Яна 15 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Гарошка
Я ёсьць запраўдная Вінаградная Лаза, а Бацька Мой ёсьць Вінаградар.
Я ёсьць сапраўдная вінаградзіна, а Мой Айцец вінаградар.
Усякую галіну на Мне, якая ня дае́ плоду, Ён адцінае яе; і ўсякую, што дае плод, абчышчае яе, каб больш плоду давала.
Усякую галінку ўва Мне, якая ня родзіць, Ён адсякае, і ўсякую, што родзіць, абчышчае, каб давала больш пладоў.
Вы ўжо чыстыя праз Слова, Якое Я казаў вам.
Вы ўжо ачышчаны праз слова, што Я сказаў вам.
Заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня мо́жа даваць плоду сама сабою, калі ня застае́цца на лазе, так і вы ня (мо́жаце даваць плоду), калі ня застае́цеся ўва Мне.
Будзьце-ж ува Мне і Я ў вас. Як галінка ня можа радзіць сама сабою, калі ня будзе на вінаградзіне, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.
Я ёсьць Вінаградная Лаза, (а) вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той прыносіць багата Плоду, бо бяз Мяне́ ня мо́жаце рабіць нічога.
Я вінаградзіна, а вы галінкі; хто прабывае ўва Мне і Я ў ім, той прыносіць багата пладоў; бо без Мяне ня можаце даканаць нічога.
Калі хто ня застане́цца ўва Мне, (ён) будзе выкінены вон, як галіна, і ссохне; і зьбіраюць іх, і кідаюць у вагонь, і (яны) згараюць.
Хто ня будзе ўва Мне, будзе выкінены вон, як галінка і засохне; падбяруць яе ды кінуць у вагонь і яна згарыць.
Калі застанецеся ўва Мне, і Словы Мае ў вас застануцца, калі (вы) што захацелі бы, будзеце прасіць, і станецца вам.
Калі будзеце ўва Мне і Мае словы будуць у вас, то чаго захочаце, прасеце, і станецца вам.
У гэтым уславіцца Бацька Мой, калі (вы) прынясецё багаты Плод і будзеце Маімі вучнямі.
Гэтым уславіцца Мой Айцец, калі вы прынесяце багаты плод і будзеце Маімі вучнямі.
Як палюбіў Мяне Бацька, і Я палюбіў вас, заставайцеся ў Любові Маёй.
Як палюбіў Мяне Айцец, так Я палюбіў вас; трывайце-ж у Маёй любові,
Калі Прыказаньні Мае выпаўніце, застанецёся ў Любові Маёй, як (і) Я выпаўніў Прыказаньні Бацькі Майго і застаюся ў Ягонай Любові.
Калі будзеце выконваць Мае прыказаньні, будзеце ў Маёй любові, як і Я выконваў прыказаньні Майго Айца і трываю ў Яго любові.
Гэтае сказаў Я вам, каб Радасьць Мая ў вас была, і (каб) Радасьць вашая была поўная.
Гэтае Я сказаў вам, каб была ў вас Мая радасьць і каб вашая радасьць была поўная.
Гэта ёсьць Прыказаньне Маё, каб (вы) любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Вось Маё прыказаньне: любецеся ўзаемна, як Я палюбіў вас.
Ніхто ня ма́е любові большае за тую, як хто паложыць жыцьцё сваё за сяброў сваіх.
Ніхто ня мае большае любові за тую, калі хто аддасьць сваё жыцьцё за сваіх прыяцялёў.
Вы — сябры Мае, калі робіце ўсё, што Я загадваю вам.
Вы мае прыяцялі, калі выконваеце тое, што Я загадваю вам.
Я ўжо ня называ́ю вас слугамі, бо слуга ня ве́дае, што робіць гаспадар ягоны, але Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што пачуў ад Бацькі Майго, паведаміў вам.
Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць ягоны гаспадар, а Я называю вас прыяцялямі, бо ўсё, што Я чуў ад Майго Айца, сказаў вам.
Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы йшлі і прыносілі Плод, і (каб) Плод ваш заставаўся; каб тое, чаго толькі папросіце ў Бацькі ў Імя Маё, Ён даў вам.
Ня вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і паставіў, каб ішлі і прыносілі плод, і каб ваш плод трываў, каб што просіце ў Айца ў Маё імя, даў вам.
Гэтае загадваю вам, каб (вы) любілі адзін аднаго.
Гэтае загадваю вам: любеце сябе ўзаемна.
Калі сьвет вас нянавíдзіць, ведайце, што Мяне перш за вас зьнянавідзіў.
Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне перш чым вас зьненавідзеў.
Калі б (вы) былі ад сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як (вы) ня ад сьве́ту, але Я выбраў вас са сьвету, затым нянавідзіць вас сьвет.
Калі-б вы былі са сьвету, то сьвет любіў-бы сваё, але як вы не са сьвету, бо Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет.
Памятайце Слова, якое Я сказаў вам: слуга ня бо́льшы за гаспадара свайго. Калі Мяне перасьледавалі, і вас будуць перасьледаваць; калі Маё Слова захавалі, і вашае (слова) захаваюць.
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга ня большы за свайго гаспадара. Калі Мяне прасьледавалі, будуць прасьледаваць і вас; калі захоўвалі Маё слова і вашае слова захаваюць.
Але ўсё гэтае зробяць вам з-за Імені Майго, бо ня ве́даюць Таго, Хто паслаў Мяне.
Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля Майго імені, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
Калі б Я ня прыйшо́ў і ня каза́ў ім, ня ме́лі бы грэху; а цяпер ня ма́юць адгаворкі ў грэху сваім.
Калі-б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня мелі-б граху; а цяпер ня маюць апраўданьня ў сваім граху.
Хто Мяне нянавíдзіць, і Бацьку Майго нянавíдзіць.
Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Майго Айца.
Калі б Я ня зрабíў сярод іх Дзеяў, якіх ніхто іншы ня рабíў, ня мелí бы грэху, а цяпер і ўбачылі, і ўзьнянавідзілі і Мяне, і Бацьку Майго.
Калі-б Я не зрабіў сярод іх таго, чаго ніхто не зрабіў, то ня мелі-б граху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі Мяне і Майго Айца,
Але каб споўнілася Слова, што напісана ў Законе іхным: зьнянавідзілі Мяне бяз прычыны (Пс. 69:5).
Але няхай сбудзецца слова, напісанае ў іхным законе: зьненавідзелі Мяне дарэмна (Пс. 68:5).
Калі ж прыйдзе Суцяшальнік, Якога Я пашлю вам ад Бацькі, Дух Праўды, Які ад Бацькі зыходзіць, Ён будзе сьведчыць аба Мне.
Калі-ж прыйдзе Суцяшыцель, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які паходзіць ад Айца, Ён будзе сьведчыць аба Мне.
І вы таксама сьведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.
Ды і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.