Яна 15 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Я — запраўднае віно, а Айцец Мой — вінар.
 
Я ёсьць сапраўдная вінаградзіна, а Мой Айцец вінаградар.

Кажную галузу на Імне, што ня родзе плоду, Ён забірае; і кажную, каторая родзе плод, абцінае, каб больш плоду радзіла.
 
Усякую галінку ўва Мне, якая ня родзіць, Ён адсякае, і ўсякую, што родзіць, абчышчае, каб давала больш пладоў.

Вы ўжо чыстыя пераз слова, што Я вам казаў.
 
Вы ўжо ачышчаны праз слова, што Я сказаў вам.

Перабывайце ў Імне, а Я ў вас. Як галуза ня можа радзіць плоду сама ізь сябе, калі не застаецца на віне, так і вы, калі ня будзеце ў Імне.
 
Будзьце-ж ува Мне і Я ў вас. Як галінка ня можа радзіць сама сабою, калі ня будзе на вінаградзіне, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.

«Я — віно, вы — галузы. Хто перабывае ў Імне, і Я ў ім, тый родзе шмат плоду, бо безь Мяне ня можаце чыніць нічога.
 
Я вінаградзіна, а вы галінкі; хто прабывае ўва Мне і Я ў ім, той прыносіць багата пладоў; бо без Мяне ня можаце даканаць нічога.

Калі хто не перабывае ў Імне, ён выкінены вон, як галуза, і ссох; і зьбіраюць іх, і ў цяпло кідаюць, і яны згараюць.
 
Хто ня будзе ўва Мне, будзе выкінены вон, як галінка і засохне; падбяруць яе ды кінуць у вагонь і яна згарыць.

«Калі будзеце ў Імне, і словы Мае будуць перабываць у вас, — усяго, чаго зычыце, прасіце, і будзе вам.
 
Калі будзеце ўва Мне і Мае словы будуць у вас, то чаго захочаце, прасеце, і станецца вам.

У тым ёсьць Айцец Мой услаўлены, што вы шмат пладоў дасьце і станеце вучанікамі Маімі.
 
Гэтым уславіцца Мой Айцец, калі вы прынесяце багаты плод і будзеце Маімі вучнямі.

«Як Айцец умілаваў Мяне, так Я ўмілаваў вас; застаньцеся ў любосьці Маёй.
 
Як палюбіў Мяне Айцец, так Я палюбіў вас; трывайце-ж у Маёй любові,

Калі вы расказаньні Мае будзеце дзяржаць, вы застаніцеся ў міласьці Маёй, як Я расказаньні Айца Свайго зьдзяржаў і застаюся ў міласьці Ягонай.
 
Калі будзеце выконваць Мае прыказаньні, будзеце ў Маёй любові, як і Я выконваў прыказаньні Майго Айца і трываю ў Яго любові.

Я гэта сказаў вам, каб радасьць Мая была ў вас, і радасьць ваша была поўная.
 
Гэтае Я сказаў вам, каб была ў вас Мая радасьць і каб вашая радасьць была поўная.

«Гэта — расказаньне Мае, каб вы мілавалі адзін аднаго, як Я ўмілаваў вас.
 
Вось Маё прыказаньне: любецеся ўзаемна, як Я палюбіў вас.

Ніхто ня мае большае міласьці за тую, як хто жыцьцё свае аддасьць за прыяцеляў сваіх.
 
Ніхто ня мае большае любові за тую, калі хто аддасьць сваё жыцьцё за сваіх прыяцялёў.

Вы прыяцелі Мае, калі робіце тое, што Я расказую вам.
 
Вы мае прыяцялі, калі выконваеце тое, што Я загадваю вам.

Я ўжо не заву вас нявольнікамі, бо нявольнік ня ведае, што робе гаспадар ягоны; але вас Я назваў прыяцельмі, бо ўсе, што пачуў у Вайца Свайго, Я азнайміў вам.
 
Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць ягоны гаспадар, а Я называю вас прыяцялямі, бо ўсё, што Я чуў ад Майго Айца, сказаў вам.

«Ня вы Мяне абралі, але Я абраў вас і прызначыў вас, каб вы йшлі й плод давалі, і плод вашы заставаўся б, каб даў вам Айцец, чаго толькі папросіце ў Яго ў імя Мае.
 
Ня вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і паставіў, каб ішлі і прыносілі плод, і каб ваш плод трываў, каб што просіце ў Айца ў Маё імя, даў вам.

«Гэта расказую вам, каб вы мілавалі адзін аднаго.
 
Гэтае загадваю вам: любеце сябе ўзаемна.

Калі сьвет ненавідзе вас, ведайце, што Мяне ён уперад за вас зьненавідзіў.
 
Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне перш чым вас зьненавідзеў.

Калі б вы былі ізь сьвету, сьвет любіў бы собскіх; а як вы ня ізь сьвету, але Я абраў вас ізь сьвету, затым сьвет ненавідзе вас.
 
Калі-б вы былі са сьвету, то сьвет любіў-бы сваё, але як вы не са сьвету, бо Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет.

Памятуйце слова, што Я сказаў вам: "Нявольнік не вялікшы за гаспадара свайго". Калі перасьледавалі Мяне, будуць і вас перасьледаваць; калі б дзяржалі слова Мае, дзяржалі б і вашае.
 
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга ня большы за свайго гаспадара. Калі Мяне прасьледавалі, будуць прасьледаваць і вас; калі захоўвалі Маё слова і вашае слова захаваюць.

Але гэта ўсе будуць рабіць вам за імя Мае, бо ня знаюць Таго, хто паслаў Мяне.
 
Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля Майго імені, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.

Калі б Я ня прышоў і не казаў ім, яны ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць выбачэньня за грэх свой.
 
Калі-б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня мелі-б граху; а цяпер ня маюць апраўданьня ў сваім граху.

«Хто ненавідзе Мяне, і Айца Майго ненавідзе.
 
Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Майго Айца.

Калі б Я ня ўчыніў памеж іх справаў, каторых ніхто іншы ня ўчыніў, яны ня мелі б грэху; але цяпер бачылі і зьненавідзілі Мяне а Айца Майго.
 
Калі-б Я не зрабіў сярод іх таго, чаго ніхто не зрабіў, то ня мелі-б граху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі Мяне і Майго Айца,

Але каб споўнілася слова, напісанае ў Праве іхным: "Зьненавідзілі Мяне бяз прычыны".
 
Але няхай сбудзецца слова, напісанае ў іхным законе: зьненавідзелі Мяне дарэмна (Пс. 68:5).

А як прыйдзе Пацяшыцель, Каторага Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, што ад Айца паходзе, Ён будзе сьветчыць празь Мяне.
 
Калі-ж прыйдзе Суцяшыцель, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які паходзіць ад Айца, Ён будзе сьведчыць аба Мне.

І вы таксама сьветча, бо ад пачатку вы з Імною.
 
Ды і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.