Яна 20 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
А ў першы дзень тыдня Марыя Магдаліна прыхо́дзіць ра́на, калі было́ яшчэ цёмна, да магілы і бачыць, што ка́мень адва́лены ад магілы;
Першага-ж дня тыдня Марыя Магдалена прыйшла рана, калі яшчэ была цемра, да гробу і ўбачыла камень адвалены ад гробу.
тады бяжы́ць яна і прыхо́дзіць да Сíмана Пятра і да другога вучня, якога любíў Іісус, і кажа ім: узялí Госпада з магілы, і не ведаем, дзе пакла́лі Яго.
Дык пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Узялі Пана з гробу і ня ведаем, дзе яго палажылі.
Вы́йшаў тады Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;
Дык выйшаў Пётр і той другі вучань і прыйшлі да гробу.
яны бе́глі або́два разам, але другі вучань бег хутчэ́й за Пятра і прыйшоў першым да магілы,
Беглі-ж яны абодва разам, і той другі вучань дабег скарэй за Пятра і першы прыйшоў да гробу.
і, нахілíўшыся, бачыць, што ляжаць пало́тны; аднак не ўвайшоў.
І нахіліўшыся, убачыў ляжачыя палотны, аднак не ўвайшоў.
Прыхо́дзіць тады Сíман Пётр усле́д за ім і ўвахо́дзіць у магілу, і бачыць, што ляжа́ць пало́тны
Дык прыйшоў Сымон Пётр, ідучы за ім, і ўвайшоў у гроб, і ўбачыў ляжачыя палотны,
і што ху́ста, якая была́ на галаве Яго, не з пало́тнамі ляжы́ць, а асо́бна скру́чаная на іншым ме́сцы.
і хусту, якая была на галаве яго, ляжачую не з палотнамі, але аддзельна скручаную ў вадно месца.
Тады ўвайшоў і другі вучань, што першым прыйшо́ў да магілы, і ўбачыў ён, і ўве́раваў;
Дык тады ўвайшоў і той вучань, які першы прыйшоў да гробу, і ўбачыў, і ўверыў.
бо яны яшчэ не ведалі з Пісання, што нале́жыць Яму з мёртвых уваскрэ́снуць.
Бо яны яшчэ ня зналі Пісаньня, што трэба было, каб ён устаў з умерлых.
Тады пайшлі вучні зноў да сябе.
І вучні адыйшлі ізноў да сябе.
Марыя ж стаяла зво́нку каля магілы, пла́чучы; і калі плакала, яна нахілíлася да магілы
А Марыя стаяла ля гробу вонкі, плачучы. Калі-ж плакала, яна нахілілася і заглянула ў гроб;
і бачыць двух Ангелаў у белым адзе́нні, якія сядзя́ць адзін у галава́х, другі ў нага́х, дзе ляжа́ла было́ це́ла Іісусава.
і ўбачыла двух анёлаў у белым, сядзячых, аднаго ўгаловах, а другога ўнагах, дзе было паложана цела Езуса.
І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты пла́чаш? Яна кажа ім: узялí Госпада майго, і не ведаю, дзе пакла́лі Яго.
Яны ей сказалі: Жанчына, чаго плачаш? Сказала ім: Бо ўзялі майго Пана і ня ведаю, дзе яго палажылі.
Сказа́ўшы гэта, яна абярну́лася назад і ўба́чыла, што стаíць Іісус, але не пазна́ла, што гэта Іісус.
Сказаўшы гэтае, яна абярнулася назад і ўбачыла Езуса стаячага, і ня ведала, што гэта Езус.
Кажа ёй Іісус: жанчына! чаго ты пла́чаш? каго шука́еш? Яна, ду́маючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: гаспада́р! калі ты ўзяў Яго, скажы мне, дзе ты пакла́ў Яго, і я вазьму Яго.
Сказаў ей Езус: Жанчына, чаго плачаш? Каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала яму: Пане, калі ты яго ўзяў, скажы мне, дзе яго палажыў і я яго вазьму.
Кажа ёй Іісус: Марыя! Яна, абярну́ўшыся, кажа Яму: Раввунí! што значыць: Вучыцель!
Сказаў ей Езус: Марыя! Яна, абярнуўшыся, сказала яму: Раббоні! што значыць: Вучыцель.
Кажа ёй Іісус: не дакрана́йся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышо́ў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыхо́джу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.
Сказаў ей Езус: Не датыкайся да мяне, бо я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца майго, але ідзі да братоў маіх і скажы ім: «Узыходжу да Айца майго і Айца вашага, Бога майго і Бога вашага».
Прыхо́дзіць Марыя Магдалíна і абвяшча́е ву́чням, што ба́чыла Госпада і што Ён гэта сказаў ёй.
Прыйшла Марыя Магдалена, абвяшчаючы вучням: Што я бачыла Пана і гэтае мне сказаў.
І ўве́чары таго ж першага дня тыдня, калі дзве́ры там, дзе сабра́ліся вучні, былí замкнёныя з-за стра́ху перад Іудзеямі, прыйшо́ў Іісус і стаў пасярэ́дзіне, і кажа ім: мір вам!
Дык калі быў вечар у той дзень, першы тыдня, і дзьверы былі замкнёныя, дзе былі сабраўшыся вучні дзеля страху перад жыдамі, прыйшоў Езус, і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Супакой вам!
І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і бок Свой. І ўзра́даваліся ву́чні, уба́чыўшы Госпада.
І сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і бок. Дык узрадаваліся вучні, увідзеўшы Пана.
Іісус жа зноў сказаў ім: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасыла́ю вас.
І сказаў ім ізноў: Супакой вам! Як мяне паслаў Айцец, і я вас пасылаю.
Сказаўшы гэта, дзьму́хнуў і кажа ім: прымíце Духа Святога;
Сказаўшы гэтае, дыхнуў на іх і сказаў ім: Вазьмеце Духа сьвятога,
каму адпу́сціце грахí, таму будуць адпу́шчаны; на кім пакíнеце, на тым застану́цца.
каторых адпусьціце грахі, ёсьць ім адпушчаны, а каторых затрымаеце, ёсьць затрыманы.
А Фама́, адзін з двана́ццаці, называ́ны Блізню́к, не быў з імі, калі прыхо́дзіў Іісус;
А Тамаш, адзін з дванаццацёх, каторы завецца Дыдымус, ня быў з імі, калі прыходзіў Езус.
казалі яму іншыя вучні: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі не ўбачу на рука́х Яго ран ад цвіко́ў і не ўкладу́ пальца майго ў ра́ны ад цвіко́ў, і не ўкладу́ рукí маёй у бок Яго, не паве́ру.
Дык другія вучні сказалі яму: Мы відзелі Пана. Ён-жа сказаў ім: Калі я ня ўбачу ў руках ягоных прабоіны ад цьвікоў, і не ўлажу пальца майго ў месца цьвікоў, і не ўлажу рукі маей у бок ягоны, ня ўверу.
І праз восем дзён зноў былí ў доме вучні Яго і Фама́ з імі. Прыхо́дзіць Іісус, калі дзверы былí замкнёныя; стаў пасярэ́дзіне і сказаў: мір вам!
А восем дзён пасьля былі ізноў вучні ягоны ў доме і Тамаш з імі. Прыйшоў Езус пры замкнёных дзьвярох і стаў пасярэдзіне і сказаў: Супакой вам!
Потым кажа Фаме́: дай палец твой сюды́ і паглядзí на ру́кі Мае́; і дай руку́ тваю і ўкладзí ў бок Мой; і не будзь няве́руючым, а будзь ве́руючым.
Потым сказаў Тамашу: улажы палец твой сюды і паглядзі рукі мае, і падыймі руку тваю і ўлажы ў бок мой, і ня будзь няверным, але верным.
У адказ Фама́ сказаў Яму: Гасподзь мой і Бог мой!
Адказаў Тамаш і сказаў яму: Пан мой і Бог мой!
Кажа яму Іісус: ты ўве́раваў, таму што ўбачыў Мяне; блажэ́нныя тыя, якія не бачылі і ўве́равалі.
Сказаў яму Езус: Затым што ты мяне ўбачыў, Тамашу, ты ўверыў: багаслаўленыя, каторыя ня ўбачылі і ўверылі.
Многа яшчэ зрабіў Іісус перад вучнямі Сваімі і іншых цу́даў, пра якія не напíсана ў кнíзе гэтай;
Многа-ж і іншых знакаў учыніў Езус на вачох сваіх вучняў, якія не запісаны ў гэтай кнізе.
а гэта напíсана, каб вы ўве́равалі, што Іісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, і каб, ве́руючы, жыццё ме́лі ў імя́ Яго.
Гэтыя-ж запісаны, каб вы верылі, што Езус ёсьць Хрыстус, Сын Божы, і каб верачы, мелі жыцьцё ў імя ягонае.