Яна 16 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Гарошка
Гэта сказаў Я вам, каб вы не спакусíліся;
Гэтае Я сказаў вам, каб вы не зьняверыліся.
адлу́чаць вас ад сінагог; надыхо́дзіць нават час, калі кожны, хто будзе забіва́ць вас, будзе думаць, што ён слу́жыць Богу;
Вас выключаць із сынагогаў; ды прыйдзе гадзіна, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што гэтым служыць Богу.
і так будуць рабіць, бо не спазна́лі ні Айца, ні Мяне.
І гэтак будуць рабіць вам, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне.
Але гэта сказаў Я вам, каб вы, калі пры́йдзе час, згада́лі тое, што Я гаварыў вам; спача́тку ж гэтага Я вам не гаварыў, бо з вамі быў;
Але Я сказаў вам гэтае дзела таго, каб вы, як прыйдзе той час, прыпомнілі, што Я вам гаварыў аб гэтым; не гаварыў-жа вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.
а цяпер іду да Таго, Хто пасла́ў Мяне, і ніхто з вас не пыта́ецца ў Мяне: куды ідзе́ш?
Цяпер-жа йду да Таго, Хто паслаў Мяне і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды йдзеш?
Але ад таго, што Я сказаў вам гэта, сму́так напоўніў сэ́рцы вашы.
Але дзеля таго, што Я сказаў вам гэтае, сум напоўніў вашае сарца.
Але Я íсціну кажу́ вам: лепш для вас, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Уцяшы́цель не пры́йдзе да вас; калі ж пайду, то пашлю Яго да вас,
Але Я праўду кажу вам: ляпей для вас, каб Я адыйшоў, бо калі Я не адыйду, Суцяшыцель ня прыйдзе да вас; калі-ж пайду, пашлю Яго вам.
і, прыйшо́ўшы, Ён пака́жа свету, у чым грэх, і праўда, і суд:
І Ён, прыйшоўшы, пераканае сьвет аб граху, аб справядлівасьці і аб судзе.
грэх жа ў тым, што не ве́руюць у Мяне;
Аб граху, што ня вераць у Мяне;
а праўда ў тым, што Я іду́ да Айца Майго, і ўжо не ўба́чыце Мяне;
аб справядлівасьці, бо Я йду да Майго Айца і ўжо ня ўбачыце Мяне;
а суд у тым, што князь свету гэтага асу́джаны.
аб судзе, бо ўжо засуджаны князь гэтага сьвету.
Яшчэ многае ма́ю сказаць вам, але вы не здо́лееце ўспрыня́ць цяпер;
Яшчэ маю многа сказаць вам, але вы цяпер ня здолееце перанесьці.
калі ж пры́йдзе Ён, Дух ісціны, то наста́віць вас на ўсю íсціну, бо Ён не ад Сябе гавары́ць будзе, а тое, што пачуе, будзе гавары́ць, і будучыню абве́сціць вам;
Калі-ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то навучыць вас усякае праўды, бо не ад сябе будзе гаварыць, але будзе гаварыць, што пачуе і абвесьціць вам, што мае прыйсьці.
Ён Мяне прасла́віць, бо з Майго во́зьме і абве́сціць вам;
Той уславіць Мяне, бо з Майго возьме і абвесьціць вам.
усё, што ма́е Айцец, — Маё; таму Я сказаў, што з Майго во́зьме і абве́сціць вам;
Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; дык Я і сказаў, што возьме ад Майго і абвесьціць вам.
яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне; і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне, бо Я іду да Айца.
Хутка ня будзеце бачыць Мяне; ды-й зноў хутка ўгледзіце Мяне, бо йду да Айца.
Гаварылі ж некато́рыя з вучняў Яго між сабою: што́ гэта Ён кажа нам: «яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне; і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне» і «Я іду да Айца»?
І гаварылі некаторыя з Ягоных вучнаў між сабою: што гэта Ён гаворыць нам: хутка ня будзеце бачыць Мяне і зноў хутка ўгледзіце Мяне, ды што Я йду да Айца?
І гаварылі: што́ гэта значыць, што Ён кажа: «яшчэ трохі»? не ведаем, што́ Ён гаво́рыць.
І гаварылі: што гэта значыць, што Ён кажа: хутка? Не разумеем, што гаворыць.
Ведаў Іісус, што хочуць спыта́цца ў Яго, і сказаў ім: вы пра тое пыта́ецеся адзін у аднаго́, што Я сказаў: «яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне, і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне»?
І пазнаў Ісус, што хочуць спытацца ў Яго, і сказаў ім: аб чым пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: хутка ня будзеце бачыць Мяне і зноў хутка ўбачыце Мяне?
праўду, праўду кажу вам, што бу́дзеце плакаць і галасíць вы, а свет будзе ра́давацца; вы смуткава́ць бу́дзеце, але сму́так ваш у радасць абе́рнецца;
Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет уцешыцца; вы будзеце сумныя, але ваш сум заменіцца ў радасьць.
жанчына, калі нараджа́е, гару́е, бо прыйшла́ гадзíна яе, а калі наро́дзіць дзіця́, то ўжо не па́мятае го́ра ад радасці, бо нарадзíўся чалавек на свет;
Жанчына, калі родзіць, журыцца, што прыйшла яе гадзіна, але калі народзіць дзіця, ужо ня помніць болю ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек на сьвет.
так і вы сму́так цяпер ма́еце, але Я зноў убачу вас, і ўзра́дуецца сэ́рца ваша, і радасці вашай ніхто не ады́ме ў вас;
Так і вы цяпер маеце журбу, але Я ўбачу вас зноў, і ўзрадуецца вашае сэрца, і вашае радасьці ніхто не забярэ ад вас.
і ў той дзень не будзеце пыта́цца ў Мяне ні пра што; праўду, праўду кажу вам: чаго ні папро́сіце Айца ў імя́ Маё, Ён дасць вам;
І ў той дзень ні аб чым ня будзеце ў Мяне пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам, чаго толькі папросіце Айца, дасьць вам у Маё імя.
дагэ́туль вы не прасілі нічога ў імя́ Маё; прасíце і атрыма́еце, каб радасць ваша была поўная;
Да сёньня вы нічога не прасілі ў Маё імя; прасеце і дастанеце, каб радасьць вашая была поўная.
гэта ў прытчах Я гаварыў вам; але надыхо́дзіць час, калі ўжо не ў прытчах буду гавары́ць, а адкры́та пра Айца абвяшчу́ вам;
Гэтае Я гаварыў вам прыповесьцямі, але надходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць прыповесьцямі, але проста абвяшчу вам аб Айцу.
у той дзень у імя́ Маё будзеце прасіць, і не кажу вам, што Я буду малíць Айца за вас,
У той дзень будзеце прасіць у Маё імя, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас,
бо Сам Айцец лю́біць вас, таму што вы Мяне ўзлюбíлі і ўве́равалі, што Я ад Бога вы́йшаў;
бо Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і паверылі, што Я зыйшоў ад Бога.
Я вы́йшаў ад Айца і прыйшо́ў у свет; і зноў пакіда́ю свет і іду да Айца.
Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у сьвет ды йду да Айца.
Кажуць Яму вучні Яго: вось цяпер Ты адкры́та гаворыш і прытчы ніякай не раска́зваеш;
Ягоныя вучні сказалі Яму: вось Ты цяпер проста гаворыш і ня кажаш ніводнае прыповесьці.
цяпер ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэ́бы, каб хто ў Цябе пыта́ўся; таму ве́руем, што Ты ад Бога вы́йшаў.
Цяпер ведаем, што Ты знаеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся ў Цябе. Дзеля гэтага верым, што Ты выйшаў ад Бога.
Адказаў ім Іісус: цяпер ве́руеце?
Ісус сказаў ім: цяпер верыце?
вось надыхо́дзіць час, і ўжо наста́ў, калі вы рассе́ецеся кожны ў свой бок і Мяне пакíнеце аднаго́; але Я не адзін, бо Айцец са Мною;
Вось надыходзіць гадзіна, дый ужо прыйшла, калі вы расьсеецеся кожны ў свой бок і пакінеце Мяне аднаго, Але Я не адзін, бо са Мною Айцец.
гэта сказаў Я вам, каб вы ўва Мне мір мелі; у свеце го́ра зазна́еце, але мужа́йцеся: Я перамо́г свет.
Гэтае Я сказаў вам, каб вы мелі мір ува Мне. На сьвеце будзе мець гора, але будзьце бадзёрымі, Я перамог сьвет.