Яна 20 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Гарошка

 
 

А ў першы дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць рана, яшчэ поцемкам, да магільні і бачыць, што камень адвалены ад магільні.
 
У першы дзень тыдня Марыя Магдаліна раніцаю чуць золак прыйшла да гробу і бачыць, што камень адвалены ад гробу.

Тады яна бяжыць і прыходзіць да Сімана Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: Забралі Госпада з магільні і не ведаем, дзе паклалі Яго.
 
Дык пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і другога вучня, якога любіў Ісус і кажа ім: Узялі Госпада з гробу і ня ведаем, дзе палажылі Яго.

Тады выйшаў Пётр і другі вучань і прыйшлі да магільні.
 
Выйшаў-жа Пятро і другі вучань і пайшлі да гробу.

Беглі яны абодва разам, але другі вучань прабег хутчэй за Пятра і прыйшоў першы да магільні,
 
Беглі-ж абодва разам, і другі вучань бег баржджэй за Пятра і прыйшоў да гробу першы.

і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжаць пялёны, аднак усярэдзіну ён не ўвайшоў.
 
І нахіліўшыся, убачыў: ляжаць раскіданыя тканіны, але не ўвайшоў.

Тады прыходзіць таксама Сіман Пётр услед за ім, і ён увайшоў у магільню і бачыць, што ляжаць пялёны,
 
Прыйшоў таксама Сымон Пятра сьледам за ім і ўвашоў у гроб і бачыць ляжачыя палотны

і што хустка, якая была на Яго галаве, не з пялёнамі ляжыць, а асобна скручаная ў адным месцы.
 
і хустку, што была на Ягонай галаве, але не з палатнінаю, а скручаная асобна на іншым мейсцы.

Тады ўвайшоў і другі вучань, што першы прыйшоў да магільні, і ўбачыў і паверыў:
 
Тады ўвайшоў і другі вычунь, што першы прыйшоў да гробу, і ўбачыў і паверыў.

бо яны яшчэ не разумелі Пісання, што Яму належала ўваскрэснуць з мёртвых.
 
Бо яны яшчэ ня ведалі Пісаньня, паводля якога Ён мусіць уваскроснуць з памёршых.

Тады вучні пайшлі зноў да сябе.
 
Тады вучні зноў пайшлі да сябе.

Марыя ж стаяла каля магільні знадворку плачучы. І вось, калі плакала, нахілілася яна ў магільню,
 
Таго часу Марыя стаяла каля гробў навонках і плакала, і плачучы нагнулася да гробу

і бачыць, што сядзяць два Анёлы ў белым, адзін у галавах, другі ў нагах, дзе ляжала Ісусава цела.
 
і ўбачыла двух ангелаў у белым адзеньні, седзячы адзін у галавах, а другі ў нагах, дзе ляжала Ісусава цела.

І яны кажуць ёй: Жанчына, чаго ты плачаш? — Яна кажа ім: Забралі майго Госпада і не ведаю, дзе Яго паклалі .
 
І яны кажуць ёй: жанчына, чаго плачаш? Яна кажа ім: забралі майго Госпада і ня ведаю, дзе Яго палажылі.

Сказаўшы гэта, яна павярнулася назад і бачыць, што стаіць Ісус, але яна не пазнала, што гэта Ісус.
 
Сказаўшы гэтае, аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Ісус, але не пазнала, што гэта Ісус.

Кажа ёй Ісус: Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш? — Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: Гаспадару, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе Ты паклаў Яго, і я Яго вазьму.
 
І кажа ёй Ісус: жанчына, чаго плачаш? Каго шукаеш? Яна-ж, думаючы што гэта садоўнік, кажа Яму: Госпадзе, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты палажыў Яго і я вазьму Яго.

Ісус кажа ёй: Марыям!50 — Яна, павярнуўшыся, кажа яму па-яўрэйску: Раввуні (што азначае «Настаўнік»)!
 
Кажа ёй Ісус: Марыя! Яна пазнала Яго і кажа Яму: Раввуні! гэта значыць: Настаўнік.

Ісус кажа ёй: Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да [Майго] Бацькі; а ідзі да Маіх братоў і скажы ім: Я ўзыходжу да Бацькі Майго і Бацькі вашага і да Бога Майго і Бога вашага.
 
Ісус кажа ёй: не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Майго Айца, але йдзі да Маіх братоў і скажы ім: узыходжу да Майго Айца і вашага Айца, да Майго Бога і вашага Бога.

Марыям51 Магдаліна прыходзіць і аб’яўляе вучням: Я Госпада бачыла, — і што Ён гэта сказаў ёй.
 
Прыйшла Марыя Магдаліна да вучняў і абвясьціла ім, што бачыла Госпада і што Ён гэтае сказаў ёй.

Увечары таго дня, першага дня тыдня, калі дзверы там, дзе знаходзіліся вучні, былі замкнёныя са страху перад іудзеямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: Мір вам!
 
Калі настаў вечар таго першага дня тыдня, калі дзьверы дому, дзе сабраліся вучні, былі замкнёныя дзеля страху перад жыдамі, прыйшоў Ісус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: "Мір вам!"

І, сказаўшы гэта, Ён паказаў ім [Свае] рукі, ногі і бок. І ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.
 
І сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і бок Свой. І ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.

Тады [Ісус] зноў сказаў ім: Мір вам; як паслаў Мяне Бацька, так і Я пасылаю вас.
 
Ісус-жа сказаў ім зноў: "Мір вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас.

І, сказаўшы гэта, Ён дзьмухнуў і кажа ім: Прыміце Святога Духа;
 
І сказаўшы гэтае дыхнуў і кажа ім: "Прыймеце Сьвятога Духа.

калі даруеце каму грахі, таму даруюцца, і, калі ж пакінеце на кім, пакінуцца.
 
Каму адпусьціце грахі, таму будзе адпушчана, а каму затрымаеце, будуць затрыманы.

А Фама, адзін з дванаццаці, якога называлі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Ісус.
 
А Тамаш, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ця быў тут з імі, калі прыйшоў Ісус.

Другія ж вучні казалі яму: Мы бачылі Госпада. — А ён сказаў ім: Калі не ўбачу на Яго руках следу ад цвікоў, і не ўкладу свайго пальца ў след ад цвікоў, і не ўкладу сваёй рукі ў Яго бок, не паверу.
 
Другія вучні сказалі яму: "Мы бачылі Госпада". Ён-жа сказаў ім: "Калі ня ўбачу на Ягоных руках ранаў ад цьвікоў, і не ўлажу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўлажу мае рукі ў бок Яго, не паверу.

І праз восем дзён Яго вучні зноў былі ў доме і Фама з імі. Прыходзіць Ісус, калі дзверы былі замкнёныя; і стаў пасярэдзіне, і сказаў: Мір вам!
 
І праз восем дзён зноў былі ў доме Ягоныя вучні і Тамаш з імі. Прыйшоў Ісус праз замкнёныя дзьверы, стаў пасярод іх і сказаў: "Мір вам!"

Пасля кажа Фаме: Дай сюды свой палец і паглядзі на Мае рукі, і дай сваю руку і ўкладзі ў Мой бок, і не будзь нявернікам, а будзь вернікам.
 
Потым кажа да Тамаша: "Дай сюды твой паляц і пагладзі мае рукі; дай тваю руку і ўлажы ў Мой бок і ня будзь няверуючым, але веруючым".

Фама сказаў Яму ў адказ: Госпад мой і Бог мой!
 
І адказаў Тамаш і сказаў Яму: "Госпад мой і Бог мой!"

Ісус кажа яму: Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне? Шчаслівыя тыя, што не бачылі і ўверавалі.
 
Ісус-жа сказаў яму: "Таму што ўбачыў Мяне, ты паверыў, штосьлівыя, што ня бачылі і паверылі".

Шмат жа і іншых знакаў зрабіў Ісус перад Сваімі вучнямі, пра якіх не напісана ў гэтай кнізе.
 
І шмат іншых знакоў зрабіў Ісус перад Сваімі вучнямі, якія не запісаны ў гэтай кнізе.

Гэта напісана, каб вы веравалі, што Ісус — Хрыстос, Сын Божы, і каб, веруючы, мелі жыццё ў Яго імя.
 
Гэта-ж напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і каб веруючы мелі жыцьцё ў імя Яго.