суд аддаў Сыну,
 
Бо Айцец і ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну.

каб усе́ паважалі Сына, як паважаюць Айца. І хто не паважае Сына, не паважае і Айца, паслаўшага Яго.
 
Каб усе паважалі Сына, як паважаюць Айца; і хто не паважае Сына, той не паважае і Айца, Хто паслаў Яго.

Запраўды, запраўды кажу вам: хто слухае слова Маё і ве́рыць Паслаўшаму Мяне́, ма́е ве́чнае жыцьцё і на суд ня йдзе́, але перайшоў ад сьме́рці ў жыцьцё.
 
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам, хто слухае слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыйходзіць, але перайшоў ад сьмерці да жыцьця.

Запраўды, запраўды кажу вам: пры́йдзе час, дый ужо прыйшоў, калі ўме́ршыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.
 
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — надыйходзіць час, ды ўжо настаў, калі мертвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.

Бо як Аце́ц ма́е жыцьцё ў Сабе́, так і Сыну даў жыцьцё ме́ць у Сабе́;
 
Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самым Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Самым Сабе.

і даў Яму ўладу й суд чыніць, бо Ён ёсьць Сын Чалаве́чы.
 
І даў Яму ўладу суд чыніць, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы;

Ня дзівуйцеся гэтаму: бо пры́йдзе час, калі ўсе́, што ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
 
Ня дзівецеся з гэтага. Бо надыйходзіць час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага.

і выйдуць, што добрае чынілі, на ўваскрашэньне жыцьця, а што благое чынілі — на ўваскрашэньне суда.
 
І выйдуць — каторыя тварылі добрае, на ўваскрасеньне жыцьця, а каторыя тварылі ліхое, на ўваскрасеньне асуду.

Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе́; як чую, так і суджу, і суд Мой праўдзівы, бо ня шукаю Маёй волі, але волі паслаўшага Мяне́ Айца.
 
Я нічога не магу тварыць Сам ад Сябе. Як Я чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо не дамагаюся волі Мае, але волі Таго, Хто паслаў Мяне.

Калі сьве́дчу Сам аб Сабе́, то сьве́дчаньне Маё непраўдзівае.
 
Калі Я сьветчу Сам за Сябе, то сьветчаньне Маё ня справядлівае.

Ёсьць другі, што сьве́дчыць аба Мне́, і Я ве́даю, праўдзівае тое сьве́дчаньне, якім Ён сьве́дчыць аба Мне.
 
Ёсьць іншы, Хто сьветчыць за Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае сьветчаньне тое, якім Ён сьветчыць за Мяне.

Вы пасылалі да Іоана, і ён засьве́дчыў аб праўдзе.
 
Вы пасылалі да Яна, і ён даў сьветчаньне праўдзівае.

Я-ж не ад чалаве́ка прыймаю сьве́дчаньне, але кажу гэта, каб вы спасьліся.
 
Я-ж не ад чалавека прыймаю сьветчаньне, але кажу вам гэта, каб вы былі збавёныя.

Той быў сьве́тач, які гарэў і сьвяціў, а вы хаце́лі часіну паце́шыцца пры сьвятле́ яго.
 
Ён быў сьветачам, які гарэў і сьвяціў; і вы хацелі часова пацешыцца ягоным сьвятлом.

Я-ж ма́ю сьве́дчаньне большае за Іоанава: бо дзе́яньні, што Аце́ц даў Мне́ закончыць, самыя гэтыя дзе́яньні, што Я чыню, сьве́дчаць аба Мне́, што Аце́ц паслаў Мяне́.
 
Я-ж маю сьветчаньне большае за Янава, бо дзеяньні, якія даў мне Айцец да выкананьня, самыя тыя дзеяньні, якія Я твару, сьветчаць за Мяне, што Айцец паслаў Мяне.

І Аце́ц, Які паслаў Мяне́, Сам засьве́дчыў аба Мне́. А вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі,
 
І Айцец, пасылаючы Мяне, Сам засьветчыў за Мяне; вы-ж ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані вобліку Яго ня бачылі.

і ня маеце слова Яго, што ў вас было-б, бо ня ве́рыце Таму, Каго Ён паслаў.
 
І ня маеце ў сабе слова Ягонага, бо ня верыце Таму, Каго Ён паслаў.

Перагле́дзьце Пісаньні: бо вы думаеце праз іх жыцьцё ве́чнае ме́ць, і яны сьве́дчаць аба Мне́.
 
Пазнайце Пісаньні, праз якія вы думаеце здабыць жыцьцё вечнае, і яны ж сьветчаць за Мяне.

Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне́, каб ме́ць жыцьцё.
 
Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.

Сла́вы ад людзе́й не бяру,
 
Ня прыймаю славы ад людзей.

але пазнаў вас: любві да Бога ня ма́еце ў сабе́.
 
Але ведаю вас: вы ня маеце ў сабе любові да Бога.

Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прыймаеце Мяне́, а калі-б другі прыйшоў у сваё імя, таго прыймеце.
 
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прыймаеце Мяне; а калі іншы прыйдзе ў імя сваё, таго прымеце.

Як вы мо́жаце ве́рыць, калі бярэцё славу адзін ад аднаго, а славы, што ад Аднаго Бога, ня шукаеце.
 
Як вы можаце верыць, калі прыймаеце славу адзін ад аднаго, а славы ад Бога Адзінага ня шукаеце.

Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць на вас абвінавальнік Майсе́й, на якога спадзяецёся.
 
Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас прад Айцом; ёсьць-жа адзін, хто вінаваціць вас — Майсей, на каго вашыя надзеі.

Бо, каб вы ве́рылі Майсе́ю, то ве́рылі-б і Мне́, бо ён пісаў аба Мне́.
 
Але, каб вы верылі Майсею, верылі-б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.

Калі-ж яго пісаньням ня ве́рыце, як Маім сло́вам паве́рыце?
 
Калі-ж і яго пісаньням ня верыце, як-жа паверыце словам Маім?