Яна 13 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Гарошка

 
 

А перад свя́там Пасхі, ве́даючы, што прыйшоў Яго час перайсцí з гэтага све́ту да Айца, Іісус, узлюбíўшы Сваіх, якія ў све́це, да канца ўзлюбíў іх.
 
Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсьці з гэтага сьвету да Айца, палюбіўшы сваіх, што былі на сьвеце, да канца ўзьлюбіў іх.

І падчас вячэ́ры, калі дыявал ужо ўклаў у сэ́рца Іуды Сíманавага Іскарыёта наме́р вы́даць Яго,
 
І падчас вячэры, калі д’ябал ужо ўлажыў у сэрца Юды Сымонавага Іскарыёты прадаць Яго,

Іісус, ве́даючы, што Айцец усё адда́ў у ру́кі Яго, і што Ён ад Бога вы́йшаў і да Бога ідзе́,
 
Ісус, ведаючы, што Айцец усё даў Яму ў Ягоныя рукі і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога вяртаецца,

устае́ ад вячэ́ры і здыма́е во́пратку, і, узя́ўшы ручнíк, падпяра́зваецца;
 
устаў ад стала, зьняў з Сябе верхнюю вопратку і, узяўшы ручнік, падперазаўся.

потым наліва́е ваду́ ва ўмыва́льніцу і пачына́е абмыва́ць ногі ву́чням і выціра́ць ручніко́м, якім быў падпяра́заны.
 
Пасьля наліў вады ў умывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпяразаны.

Падыхо́дзіць Ён да Сíмана Пятра, і той кажа Яму: Госпадзі! няўжо Ты будзеш мыць мае́ ногі?
 
І падыйшоў да Сымона Пятра і той кажа Яму: Госпадзе! ці-ж Табе абмываць мае ногі?

У адказ Іісус сказаў яму: што́ Я раблю, ты цяпер не ве́даеш, а зразуме́еш по́тым.
 
І кажа яму Ісус у адказ: што Я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаешся потым.

Кажа Яму Пётр: не будзеш мыць ног маіх даве́ку. Адказаў яму Іісус: калі не абмы́ю цябе, не будзеш мець супо́льнасці са Мною.
 
Пятро кажа Яму: ня ўмыеш маіх ног давеку. Ісус адказвае яму: калі ня ўмыю цябе, ня будзеш мець часьці са Мною.

Кажа Яму Сíман Пётр: Госпадзі! не толькі ногі мае́, але і ру́кі, і галаву.
 
Тады Сымон Пятро кажа Яму: Госпадзе, ня толькі ногі мае, але і рукі і галаву.

Кажа яму Іісус: абмы́тага няма патрэ́бы мыць, хіба́ толькі ногі, а ўвесь ён чысты, і вы чыстыя, але не ўсе.
 
Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе.

Ён ведаў, хто вы́дасць Яго, таму і сказаў: не ўсе вы чыстыя.
 
Бо Ён ведаў, хто прадасьць Яго, дзеля гэтага і сказаў: ня ўсе вы чыстыя.

Калі ж абмы́ў ногі ім і ўзяў вопратку Сваю, узлёг Ён зноў і сказаў ім: ці ведаеце, што́ Я зрабіў вам?
 
Калі-ж ім абмыў ногі і апрануў сваю вопратку, дык вярнуўся да стала і прамовіў да іх: Ці вы ведаеце, што Я зрабіў вам?

Вы называ́еце Мяне Вучы́целем і Госпадам, і пра́вільна ка́жаце, бо так і ёсць;
 
Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам і справядліва кажаце, бо Я Ім ёсьць.

дык вось, калі Я, Гасподзь і Вучы́цель, абмы́ў вам ногі, то і вы павíнны адзін аднаму абмыва́ць ногі,
 
Дык вось, калі Я, Госпад і Настаўнік, абмыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін другому,

бо Я даў вам пры́клад, каб так, як Я зрабіў вам, рабілі і вы;
 
бо Я даў вам прыклад, каб як Я зрабіў вам, гэтак рабілі і вы.

праўду, праўду кажу вам: раб не бо́льшы за гаспадара́ свайго, і паслане́ц не бо́льшы за таго, хто пасла́ў яго;
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга ня большы за свайго гаспадара, ані пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.

ве́даючы гэта, блажэ́нныя вы, калі робіце гэта;
 
Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі будзе гэтае рабіць.

не пра ўсіх вас кажу, бо Я ведаю, каго вы́браў; але няхай спра́ўдзіцца Пісанне: «той, хто есць са Мною хлеб, падня́ў на Мяне пяту́ сваю»;
 
Не аб усіх вас гавару. Я ведаю каго выбраў, але каб збылося Пісаньне: Той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне сваю пяту (Пс. 40:10).

кажу вам гэта цяпер, раней, чым яно збыло́ся, каб, калі збу́дзецца, вы ўве́равалі, што гэта Я;
 
Цяпер кажу вам, перш чым гэта сталася, каб як станецца, вы паверылі, што гэта Я.

праўду, праўду кажу вам: хто прыма́е таго, каго Я пашлю, той Мяне прыма́е, а хто прыма́е Мяне, прыма́е Таго, Хто пасла́ў Мяне.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто прыймае таго, каго Я пашлю, Мяне прыймае, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.

Сказаўшы гэта, Іісус узру́шыўся духам, і засве́дчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас вы́дасць Мяне!
 
Сказаўшы гэтае, Ісус узварушыўся духам і засьведчыў і сказаў: сапраўды, сапраўды кажу вам: што адзін з вас здрадзіць Мяне!

Глядзе́лі тады адзін на аднаго вучні, недаўмява́ючы, пра каго Ён гаво́рыць.
 
Тады вучні аглядаліся адзін на аднаго, ня ведаючы аб чым гаворыць.

Адзін жа з вучняў Яго, якога любіў Іісус, узляжа́ў каля Іісуса;
 
Быў-жа за сталом адзін з Ягоных вучняў на ўлоньні Ісуса, якога Ісус любіў.

тады ківа́е яму Сíман Пётр, каб спыта́ўся, хто той, пра якога Ён гаворыць.
 
Яму кіўнуў Сымон Пятро, каб спытаўся, хто гэта, аб кім Ён гаворыць.

І ён, прыхілíўшыся да грудзе́й Іісуса, кажа Яму: Госпадзі! хто гэта?
 
І той, нахіліўшыся да грудзей Ісуса, кажа: Госпадзе, хто гэта?

Адка́звае Іісус: гэта той, каму Я, абмакну́ўшы, кава́лак хле́ба пада́м. І, абмакну́ўшы хлеб, дае́ Іудзе Сíманаву Іскарыёту.
 
І адказаў Ісус: той, каму Я падам абмачыўшы кусок хлеба. І абмачыўшы кусок, падаў Юдзе Сыманаваму Іскарыёту.

І тады, пасля гэтага кава́лка, увайшо́ў у яго сатана. І кажа яму Іісус: што́ робіш, рабі хутчэй.
 
І за куском ўвайшоў у яго нячысты. І кажа яму Ісус: што робіш, рабі хутчэй.

Але ніхто з тых, што ўзляжа́лі, не зразуме́ў, пра што Ён сказаў яму.
 
Але ніхто з прысутных таго не разумеў, да чаго гэтае сказаў яму.

Бо некато́рыя думалі, што, пако́лькі ў Іуды была́ скарбо́нка, то Іісус кажа яму: купі, што нам трэба на свята; альбо, каб убо́гім нешта даў.
 
А як у Юды была скарбонка з грашыма, дык іншыя думалі, быццам Ісус кажа яму, купі што трэба нам на сьвята, або каб даў нешта ўбогім.

Ён жа, узя́ўшы той кава́лак хле́ба, адразу вы́йшаў; а была́ ноч. Калі ён выйшаў,
 
Той-жа ўзяўшы кусок, зразу-ж выйшаў. А была ноч.

кажа Іісус: цяпер прасла́віўся Сын Чалавечы, і Бог прасла́віўся ў Ім;
 
Калі ён выйшаў, кажа Ісус: цянер уславіўся Сын Чалавечы і Бог уславіўся ў Ім.

калі Бог прасла́віўся ў Ім, то і Бог прасла́віць Яго ў Сабе, і неўзаба́ве прасла́віць Яго;
 
Калі Бог уславіўся ў Ім, то Бог уславіць і Яго ў Сабе і ўславіць Яго хутка.

дзеткі! ужо нядо́ўга Мне быць з вамі; бу́дзеце шукаць Мяне, і як Я сказаў Іудзеям: «куды Я іду, вы не можаце прыйсцí», так і вам кажу цяпер;
 
Дзеткі, ужо нядоўга Мне быць з вамі; будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў жыдам: куды Я йду, вы ня можаце йсьці, — так кажу цяпер і вам.

за́паведзь новую даю́ вам: каб вы любíлі адзін аднаго́; як Я ўзлюбíў вас, так і вы любíце адзін аднаго́;
 
Даю вам новае прыказаньне: каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас, так і вы любецеся ўзаемна.

па тым пазна́юць усе, што вы Мае́ вучні, калі любоў будзеце мець памíж сабою.
 
Па гэтым пазнаюць усе, што Мае вучні, калі будзеце мець узаемную любоў.

Кажа Яму Сíман Пётр: Госпадзі! куды Ты ідзе́ш? Адказаў яму Іісус: куды Я іду, ты не можаш за Мною цяпер ісцí; але потым по́йдзеш за Мною.
 
Кажа Яму Сымон Пятро: Госпадзе, куды Ты йдзеш? Ісус адказаў яму: куды Я йду, ты ня можаш цяпер за Мною йсьці, але потым пойдзеш за Мною.

Кажа Яму Пётр: Госпадзі! чаму я не магу за Табою ісцí цяпер? я душу́ маю́ за Цябе палажу́.
 
Пятро сказаў Яму: Госпадзе! чаму цяпер я не магу йсьці за Табою? Я душу маю палажу за Цябе.

Адказаў яму Іісус: душу́ тваю за Мяне пало́жыш? праўду, праўду кажу табе: не прапяе́ певень, як ты адрачэ́шся ад Мяне тройчы.
 
Ісус адказаў яму: душу тваю за Мяне паложыш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: не запяе певень, як тройчы адрачэшcя ад Мяне.