Яна 15 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Гарошка
Я — сапра́ўдная вінагра́дная Лаза́, а Айцец Мой — Вінагра́дар;
Я ёсьць сапраўдная вінаградзіна, а Мой Айцец вінаградар.
усякую галíну на Мне, якая не прыно́сіць пло́ду, Ён адсяка́е; і ўсякую, што прыно́сіць плод, ачышча́е, каб бо́льшы плод прыно́сіла.
Усякую галінку ўва Мне, якая ня родзіць, Ён адсякае, і ўсякую, што родзіць, абчышчае, каб давала больш пладоў.
Вы ўжо ачы́шчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.
Вы ўжо ачышчаны праз слова, што Я сказаў вам.
Бу́дзьце ўва Мне, і Я ў вас. Як галíна не можа прыно́сіць пло́ду сама па сабе, калі не будзе на лазе́, так і вы, калі ўва Мне не будзеце.
Будзьце-ж ува Мне і Я ў вас. Як галінка ня можа радзіць сама сабою, калі ня будзе на вінаградзіне, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.
Я — вінагра́дная Лаза́, вы — галíны; хто знахо́дзіцца ўва Мне, а Я ў ім, той прыно́сіць многа пло́ду, бо без Мяне не мо́жаце рабіць нічога;
Я вінаградзіна, а вы галінкі; хто прабывае ўва Мне і Я ў ім, той прыносіць багата пладоў; бо без Мяне ня можаце даканаць нічога.
хто не будзе ўва Мне, той будзе вы́кінуты вон, як галíна, і засохне; і збіра́юць іх, і кíдаюць у агонь, і яны згара́юць;
Хто ня будзе ўва Мне, будзе выкінены вон, як галінка і засохне; падбяруць яе ды кінуць у вагонь і яна згарыць.
калі будзеце ўва Мне і сло́вы Мае́ ў вас будуць, тады чаго хочаце прасíце, і будзе вам;
Калі будзеце ўва Мне і Мае словы будуць у вас, то чаго захочаце, прасеце, і станецца вам.
тым прасла́віцца Айцец Мой, калі вы многа пло́ду прынесяце́ і будзеце Маімі ву́чнямі.
Гэтым уславіцца Мой Айцец, калі вы прынесяце багаты плод і будзеце Маімі вучнямі.
Як узлюбíў Мяне Айцец, так і Я ўзлюбíў вас; бу́дзьце ў любо́ві Маёй;
Як палюбіў Мяне Айцец, так Я палюбіў вас; трывайце-ж у Маёй любові,
калі вы за́паведзі Мае́ вы́канаеце, то бу́дзеце ў любо́ві Маёй, як і Я за́паведзі Айца Майго вы́канаў і знахо́джуся ў Яго любо́ві;
Калі будзеце выконваць Мае прыказаньні, будзеце ў Маёй любові, як і Я выконваў прыказаньні Майго Айца і трываю ў Яго любові.
гэта сказаў Я вам, каб ра́дасць Мая́ ў вас была́ і каб радасць ваша была́ по́ўная;
Гэтае Я сказаў вам, каб была ў вас Мая радасьць і каб вашая радасьць была поўная.
вось за́паведзь Мая́: каб вы любíлі адзін аднаго́, як Я ўзлюбíў вас;
Вось Маё прыказаньне: любецеся ўзаемна, як Я палюбіў вас.
бо́льшай любо́ві ні ў кога няма, як тая, калі хто душу́ сваю пало́жыць за сябро́ў сваіх.
Ніхто ня мае большае любові за тую, калі хто аддасьць сваё жыцьцё за сваіх прыяцялёў.
Вы сябры́ Мае́, калі ро́біце тое, што Я запаве́дую вам;
Вы мае прыяцялі, калі выконваеце тое, што Я загадваю вам.
Я ўжо не называ́ю вас раба́мі, бо раб не ведае, што робіць гаспада́р яго; а Я назва́ў вас сябра́мі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я паве́даў вам;
Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць ягоны гаспадар, а Я называю вас прыяцялямі, бо ўсё, што Я чуў ад Майго Айца, сказаў вам.
не вы Мяне вы́бралі, а Я вас вы́браў і паста́віў вас, каб вы ішлі і плод прыно́сілі, і плод ваш застава́ўся; каб, чаго ні папро́сіце ў Айца ў імя́ Маё, Ён даў вам.
Ня вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і паставіў, каб ішлі і прыносілі плод, і каб ваш плод трываў, каб што просіце ў Айца ў Маё імя, даў вам.
Гэта запаве́дую вам: каб любíлі адзін аднаго;
Гэтае загадваю вам: любеце сябе ўзаемна.
калі свет вас ненавíдзіць, ве́дайце, што Мяне ён перш чым вас узненавíдзеў;
Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне перш чым вас зьненавідзеў.
калі б вы ад свету былí, то свет любíў бы сваё; але пако́лькі вы не ад свету, а Я вы́браў вас ад свету, таму ненавíдзіць вас свет.
Калі-б вы былі са сьвету, то сьвет любіў-бы сваё, але як вы не са сьвету, бо Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет.
Па́мятайце слова, якое Я сказаў вам: раб не бо́льшы за гаспадара свайго; калі Мяне гна́лі, і вас будуць гнаць; калі Маё слова выко́нвалі, і ваша будуць выко́нваць;
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга ня большы за свайго гаспадара. Калі Мяне прасьледавалі, будуць прасьледаваць і вас; калі захоўвалі Маё слова і вашае слова захаваюць.
але ўсё гэта будуць рабíць вам за імя́ Маё, бо не ве́даюць Таго, Хто паслаў Мяне;
Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля Майго імені, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, то не ме́лі б граху́; а цяпер не ма́юць апраўда́ння за грэх свой;
Калі-б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня мелі-б граху; а цяпер ня маюць апраўданьня ў сваім граху.
хто ненавíдзіць Мяне, той і Айца Майго ненавíдзіць;
Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Майго Айца.
калі б Я сярод іх не зрабіў спраў, якіх ніхто іншы не рабіў, то граху́ не ме́лі б яны; цяпер жа і бачылі, і ўзненавíдзелі Мяне і Айца Майго;
Калі-б Я не зрабіў сярод іх таго, чаго ніхто не зрабіў, то ня мелі-б граху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі Мяне і Майго Айца,
але няхай збу́дзецца слова, напíсанае ў законе іх: «узненавíдзелі Мяне без прычы́ны».
Але няхай сбудзецца слова, напісанае ў іхным законе: зьненавідзелі Мяне дарэмна (Пс. 68:5).
Калі ж пры́йдзе Уцяшы́цель, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух íсціны, Які ад Айца зыхо́дзіць, Ён будзе све́дчыць пра Мяне,
Калі-ж прыйдзе Суцяшыцель, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які паходзіць ад Айца, Ён будзе сьведчыць аба Мне.
і вы све́дчыце, таму што вы ад пача́тку са Мною.
Ды і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.