Яна 3 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi
Быў жа між фарысэямі чалаве́к, на імя Нікадэм, адзін з начальнікаў жыдоўскіх.
А быў адзін чалавек з фарысеяў, імя яму Нікадзім, іудзейскі начальнік.
Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равві! мы ве́даем, што Ты вучыцель, што прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі-б ня быў з ім Бог.
Ён прыйшоў да Яго8 ўночы і сказаў Яму: Равві, мы ведаем, што Ты прыйшоў ад Бога як Настаўнік, бо ніхто не можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі Бог не будзе з ім.
І адказаў яму Ісус і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Царства Божага.
У адказ Ісус сказаў яму: Сапраўды, сапраўды кажу Я табе: Калі хто не народзіцца нанова9, не можа ўбачыць Царства Божага.
Нікадэм кажа Яму: як можа чалаве́к нарадзіцца, калі ён стары́? Няўжо-ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маткі сваёй і нарадзіцца?
Нікадзім кажа Яму: Як можа нарадзіцца чалавек, будучы старым? Хіба можа ён другі раз увайсці ва ўлонне свае маці і нарадзіцца?
Ісус адказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае.
Ісус адказаў: Сапраўды, сапраўды кажу Я табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Царства Божае.
Спараджонае з це́ла ёсьць це́ла, а спараджонае з Духа ёсьць дух.
Народжанае ад цела ёсць цела, а народжанае ад Духа, ёсць дух.
Ня дзівуйся, што Я сказаў табе́: трэба вам нарадзіцца нанова.
Не здзіўляйся, што Я сказаў табе: Вы павінны нарадзіцца нанова.
Дух ды́хае, дзе́ хоча, і голас яго чуеш, а ня ве́даеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак і ўсякі спараджоны з Духа.
Вецер, дзе хоча, дзьме, і яго голас чуеш, але не ведаеш, адкуль ён прыходзіць і куды адыходзіць; так бывае з кожным, хто нарадзіўся ад Духа.
Нікадэм адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць?
У адказ Нікадзім сказаў Яму: Як гэта можа быць?
Ісус адказаў яму і сказаў: ты вучыцель Ізраіляў і гэтага ня ве́даеш?
У адказ Ісус сказаў Яму: Ты — настаўнік Ізраілеў і гэтага не ведаеш?
Запраўды́, запраўды́ кажу табе́: Мы гаворым аб тым, што ве́даем, і сьве́дчым аб тым, што бачылі, і вы сьве́дчаньня Нашага ня прыймаеце;
Сапраўды, сапраўды кажу Я табе: Што мы ведаем, пра тое кажам, і, што бачылі, пра тое сведчым, а вы Нашага сведчання не прымаеце.
калі Я сказаў вам аб зямным, і ня ве́рыце, я́к паве́рыце, калі буду гаварыць аб нябе́сным?
Калі Я пра зямное сказаў, і вы не верыце, як паверыце вы, калі Я скажу вам пра нябеснае?
І ніхто ня ўзышоў на не́ба, толькі Сын Чалаве́чы, што на не́бе, які з не́ба зыйшоў.
І ніхто не ўзыходзіў на неба, толькі Той, Хто з неба зышоў, — Сын Чалавечы, [што ёсць у небе].
І, як Майсе́й падняў зьме́я ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалаве́чы,
І, як Маісей узняў змяю ў пустэльні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы,
каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
каб кожны, хто веруе ў Яго, [не загінуў, а] меў вечнае жыццё.
Бо так палюбіў Бог сьве́т, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
Бо так Бог палюбіў свет, што даў [Свайго] Адзінароднага Сына, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў вечнае жыццё.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьве́т, каб судзіць сьве́т, але каб сьве́т быў збаўлены праз Яго.
Бо не паслаў Бог Сына ў свет, каб Ён судзіў свет, але каб свет быў уратаваны праз Яго.
Хто ве́руе ў Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня ве́руе, той ужо засуджаны, бо ня ўве́раваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Хто веруе ў Яго, не судзіцца; хто ж не веруе, ужо асуджаны, бо не ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Суд жа такі, што Сьвятло́ прыйшло ў сьве́т, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі благія.
А гэта ёсць суд, што святло прыйшло ў свет, а людзі палюбілі больш цемру, чым святло, бо ліхія былі іх учынкі.
Бо кожын, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятла́ і ня йдзе́ да сьвятла́, каб ня выявіліся ўчынкі яго, бо яны благія.
Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выкрылі яго ўчынкаў.
А хто чыніць праўду, ідзе́ да сьвятла́, каб відо́чнымі былі ўчынкі яго, бо яны ў Богу ўчынены.
А хто творыць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся яго ўчынкі, бо яны ў Богу зроблены.
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Жыдоўскую і там быў з імі і хрысьціў.
Пасля гэтага прыйшоў Ісус і Яго вучні ў Іудзейскую зямлю, і там жыў з імі і хрысціў.
Іоан жа таксама хрысьціў у Эноне, недалека ад Саліму, бо вады там было многа, і прыходзілі туды і хрысьціліся;
І Іаан таксама хрысціў у Эноне, паблізу Саліма, бо там было шмат вады, і людзі прыходзілі і хрысціліся;
бо Іоана йшчэ ня ўкінулі былі ў вязьніцу.
бо Іаан яшчэ не быў кінуты ў турму.
І ўзьнялася ў Іоанавых вучняў спрэчка з Жыдамі аб ачышчэньні.
Дык у Іаанавых вучняў усчалася спрэчка з адным іудзеем10 пра ачышчэнне.
І прыйшлі да Іоана і сказалі яму: равві: Той, што быў з табою за Іорданам, аб Якім сьве́дчыў ты, вось Ён хры́сьціць, і ўсе́ йдуць да Яго.
І яны прыйшлі да Іаана і сказалі яму: Равві, Той, Хто быў з табою за Іарданам, пра Каго ты засведчыў, вось, Ён хрысціць, і ўсе ідуць да Яго.
Іоан адказаў і сказаў: ня можа чалаве́к нічога ўзяць, калі яму ня будзе да́дзена з не́ба.
У адказ Іаан сказаў: Чалавек не можа атрымаць нічога, калі яму не будзе дадзена з неба.
Самі вы сьве́дкі мне́ ў тым, што я сказаў: я ня Хрыстос, але я пасла́ны перад Ім.
Вы самі пра мяне сведчыце, што я сказаў: «Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім».
Хто ма́е няве́сту, той жаніх, а друг жаніха, што стаіць ды слухае яго, це́шыцца ра́дасьцяй, слу́хаючы голас жаніха. Вось гэтая радасьць мая збылася.
Хто мае маладую, той малады; а дружок маладога, што стаіць і слухае яго, радасцю радуецца голасу маладога. Дык гэта мая радасць спраўдзілася.
Яму час расьці, а мне́ мале́ць.
Яму належыць расці, а мне ж — змяншацца.
Хто з вышыні прыходзе, той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з не́ба прыходзе, той панад усімі,
Хто з вышыняў прыходзіць, Той над усімі; хто — ад зямлі — зямны і ад зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, — [Той над усімі]:
і што бачыў і чуў, аб тым сьве́дчыць, і ніхто ня прыйма́е сьве́дчаньня Яго.
што Ён бачыў і чуў, пра тое сведчыць, ды Яго сведчання ніхто не прымае.
Хто-ж прыняў Яго сьве́дчаньне, той прыпячатаваў, што Бог праўдзівы.
Хто прыняў Яго сведчанне, той пячаткаю сцвердзіў, што Бог праўдзівы.
Бо, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня ме́раючы дае́ Бог Духа.
Бо Той, Каго паслаў Бог, кажа словы Божыя, бо не мераю дае Бог Духа.
Аце́ц любіць Сына і ўсё даў у рукі Яго.
Бацька любіць Сына і даў усё ў Яго руку.
Хто ве́руе ў Сына, ма́е ве́чнае жыцьцё, а хто ў Сына ня ве́руе, ня ўбачыць жыцьця, але гне́ў Божы будзе на ім.
Хто веруе ў Сына, той мае вечнае жыццё; а хто не пакараецца Сыну, той не ўбачыць жыцця, а гнеў Божы на ім застаецца.