Яна 11 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Быў жа адзін хворы Лазар з Віфані, з сяла Марыі і Марты, сястры Яго.
 
У Віфаніі, у паселішчы, дзе жылі сёстры Марыя і Марфа, быў хворы брат іх Лазар.

Марыя-ж, якой брат Лазар быў хворы, была тая, што пама́зала Ісуса але́ем і абце́рла ногі Яго валасамі сваімі.
 
Марыя-ж, сястра Лазара, была тэй, якая намасьціла Госпада міррам і ацерла ногі Ягоныя валасамі сваімі.

Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! вось той, каго Ты любіш, хворы.
 
І сёстры паслалі сказаць Яму: — Госпадзе! вось той, каго Ты любіш, хворы.

Ісус, пачуўшы гэта, сказаў: гэтая хво́расць не на сьме́рць, але на славу Божу, каб уславіўся праз яе́ Сын Божы.
 
Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў: — хвор гэтая не на сьмерць, але на славу Божую, каб уславіўся праз яе Сын Божы.

Ісус жа любіў Марту і сястру яе́, і Лазара.
 
Ісус-жа любіў і Марфу, і сястру яе, і Лазара.

Калі-ж пачуў, што той хворы, дык прабыў два дні ў тым ме́сцы, дзе́ знаходзіўся.
 
Калі дачуўся, што ён хворы, то яшчэ два дні прабыў у тым месцы, дзе і быў.

Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем ізноў у Юдэю.
 
Пасьля гэтага сказаў вучням: — пойдзем зноў у Юдэю.

Вучні сказалі Яму: Равві! ці-ж даўно Жыды шукалі каме́ньмі забіць Цябе́, і Ты ізноў ідзе́ш туды?
 
Вучні-ж сказалі Яму: — Раўві! ці-ж даўно юдэі шукалі пабіць Цябе камяньнямі? і Ты зноў ідзеш у Юдэю?

Ісус адказаў: ці не дванаццаць гадзін ма́е дзе́нь? Хто ходзіць удзе́нь, не спатыка́ецца, бо бачыць сьве́тласьць гэтага сьве́ту;
 
Ісус адказаў: — ці-ж не дванаццаць гадзін у дні? хто ходзіць удзень, той не спатыкаецца, бо сьвятло сьвету гэтага бачыць.

калі-ж ходзіць уначы́, спатыка́ецца, бо няма сьвятла ў ім.
 
А хто ходзіць поначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла з ім.

Сказаўшы гэтае, гавора ім пасьля: Лазар, друг наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.
 
Сказаўшы гэтае, потым гаворыць ім: — Лазар, дружа наш заснуў, але Я іду пабудзіць яго.

Вучні ж Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, паздараве́е.
 
Вучні-ж Ягоныя сказалі: — Госпадзе! калі заснуў, то ачуняе.

Гаварыў Ісус аб сьме́рці яго; тыя-ж думалі, што аб сонным супачынку кажа.
 
Ісус гаварыў пра сьмерць яго, а яны думалі, што Ён гаворыць пра сон звычайны.

Дык Ісус сказаў ім проста: Лазар памёр;
 
Тады Ісус сказаў ім проста: — Лазар памёр.

і Я рад за вас, што ня быў там, каб вы паве́рылі; але пойдзем да яго.
 
І Я рады за вас, што ня быў там, каб вы уверылі; але пойдзем да яго.

Хама́-ж, іначай званы блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: пойдзем і мы, каб паме́рці з ім.
 
І сказаў Хама, званы Блізьнюк, сябрам сваім вучням: — хадзем і мы, каб памерці разам з ім.

Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
 
Ісус, прыйшоўшы, застаў яго ўжо чатыры дні ляжачага ў гробе.

Віфанія-ж была блізка ад Ерузаліму, нешта з пятнаццаць стадыяў.
 
Віфанія-ж была недалёка ад Ерусаліму, блізу пятнаццаці стадыяў.

І многа Жыдоў папрыходзіла да Марты й Марыі паце́шыць іх па браце іхнім.
 
І многія з юдэяў прыйшлі да Марфы і Марыі суцяшаць іх у тузе па брату.

Марта, пачуўшы, што йдзе́ Ісус, пайшла насустрэчу Яму. Марыя-ж асталася ў доме.
 
Марфа-ж, калі пачула, што йдзе Ісус, пайшла насустрач Яму; а Марыя сядзела дома.

Тады Марта сказала Ісусу: Госпадзе! каб Ты быў тут, не паме́р-бы брат мой.
 
І сказала Марфа Ісусу: — Госпадзе! каб Ты быў тут, не памёр-бы брат мой.

Але і цяпе́р ве́даю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе́ Бог.
 
Але і цяпер знаю, што калі чаго папросіш у Бога, дасьць Табе Бог.

Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.
 
І сказаў ёй Ісус: — уваскросьне брат твой.

Марта сказала Яму: ве́даю, што ўваскрэсьне ў дзе́нь уваскрасе́ньня, у апошні дзе́нь.
 
Марфа-ж сказала Яму: — ведаю, што ў дзень уваскрасеньня, у апошні дзень.

Ісус сказаў ёй: Я ёсьць уваскрасе́ньне і жыцьцё; хто ве́руе ў Мяне́, хоць і памрэ, жыць будзе.
 
Ісус сказаў ёй: — Я — уваскрашэньне і жыцьцё; хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, ажыве.

І ўсякі, хто жыве́ й ве́руе ў Мяне́, не памрэ даве́ку. Ці ве́рыш гэтаму?
 
І кажны, хто жыве і верыць, павек не памрэ; ці верыш у гэта?

Яна кажа Яму: так, Госпадзе! Я ве́ру, што Ты Хрыстос, Сын Божы, што йдзе́ ў сьве́т.
 
Яна-ж кажа Яму: — так, Госпадзе! я веру, што Ты Хрыстос, Сын Божы, Хто прыйшоў у сьвет гэты.

І, сказаўшы гэтае, пайшла і цішком паклікала Марыю, сястру сваю, і кажа ей: Настаўнік тут; кліча цябе́.
 
І сказаўшы гэта, пайшла і цішком паклікала Марыю, сястру сваю, кажучы: — Вучыцель тут, і кліча цябе.

Яна, як толькі пачула, борзда ўстала і пайшла да Яго.
 
Яна-ж, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго.

Ісус жа яшчэ ня быў увайшоў у вёску, але быў там, дзе́ Яго Марта сустрэла.
 
Ісус яшчэ не ўвайходзіў у селібу, а быў там, дзе Яго сустрэла Марфа.

Жыды-ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе́, бачучы, што Марыя бордза ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што йдзе́ на магілу плакаць.
 
Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да гробу, плакаць там.

Марыя-ж, прыйшоўшы туды, дзе́ быў Ісус, і ўгле́дзіўшы Яго, упала да ног Яго і сказала Яму: Госпадзе! каб Ты быў тут, не паме́р бы брат мой.
 
Марыя-ж, прыйшоўшы на месца, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, прыпала да ног Ягоных і сказала Яму: — Госпадзе! каб Ты быў тут, не памёр-бы брат мой.

Ісус, угле́дзіўшы, што яна плача і што плачуць прыйшоўшыя з ёю Жыды, Сам затужыў духам і ўзварушыўся,
 
Ісус-жа, убачыўшы яе заплаканую, а таксама заплаканых юдэяў, якія прыйшлі з ёю, Сам праняўся жалеж у душы і скрухаю.

ды сказаў: дзе́ вы палажылі яго? Адказалі Яму: Госпадзе! пайдзі й паглядзі.
 
І сказаў: — дзе вы палажылі яго? — кажуць Яму: — Госпадзе! ідзі і паглядзі.

Ісус заплакаў.
 
Ісус заплакаў.

Тады Жыды казалі: глядзі, як Ён любіў яго.
 
А юдэі гаварылі: — глядзі, як Ён любіў яго.

А некато́рыя з іх сказалі: ці ня мог Ён, расчыніўшы вочы сьляпо́му, зрабіць, каб і гэты ня ўмёр?
 
Некаторыя з іх гаварылі: — ці ня мог Ён, калі адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

Ісус жа, ізноў ту́жачы ў душы, ідзе́ да магілы; была-ж гэта пячо́ра, зава́леная ка́мнем.
 
Ісус-жа, зноў узрушаны жалем, падыйшоў да гробу; гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.

Кажа Ісус: вазьміце ка́мень! Сястра ўме́ршага, Марта, кажа Яму: Госпадзе, ўжо сьмярдзіць, бо ўжо чацьве́рты дзе́нь.
 
Ісус прамовіў: — адыймеце камень; сястра-ж нябожчыка Марфа, кажа Яму: — Госпадзе! ужо ваніць, бо ўжо чацьвёрты дзень у гробе.

Ісус кажа ёй: ці не казаў Я табе́, што, калі будзеш ве́рыць, угле́дзіш славу Божую?
 
Ісус гаворыць ёй: — ці не казаў Я табе, што калі будзеш верыць, убачыш славу Божую.

І вось узялі ка́мень, дзе́ ляжаў нябожчык. Ісус жа ўзьвёў вочы ўве́рх і сказаў: Ойча, дзякую Табе́, што пачуў Мяне́.
 
І вось аднялі камень, дзе ляжаў нябожчык, Ісус, узьняўшы вочы ў гару, сказаў: — Ойча! дзякую Табе, што пачуў Мяне.

Я ве́даў, што Ты заўсёды чуеш Мяне́, але сказаў дзе́ля народу, што тут стаіць, каб паве́рылі, што Ты паслаў Мяне́.
 
Я-ж ведаў, што Ты Мяне заўсёды пачуеш; але сказаў гэта дзеля народу, які стаіць навокал, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне.

І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: Лазар! выйдзі!
 
Сказаўшы гэта, усклікнуў моцным голасам: — Лазар! выйдзе вонкі!

І выйшаў уме́ршы з абкручанымі палатном нагамі й рукамі, і аблічча яго было абвязана хусткаю. Ісус кажа ім: разьвяжыце яго і дайце хадзіць.
 
І выйшаў умершы, апавіты з рукамі і нагамі пялёнамі і з абвязаным плахтай тварам; Ісус кажа ім: — разьвяжэце яго, няхай ідзе.

Тады многія з Жыдоў, што прыйшлі да Марыі, бачучы, што ўчыніў Ісус, уве́равалі ў Яго.
 
Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што стварыў Ісус, уверылі ў Яго.

А іншыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.
 
Іншыя-ж пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што стварыў Ісус.

Тады архірэі й фарысэі склікалі раду і кажуць: што нам рабіць? Гэты чалаве́к робіць многа цудаў.
 
Тады архісьвятары і фарысеі склікалі нараду і разважалі: — што нам рабіць? гэты Чалавек робіць шмат цудаў.

Калі пакінем Яго гэтак, дык усе́ ўве́руюць у Яго, і прыйдуць Рымляне й забяруць ме́сца нашае і народ.
 
Калі пакінем Яго так, то ўсе ўвераць у Яго, і прыйдуць рымляне і заўладаюць нашым краем і народам.

Адзін жа з іх, не́хта Кайяфа, які быў той год архірэем, сказаў ім: вы нічога ня ве́даеце
 
Адзін-жа з іх, хтось Кайафа, які быў архісьвятаром таго лета, сказаў ім: — вы нічога ня ведаеце.

і не падумаеце, што ле́пей нам, каб адзін чалаве́к паме́р за людзе́й, чымся каб уве́сь народ загінуў.
 
І не падумаеце таго, што лепш нам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а ня ўвесь народ загінуў.

Гэтае-ж ён сказаў не ад сябе́, але, быўшы той год архірэем, прарочыў, што Ісус памрэ за людзе́й,
 
Гэтае ён сказаў не ад сябе, але, як архісьвятар таго лета, прарочыў, што Ісусу належыць памерце за народ.

дый ня толькі за людзе́й, але каб і расьцярушаных дзяце́й Божых сабраць у вадно.
 
І ня толькі за народ, але каб і параскіданых дзяцей Божых сабраць усіх разам.

Ад гэтага дня пастанавілі забіць Яго.
 
І вось ад гэтага дня наважыліся забіць Яго.

Дык Ісус ужо не хадзіў яўна між імі, а пайшоў адтуль у краіну ля пустыні ў ме́ста, званае Эфраім, і там аставаўся з вучнямі Сваімі.
 
Дзеля таго Ісус ужо не хадзіў адкрыта між юдэямі, і пайшоў адтуль у краіну каля пустыні, у места званае Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.

Блізка-ж была Пасха жыдоўская, і з усяго краю многа папрыходзіла ў Ерузалім перад Пасхай, каб ачы́сьціцца.
 
Надыйходзіла-ж Пасха юдэйская, і многія з усей краіны прышлі ў Ерусалім перад Пасхай, дзеля ачышчэньня.

Дык шукалі Ісуса і, стоючы ў царкве́, гаварылі між сабою: як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?
 
Тады ўсюды выглядалі Ісуса, а стоячы ў храме, гаварылі адзін аднаму: — як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?

Архірэі-ж і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даве́даецца, дзе́ Ён, данасіў бы, каб Яго ўзяць.
 
Архісьвятары-ж і фарысеі выдалі загад, каб кажны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб узяць Яго.