Яна 16 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
Гэта сказаў Я вам, каб вы не спакусíліся;
Гэтае я вам сказаў, каб вы ня горшыліся.
адлу́чаць вас ад сінагог; надыхо́дзіць нават час, калі кожны, хто будзе забіва́ць вас, будзе думаць, што ён слу́жыць Богу;
Вылучаць вас з бажніцаў; але прыходзіць часіна, што кожны, хто вас забівае, будзе думаць, што ён прыслужыўся Богу.
і так будуць рабіць, бо не спазна́лі ні Айца, ні Мяне.
І гэтае будуць рабіць вам, затым што не пазналі Айца ані мяне.
Але гэта сказаў Я вам, каб вы, калі пры́йдзе час, згада́лі тое, што Я гаварыў вам; спача́тку ж гэтага Я вам не гаварыў, бо з вамі быў;
Але гэтае я вам сказаў, каб, калі прыйдзе іх часіна, вы ўспомнілі, што я вам сказаў.
а цяпер іду да Таго, Хто пасла́ў Мяне, і ніхто з вас не пыта́ецца ў Мяне: куды ідзе́ш?
А гэтага спачатку я вам не гаварыў, бо быў з вамі. А цяпер іду да таго, каторы паслаў мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў мяне: «Куды ідзеш»?
Але ад таго, што Я сказаў вам гэта, сму́так напоўніў сэ́рцы вашы.
Але затым, што я вам гэтае сказаў, смутак напоўніў сэрца вашае.
Але Я íсціну кажу́ вам: лепш для вас, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Уцяшы́цель не пры́йдзе да вас; калі ж пайду, то пашлю Яго да вас,
Але я вам праўду кажу: Карысна для вас, каб я адыйшоў. Бо калі не адыйду, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас, калі-ж адыйду, пашлю яго да вас.
і, прыйшо́ўшы, Ён пака́жа свету, у чым грэх, і праўда, і суд:
А калі ён прыйдзе, дакажа сьвету грэх і справядлівасьць і суд.
грэх жа ў тым, што не ве́руюць у Мяне;
Грэх-то, бо ня ўверылі ў мяне;
а праўда ў тым, што Я іду́ да Айца Майго, і ўжо не ўба́чыце Мяне;
а справядлівасьць, бо я іду да Айца і ўжо ня ўбачыце мяне;
а суд у тым, што князь свету гэтага асу́джаны.
суд-жа, бо князь гэтага сьвету ўжо асуджаны.
Яшчэ многае ма́ю сказаць вам, але вы не здо́лееце ўспрыня́ць цяпер;
Яшчэ многа маю вам гаварыць, але цяпер ня можаце зьнесьці.
калі ж пры́йдзе Ён, Дух ісціны, то наста́віць вас на ўсю íсціну, бо Ён не ад Сябе гавары́ць будзе, а тое, што пачуе, будзе гавары́ць, і будучыню абве́сціць вам;
Калі-ж прыйдзе ён, Дух праўды, навучыць вас усякае праўды; бо ня будзе гаварыць сам ад сябе, але будзе гаварыць што-колечы пачуе, і што мае прыйсьці, абвесьціць вам.
Ён Мяне прасла́віць, бо з Майго во́зьме і абве́сціць вам;
Ён праславіць мяне, бо з майго возьме і вам абвесьціць.
усё, што ма́е Айцец, — Маё; таму Я сказаў, што з Майго во́зьме і абве́сціць вам;
Усё, што-колечы мае Айцец, маё ёсьць; дзеля гэтага я сказаў, што ў майго возьме і вам абвесьціць.
яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне; і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне, бо Я іду да Айца.
Крыху і ўжо ня ўбачыце мяне, і ізноў крыху і ўбачыце мяне, што я іду да Айца.
Гаварылі ж некато́рыя з вучняў Яго між сабою: што́ гэта Ён кажа нам: «яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне; і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне» і «Я іду да Айца»?
Дык гаварылі з вучняў ягоных адзін да другога: Што гэта такое, што ён нам кажа: «крыху і ня ўбачыце мяне» і «што я іду да Айца»?
І гаварылі: што́ гэта значыць, што Ён кажа: «яшчэ трохі»? не ведаем, што́ Ён гаво́рыць.
І гаварылі: Што гэта такое, што кажа: «Крыху»? Ня ведаем, што гаворыць.
Ведаў Іісус, што хочуць спыта́цца ў Яго, і сказаў ім: вы пра тое пыта́ецеся адзін у аднаго́, што Я сказаў: «яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне, і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне»?
А Езус пазнаў, што хацелі ў яго пытацца і сказаў ім: «Крыху, і ня ўбачыце мяне, і ізноў крыху і ўбачыце мяне».
праўду, праўду кажу вам, што бу́дзеце плакаць і галасíць вы, а свет будзе ра́давацца; вы смуткава́ць бу́дзеце, але сму́так ваш у радасць абе́рнецца;
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што будзеце плакаць і галасіць вы, а сьвет будзе цешыцца; вы-ж будзеце смуціцца, але смутак ваш у радасьць зьменіцца.
жанчына, калі нараджа́е, гару́е, бо прыйшла́ гадзíна яе, а калі наро́дзіць дзіця́, то ўжо не па́мятае го́ра ад радасці, бо нарадзíўся чалавек на свет;
Жанчына, калі родзіць, смутак мае, што прыйшла яе часіна; але калі народзіць дзіця, ужо ня помніць уцісьненьня дзеля радасьці, што чалавек на сьвет нарадзіўся.
так і вы сму́так цяпер ма́еце, але Я зноў убачу вас, і ўзра́дуецца сэ́рца ваша, і радасці вашай ніхто не ады́ме ў вас;
Так і вы цяпер-то смутак маеце, але я ізноў убачу вас, і будзе радавацца сэрца вашае, і радасьці вашае ніхто ад вас не адыме.
і ў той дзень не будзеце пыта́цца ў Мяне ні пра што; праўду, праўду кажу вам: чаго ні папро́сіце Айца ў імя́ Маё, Ён дасць вам;
І ў той дзень ня будзеце ў мяне нічога пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі чаго будзеце прасіць Айца ў імя маё, дасьць вам.
дагэ́туль вы не прасілі нічога ў імя́ Маё; прасíце і атрыма́еце, каб радасць ваша была поўная;
Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя маё. Прасеце і атрымаеце, каб радасьць вашая была поўная.
гэта ў прытчах Я гаварыў вам; але надыхо́дзіць час, калі ўжо не ў прытчах буду гавары́ць, а адкры́та пра Айца абвяшчу́ вам;
Гэтае я вам гаварыў у прыповесьцях. Надыходзіць часіна, калі ўжо ня ў прыповесьцях буду гаварыць вам, але яўна аб Айцу абвешчу вам.
у той дзень у імя́ Маё будзеце прасіць, і не кажу вам, што Я буду малíць Айца за вас,
У той дзень будзеце прасіць у імя маё, і не кажу вам, што я буду прасіць Айца за вас,
бо Сам Айцец лю́біць вас, таму што вы Мяне ўзлюбíлі і ўве́равалі, што Я ад Бога вы́йшаў;
бо сам Айцец любіць вас, затым што вы ўзлюбілі мяне і ўверылі, што я ад Бога выйшаў.
Я вы́йшаў ад Айца і прыйшо́ў у свет; і зноў пакіда́ю свет і іду да Айца.
Выйшаў я ад Айца і прыйшоў на сьвет; ізноў пакідаю сьвет і іду да Айца.
Кажуць Яму вучні Яго: вось цяпер Ты адкры́та гаворыш і прытчы ніякай не раска́зваеш;
Сказалі яму вучні ягоны: Вось цяпер яўна гаворыш і ня кажаш ніякай прыповесьці.
цяпер ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэ́бы, каб хто ў Цябе пыта́ўся; таму ве́руем, што Ты ад Бога вы́йшаў.
Цяпер мы знаем, што ты ведаеш усё і ня трэба табе, каб хто пытаўся ў цябе; дзеля гэтага верым, што ты ад Бога выйшаў.
Адказаў ім Іісус: цяпер ве́руеце?
Адказаў ім Езус: Вы цяпер верыце?
вось надыхо́дзіць час, і ўжо наста́ў, калі вы рассе́ецеся кожны ў свой бок і Мяне пакíнеце аднаго́; але Я не адзін, бо Айцец са Мною;
Вось надыходзіць часіна, і ўжо надыйшла, каб вы разсеяліся кожны да свайго, а мяне самога пакінулі; а я не адзін, бо са мною ёсьць Айцец.
гэта сказаў Я вам, каб вы ўва Мне мір мелі; у свеце го́ра зазна́еце, але мужа́йцеся: Я перамо́г свет.
Гэта я вам сказаў, каб вы мелі супакой у мне. На сьвеце будзеце мець уцісьненьне, але будзьце адважны, я перамог сьвет.