Яна 9 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
І, прахо́дзячы, убачыў Ён чалавека сляпога ад нараджэ́ння.
І праходзячы Езус угледзеў чалавека сьляпога ад нараджэньня.
І спыта́ліся ў Яго вучні Яго, ка́жучы: Раввí! хто саграшы́ў: ён ці бацькí яго, што ён сляпы́м нарадзíўся?
І спыталіся ў яго вучні ягоны: Раббі, хто саграшыў, ён, ці бацькі ягоны, што сьляпым нарадзіўся?
Адказаў Іісус: ні ён не саграшы́ў, ні бацькí яго, але гэта дзеля таго, каб вы́явіліся дзе́і Божыя на ім;
Адказаў Езус: Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоны, але каб выявіліся ў ім чыны Божыя.
Мне нале́жыць рабіць спра́вы Таго, Хто пасла́ў Мяне, пакуль яшчэ дзень; надыхо́дзіць ноч, калі ніхто не можа дзе́йнічаць;
Мне трэба чыніць чыны таго, каторы паслаў мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто ня можа чыніць.
паку́ль Я ў све́це, Я святло́ све́ту.
Пакуль я на сьвеце, я ёсьць сьвятло сьвету.
Сказа́ўшы гэта, Ён плю́нуў на зямлю́ і зрабіў глей са слíны, і пама́заў гле́ем вочы сляпому,
Сказаўшы гэтае, ён плюнуў на зямлю і зрабіў з сьліны балота і памазаў балотам вочы ягоны
і сказаў яму: ідзі, умы́йся ў купа́льні Сілаа́м (што азначае: Пасла́ны). Той пайшоў і ўмы́ўся, і прыйшоў віду́шчым.
і сказаў яму: ідзі, умыйся ў саджалцы Сілоэ (што тлумачыцца «Пасланы»). Дык ён пайшоў і ўмыўся, і прыйшоў відзючы.
Суседзі ж і тыя, хто бачыў яго ране́й, што ён быў сляпы́, гаварылі: ці не той гэта, які сядзеў і жабрава́ў?
Дык суседзі і тыя, што яго перад тым бачылі, што быў жабраком, казалі: Ці ня той гэта, што сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Што гэта той;
Адны казалі: гэта ён. А другія: падо́бны да яго. Ён жа казаў: гэта я.
а другія: Не, але да яго падобны. Ён-жа казаў: што гэта я.
Тады казалі яму: як у цябе адкры́ліся вочы?
Дык казалі яму: як-жа адчыніліся табе вочы?
І сказаў ён у адказ: Чалавек, Якога завуць Іісус, зрабіў глей, пама́заў вочы мае́ і сказаў мне: «ідзі ў купа́льню Сілаа́м і ўмы́йся». Я пайшоў, умы́ўся і стаў бачыць.
Ён адказаў: Той чалавек, каторы завецца Езус, зрабіў балота і памазаў мае вочы і сказаў мне: «ідзі да саджалкі Сілоэ і ўмыйся». І я пайшоў, і ўмыўся, і віджу.
Тады сказалі яму: дзе Ён? Той кажа: не ведаю.
І сказалі яму: Дзе ён? Сказаў: ня ведаю.
Вядуць яго да фарысеяў, таго былога сляпца́.
Прывялі таго, што быў сьляпым, да фарызэяў.
А была́ субота, калі Іісус зрабіў глей і адкрыў яму вочы.
А была субота, калі Езус зрабіў балота і адчыніў вочы ягоны.
Таксама пыта́ліся ў яго і фарысеі, я́к ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: глей паклаў Ён на вочы мае́, і я ўмыўся, і бачу.
Дык ізноў пыталіся ў яго фарызэі, як стаў відзець? Ён-жа сказаў ім: Балота палажыў мне на вочы, і я ўмыўся, і віджу.
Гаварылі тады некаторыя з фарысеяў: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не прытры́мліваецца суботы. Іншыя казалі: я́к можа чалавек грэ́шны такія цу́ды рабіць? І была́ нязго́да паміж імі.
Дык казалі некаторыя з фарызэяў: Не ад Бога гэты чалавек, што не захоўвае суботы. Другія-ж казалі: Як можа чалавек грэшны чыніць гэтыя знакі? І была спрэчка паміж імі.
Кажуць сляпому зноў: а ты што ска́жаш пра Яго, бо Ён адкры́ў твае вочы? І той сказаў: гэта прарок.
Дык сказалі ізноў сьляпому: Ты што кажаш аб тым, што адчыніў твае вочы? Ён-жа сказаў: Што гэта прарок.
Не паве́рылі аднак Іудзеі ў тое, што ён быў сляпы́ і стаў ба́чыць, паку́ль не паклíкалі бацько́ў таго, хто стаў ба́чыць,
Дык ня верылі жыды аб ім, што ён быў сьляпы і стаў відзець, пакуль не паклікалі бацькоў таго, што стаў відзець,
і спыталіся ў іх, ка́жучы: гэта сын ваш, пра якога вы ка́жаце, што ён нарадзíўся сляпы́м? як жа ён цяпер бачыць?
і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, аб каторым вы кажаце, што сьляпым нарадзіўся? Дык як-жа цяпер відзіць?
У адказ ім бацькí яго сказалі: мы ведаем, што гэта сын наш, і што ён сляпым нарадзíўся;
Адказалі ім бацькі ягоны і сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што сьляпым нарадзіўся;
а як ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; сам ён дарослы, у яго спыта́йцеся; сам пра сябе́ няхай скажа.
але як цяпер відзець, ня ведаем; або хто адчыніў вочы ягоны, мы ня ведаем. У самога пытайце, ён мае гады, няхай сам аб сабе гаворыць.
Так сказалі бацькí яго, таму што бая́ліся Іудзеяў, бо Іудзеі ўжо змо́віліся, каб таго, хто прызна́е Яго за Хрыста, адлучы́ць ад сінагогі;
Гэта сказалі бацькі ягоны, бо баяліся жыдоў; бо жыды ўжо былі змовіўшыся, што калі-б хто прызнаў яго за Хрыста, каб быў вылучаны з бажніцы.
таму бацькí яго і сказалі: ён даро́слы, у яго спыта́йцеся.
Дзеля гэтага бацькі ягоны сказалі: што мае гады, у самога пытайце.
І вось паклíкалі другі раз чалавека, што быў сляпы́м, і сказалі яму: узнясí славу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той грэ́шны.
Дык паклікалі ізноў таго чалавека, што быў сьляпым, і сказалі яму: Дай славу Богу. Мы ведаем, што той чалавек ёсьць грэшны.
Ён жа ў адказ ім сказаў: ці грэшны Ён, не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу.
Ён-жа сказаў ім: Ці ён грэшны, ня ведаю; адно ведаю, што я быў сьляпы, цяпер віджу.
І сказалі яму зноў: што́ Ён зрабіў табе? я́к Ён адкрыў твае вочы?
Дык сказалі яму: Што ён табе зрабіў? Як адчыніў табе вочы?
Той адказаў ім: я сказаў вам ужо, і вы не слу́халі; што́ яшчэ хо́чаце пачуць? хіба́ і вы хо́чаце стаць Яго вучнямі?
Адказаў ім: Я вам ужо сказаў і вы чулі, нашто ізноў хочаце чуць? Ці і вы хочаце стацца ягонымі вучнямі?
Яны ж зга́нілі яго, ка́жучы: гэта ты вучань Яго, а мы Маісе́евы вучні;
Яны-ж злаялі яго і сказалі: Ты будзь ягоным вучнем, а мы вучні Майсея.
мы ведаем, што з Маісе́ем гаварыў Бог; а пра Яго не ведаем, адкуль Ён.
Мы ведаем, што да Майсея гаварыў Бог, а гэтага ня ведаем, адкуль ён.
У адказ чалавек той сказаў ім: гэта і дзіўна, што вы не ве́даеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мае́ вочы;
Адказаў той чалавек і сказаў ім: Гэта бо дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль ён, а ён адчыніў вочы мае.
мы ж ведаем, што грэ́шнікаў Бог не слухае; а хто шану́е Бога і выко́нвае волю Яго, таго слу́хае;
А мы ведаем, што грэшных Бог ня слухае; але калі хто ёсьць паклоньнікам Божым і чыніць ягону волю, таго выслухоўвае.
адве́ку не чува́ць было́, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэ́ння;
Ад веку ня чуваць было, каб хто адчыніў вочы сьлепанароджанага.
калі б не быў Ён ад Бога, не мог бы нічога зрабіць.
Калі-б ён ня быў ад Бога, ня мог-бы нічога ўчыніць.
У адказ яны сказалі яму: у граха́х увесь ты нарадзíўся, і ты ву́чыш нас? І вы́гналі яго вон.
Яны адказалі і сказалі яму: У грахох ты ўвесь нарадзіўся і ты нас вучыш? І выкінулі яго проч.
Пачуў Іісус, што вы́гналі яго вон, і, знайшо́ўшы яго, сказаў яму: ты ве́руеш у Сы́на Божага?
Пачуў езус, што яго выкінулі проч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: Ты верыш у Сына Божага?
У адказ той сказаў: а хто Ён, Госпадзі, каб я ўве́раваў у Яго?
адказаў той і сказаў: Хто ён, Пане, каб мне верыць у яго?
Сказаў яму Іісус: і бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён.
І сказаў яму Езус: І бачыў ты таго, і той, што гаворыць з табою, гэта ён.
Ён жа сказаў: ве́рую, Госпадзі! І пакланíўся Яму.
Ён-жа сказаў: Веру, Пане. І ўпаўшы, пакланіўся яму.
І сказаў Іісус: на суд Я ў свет гэты прыйшоў, каб невіду́шчыя бачылі, а віду́шчыя сляпы́мі сталі.
І сказаў Езус: На суд я прыйшоў на гэты сьвет, каб тыя, што ня відзяць, відзелі, а тыя, што відзяць, сталіся сьляпымі.
І пачулі гэта некато́рыя з фарысеяў, што былí з Ім, і сказалі Яму: няўжо і мы сляпы́я?
І пачулі некаторыя з фарызэяў, якія былі з ім, і сказалі яму: Няўжо і мы сьляпыя?
Сказаў ім Іісус: калі б вы сляпы́я былí, то не ме́лі б граху́; але паколькі вы ка́жаце, што бачыце, то грэх ваш застае́цца.
Сказаў ім Езус: Калі-б вы былі сьляпыя, то ня мелі-б граху, але цяпер вы кажаце: «што відзім». Грэх ваш астаецца.