Яна 20 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка

 
 

У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць раніцай да магілы і бачыць, што ка́мень ад магілы адва́лены.
 
У першы дзень тыдня Марыя Магдаліна раніцаю чуць золак прыйшла да гробу і бачыць, што камень адвалены ад гробу.

Дык бяжыць і прыходзіць да Сымона Пятра і другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: узялі Го́спада з магілы, і ня ве́даем, дзе́ палажылі Яго.
 
Дык пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і другога вучня, якога любіў Ісус і кажа ім: Узялі Госпада з гробу і ня ведаем, дзе палажылі Яго.

І выйшаў Пётр і другі вучань і пайшлі к магіле.
 
Выйшаў-жа Пятро і другі вучань і пайшлі да гробу.

Бе́глі-ж абодва разам, і другі вучань баржджэй абагнаў Пятра і прыйшоў да магілы пе́ршы
 
Беглі-ж абодва разам, і другі вучань бег баржджэй за Пятра і прыйшоў да гробу першы.

і, нахіліўшыся, бачыць ляжучы́ палатніну, але не ўвайшоў.
 
І нахіліўшыся, убачыў: ляжаць раскіданыя тканіны, але не ўвайшоў.

І прыходзіць за ім Сымон Пётр і ўваходзіць у магілу ды бачыць ляжучы́ адну палатніну
 
Прыйшоў таксама Сымон Пятра сьледам за ім і ўвашоў у гроб і бачыць ляжачыя палотны

і хустку, што была на галаве́ Яго, ды ня разам з палатнінай, але асобна скручаную на другім ме́сцы.
 
і хустку, што была на Ягонай галаве, але не з палатнінаю, а скручаная асобна на іншым мейсцы.

Тады ўвайшоў і другі вучань, што ране́й прыйшоў да магілы, і ўбачыў і паве́рыў.
 
Тады ўвайшоў і другі вычунь, што першы прыйшоў да гробу, і ўбачыў і паверыў.

Бо яны яшчэ ня ве́далі напісанага, што Ён мусіць уваскрэснуць.
 
Бо яны яшчэ ня ведалі Пісаньня, паводля якога Ён мусіць уваскроснуць з памёршых.

Дык вучні ізноў пайшлі да сябе́.
 
Тады вучні зноў пайшлі да сябе.

А Марыя стаяла ля магілы і плакала; і плачучы нагнулася да магілы.
 
Таго часу Марыя стаяла каля гробў навонках і плакала, і плачучы нагнулася да гробу

І бачыць двух ангелаў у бе́лым адзе́ньні, се́дзячы адзін угало́вах, другі ўнага́х, дзе́ ляжала це́ла Ісуса.
 
і ўбачыла двух ангелаў у белым адзеньні, седзячы адзін у галавах, а другі ў нагах, дзе ляжала Ісусава цела.

І яны кажуць ёй: жанчына! чаго плачаш? Яна адказвае: забралі Госпада майго, і ня ве́даю, дзе́ палажылі Яго.
 
І яны кажуць ёй: жанчына, чаго плачаш? Яна кажа ім: забралі майго Госпада і ня ведаю, дзе Яго палажылі.

Сказаўшы гэтае, аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Ісус, але не пазнала, што гэта Ісус.
 
Сказаўшы гэтае, аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Ісус, але не пазнала, што гэта Ісус.

І кажа ёй Ісус: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа яму: Госпадзе! калі ты́ вы́нес Яго, скажы мне́, дзе́ ты палажыў Яго, і я вазьму Яго.
 
І кажа ёй Ісус: жанчына, чаго плачаш? Каго шукаеш? Яна-ж, думаючы што гэта садоўнік, кажа Яму: Госпадзе, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты палажыў Яго і я вазьму Яго.

Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, аглянуўшыся, кажа Яму: Раввуні! г. зн. Вучыцель!
 
Кажа ёй Ісус: Марыя! Яна пазнала Яго і кажа Яму: Раввуні! гэта значыць: Настаўнік.

Ісус кажа ёй: не дакрана́йся да Мяне́, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго, але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.
 
Ісус кажа ёй: не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Майго Айца, але йдзі да Маіх братоў і скажы ім: узыходжу да Майго Айца і вашага Айца, да Майго Бога і вашага Бога.

Марыя Магдаліна ідзе́ й абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.
 
Прыйшла Марыя Магдаліна да вучняў і абвясьціла ім, што бачыла Госпада і што Ён гэтае сказаў ёй.

І ўве́чары таго-ж пе́ршага дня тыдня, калі дзьве́ры дому, дзе́ зьбіраліся вучні Яго, былі замкнёны ад страху перад Жыда́мі, прыйшоў Ісус і стануў пасярэдзіне і сказаў ім: мір вам!
 
Калі настаў вечар таго першага дня тыдня, калі дзьверы дому, дзе сабраліся вучні, былі замкнёныя дзеля страху перад жыдамі, прыйшоў Ісус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: "Мір вам!"

І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі й бок свой. І ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.
 
І сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і бок Свой. І ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.

Ісус жа сказаў ім ізноў: мір вам! Як паслаў Мяне́ Аце́ц, так і Я пасылаю вас.
 
Ісус-жа сказаў ім зноў: "Мір вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас.

Сказаўшы гэтае, дыхнуў і кажа ім: прыйміце Духа Сьвятога.
 
І сказаўшы гэтае дыхнуў і кажа ім: "Прыймеце Сьвятога Духа.

Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым астануцца.
 
Каму адпусьціце грахі, таму будзе адпушчана, а каму затрымаеце, будуць затрыманы.

А Хама́, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў тут з імі, калі прыходзіў Ісус.
 
А Тамаш, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ця быў тут з імі, калі прыйшоў Ісус.

Другія вучні сказалі Яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках Яго ранаў ад цьвякоў і не́ уткну́ пальца Майго ў раны ад цьвякоў, і не ўлажу рукі маёй у бок Яго, не паве́ру.
 
Другія вучні сказалі яму: "Мы бачылі Госпада". Ён-жа сказаў ім: "Калі ня ўбачу на Ягоных руках ранаў ад цьвікоў, і не ўлажу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўлажу мае рукі ў бок Яго, не паверу.

І цераз восем дзён ізноў былі ў доме вучні Яго і Хама́ з імі. Прыходзе Ісус пры замкнёных дзьвярох, стануў пасярэдзіне і сказаў: мір вам!
 
І праз восем дзён зноў былі ў доме Ягоныя вучні і Тамаш з імі. Прыйшоў Ісус праз замкнёныя дзьверы, стаў пасярод іх і сказаў: "Мір вам!"

Потым кажа да Хамы́: дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае́; дай руку тваю і ўлажы ў бок мой; і ня будзь няве́руючым, але ве́руючым.
 
Потым кажа да Тамаша: "Дай сюды твой паляц і пагладзі мае рукі; дай тваю руку і ўлажы ў Мой бок і ня будзь няверуючым, але веруючым".

Хама́ адказаў Яму і сказаў: Госпадзе мой і Божа мой!
 
І адказаў Тамаш і сказаў Яму: "Госпад мой і Бог мой!"

Ісус кажа яму: ты, Хама́, паве́рыў, бо бачыў Мяне́; шчасьлівыя ня бачыўшыя і паве́рыўшыя.
 
Ісус-жа сказаў яму: "Таму што ўбачыў Мяне, ты паверыў, штосьлівыя, што ня бачылі і паверылі".

І многа зрабіў Ісус перад вучнямі Сваімі другіх цу́даў, аб якіх не напісана ў гэтай кнізе;
 
І шмат іншых знакоў зрабіў Ісус перад Сваімі вучнямі, якія не запісаны ў гэтай кнізе.

а гэтае-ж напісана, каб вы паве́рылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, ве́руючы, ме́лі жыцьцё ў імя Яго.
 
Гэта-ж напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і каб веруючы мелі жыцьцё ў імя Яго.