Яна 16 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка
Гэтае сказаў Я вам, каб ня былі спаку́шаны.
Гэтае Я сказаў вам, каб вы не зьняверыліся.
Вы́ключаць вас із школаў; дый ідзе́ гадзіна, калі кожны, хто заб’е́ вас, будзе думаць, што гэтым служыць Богу.
Вас выключаць із сынагогаў; ды прыйдзе гадзіна, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што гэтым служыць Богу.
І гэтак будуць рабіць вам, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне́.
І гэтак будуць рабіць вам, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне.
Але сказаў Я вам гэтае дзеля таго, каб вы, калі прыйдзе той час, прыпомнілі, што́ Я вам гаварыў аб гэтым; не гаварыў жа вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.
Але Я сказаў вам гэтае дзела таго, каб вы, як прыйдзе той час, прыпомнілі, што Я вам гаварыў аб гэтым; не гаварыў-жа вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.
Цяпе́р жа йду да Паслаўшага Мяне́, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне́: куды йдзе́ш?
Цяпер-жа йду да Таго, Хто паслаў Мяне і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды йдзеш?
Але ад таго, што Я сказаў вам гэтае, сум напоўніў сэрца вашае.
Але дзеля таго, што Я сказаў вам гэтае, сум напоўніў вашае сарца.
Але Я праўду кажу вам: ляпе́й для вас, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Пацяшы́цель ня пры́йдзе да вас, калі-ж пайду, пашлю Яго да вас,
Але Я праўду кажу вам: ляпей для вас, каб Я адыйшоў, бо калі Я не адыйду, Суцяшыцель ня прыйдзе да вас; калі-ж пайду, пашлю Яго вам.
і Ён, прыйшоўшы, кары́цімець сьве́т у грэху, пра́ўдзе і судзе́;
І Ён, прыйшоўшы, пераканае сьвет аб граху, аб справядлівасьці і аб судзе.
у грэху, што ня ве́раць у Мяне́;
Аб граху, што ня вераць у Мяне;
у праўдзе, што Я йду да Айца Майго, і ўжо ня ўбачыце Мяне́;
аб справядлівасьці, бо Я йду да Майго Айца і ўжо ня ўбачыце Мяне;
у судзе́-ж, што князь сьве́ту гэтага засуджаны.
аб судзе, бо ўжо засуджаны князь гэтага сьвету.
Яшчэ многа ма́ю сказаць вам, але вы цяпе́р ня здолееце перане́сьці.
Яшчэ маю многа сказаць вам, але вы цяпер ня здолееце перанесьці.
Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то навучыць вас усякае праўды, бо не ад Сябе́ гаварыць будзе, але гавары́цімець, што́ пачуе, і абве́сьціць вам, што́ ма́е прыйсьці.
Калі-ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то навучыць вас усякае праўды, бо не ад сябе будзе гаварыць, але будзе гаварыць, што пачуе і абвесьціць вам, што мае прыйсьці.
Той уславіць Мяне́, бо з Майго возьме і вам абве́сьціць.
Той уславіць Мяне, бо з Майго возьме і абвесьціць вам.
Усё, што ма́е Аце́ц, ёсьць Маё; дык Я і сказаў, што ад Майго возьме і абве́сьціць вам.
Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; дык Я і сказаў, што возьме ад Майго і абвесьціць вам.
Хутка ня будзеце бачыць Мяне́; дый ізноў хутка ўгле́дзіце Мяне́, што йду да Айца.
Хутка ня будзеце бачыць Мяне; ды-й зноў хутка ўгледзіце Мяне, бо йду да Айца.
І гаварылі некато́рыя з вучняў Яго паміж сабою: што́ гэта Ён гаворыць нам: хутка ня будзеце бачыць Мяне́ і зноў хутка ўгле́дзіце Мяне́, дый: Я йду да Айца?
І гаварылі некаторыя з Ягоных вучнаў між сабою: што гэта Ён гаворыць нам: хутка ня будзеце бачыць Мяне і зноў хутка ўгледзіце Мяне, ды што Я йду да Айца?
І гаварылі: што́ гэта знача, што кажа Ён: хутка? Ня ве́даем, што гаворыць.
І гаварылі: што гэта значыць, што Ён кажа: хутка? Не разумеем, што гаворыць.
І пазнаў Ісус, што хочуць спытацца ў Яго, і сказаў ім: аб тым пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: хутка ня будзеце бачыць Мяне́ і зноў хутка ўгле́дзіце Мяне́?
І пазнаў Ісус, што хочуць спытацца ў Яго, і сказаў ім: аб чым пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: хутка ня будзеце бачыць Мяне і зноў хутка ўбачыце Мяне?
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: вы запла́чаце і загало́сіце, а сьве́т уце́шыцца; вы су́мныя будзеце, але сум ваш у радасьць зьме́ніцца.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет уцешыцца; вы будзеце сумныя, але ваш сум заменіцца ў радасьць.
Жанчына, калі родзіць, ту́жыць, што прыйшла яе́ гадзіна, але, калі ўродзіць дзіця, дык ужо ня помніць аб го́ры ад радасьці, бо нарадзіўся чалаве́к на сьве́т.
Жанчына, калі родзіць, журыцца, што прыйшла яе гадзіна, але калі народзіць дзіця, ужо ня помніць болю ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек на сьвет.
Так і вы цяпе́р ту́жыце, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзра́дуецца сэрца вашае, і радасьці вашай ніхто не адбярэ ў вас.
Так і вы цяпер маеце журбу, але Я ўбачу вас зноў, і ўзрадуецца вашае сэрца, і вашае радасьці ніхто не забярэ ад вас.
І ў той дзе́нь ня будзеце пытацца ў Мяне́ ні аб чым. Запраўды́, запраўды́ кажу вам, што, аб чым папросіце Айца ў імя Маё, дасьць вам.
І ў той дзень ні аб чым ня будзеце ў Мяне пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам, чаго толькі папросіце Айца, дасьць вам у Маё імя.
Да сяньня вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасіце і дастанеце, каб радасьць ваша была поўная.
Да сёньня вы нічога не прасілі ў Маё імя; прасеце і дастанеце, каб радасьць вашая была поўная.
Гэтае Я гаварыў вам прыповесьцямі; але надходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць прыповесьцямі, але проста абвяшчу вам аб Айцу.
Гэтае Я гаварыў вам прыповесьцямі, але надходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць прыповесьцямі, але проста абвяшчу вам аб Айцу.
У той дзе́нь будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас,
У той дзень будзеце прасіць у Маё імя, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас,
бо Сам Аце́ц любіць вас, бо вы палюбілі Мяне́ і паве́рылі, што Я зыйшоў ад Бога.
бо Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і паверылі, што Я зыйшоў ад Бога.
Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьве́т і зноў пакідаю сьве́т ды йду да Айца.
Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у сьвет ды йду да Айца.
Вучні Яго сказалі Яму: вось Ты цяпе́р проста гаворыш і прыповесьці ня кажаш ніводнае.
Ягоныя вучні сказалі Яму: вось Ты цяпер проста гаворыш і ня кажаш ніводнае прыповесьці.
Цяпер бачым, што Ты ве́даеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся ў Цябе́. Дзеля гэтага ве́рым, што Ты ад Бога зыйшоў.
Цяпер ведаем, што Ты знаеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся ў Цябе. Дзеля гэтага верым, што Ты выйшаў ад Бога.
Ісус адказаў ім: цяпе́р ве́рыце?
Ісус сказаў ім: цяпер верыце?
Вось надыхо́дзіць гадзіна, дый ужо прыйшла, калі вы рассе́ецеся кожын у свой бок і пакінеце Мяне́ аднаго. Але Я не адзін, бо Аце́ц са Мною.
Вось надыходзіць гадзіна, дый ужо прыйшла, калі вы расьсеецеся кожны ў свой бок і пакінеце Мяне аднаго, Але Я не адзін, бо са Мною Айцец.
Гэтае сказаў Я вам, каб мір ме́лі ў-ва Мне́. На сьве́це го́ра ме́ць будзеце, але спадзява́йцеся: Я перамог сьве́т.
Гэтае Я сказаў вам, каб вы мелі мір ува Мне. На сьвеце будзе мець гора, але будзьце бадзёрымі, Я перамог сьвет.